Сівіцкі: Ціск на перамовах у Маскве будзе максімальным

У Маскве разумеюць, у якім уразлівым становішчы сёння знаходзіцца беларускі кіраўнік. І гэта значыць, што ціск на яго падчас перамоў у Маскве будзе максімальным.


Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі пракаментаваў «Салідарнасці» мэты спецаперацыі «Пераварот» і парадак перамоў у Маскве.

Пра сігналы з Расіі

— Мне здаецца, што падсвятленне гэтай гісторыі пра «пераварот» за тыдзень да перамоў паміж Пуціным і Лукашэнкам 22 красавіка ў Маскве не з'яўляецца выпадковым. Галоўная мэта — аказаць псіхалагічны ціск на Аляксандра Лукашэнку і прымусіць яго пайсці на саступкі, шантажуючы падобнымі сцэнарамі.

Гэтая гісторыя — надзвычай дарэчы на фоне ўзмацнення жорсткасці ізаляцыі Мінска на міжнароднай арэне і звужэння калідора для якога-небудзь манеўру ў дачыненні да іншага цэнтра сілы — ці то гэта заходнія краіны, ці той жа Кітай.

Галоўная мэта гэтай аперацыі — паказаць, што ў цэлым, як палітычнае і фізічнае выжыванне Аляксандра Лукашэнкі цалкам залежыць ад волі Крамля, так і лёс Беларусі як дзяржавы залежыць ад пазіцыі Расіі.

Якая, у выпадку неабходнасці, можа не толькі правесці сцэнар змены рэжыму з дапамогай ваеннага перавароту, але і нават увесці войскі паводле нейкага крымскага ўзору ў адказ на нібыта спробы Захаду экспартаваць сюды «каляровую» рэвалюцыю.

Я б так апісаў тыя сігналы, якія фігуравалі і ў заявах расійскіх палітыкаў і СМІ, і якія прагучалі падчас паслання Уладзіміра Пуціна.

Як на маскоўскія сігналы рэагуе Мінск

— Увесь гэты час беларускія ўлады старанна спрабавалі падыграць афіцыйнай версіі, растыражаванай расійскімі спецслужбамі, — нібыта пра спробы заходніх краін зрабіць змену ўлады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам. Найперш — Польшчы, ЗША і Украіны.

Гэты інфармацыйны эфект павінен быў перабіць уражанне, што за арганізацыяй спробы перавароту стаіць расійскі бок, а затрыманыя паліткансультант Юрый Зянковіч і Аляксандр Фядута ездзілі на сустрэчу не з нейкімі міфічнымі беларускімі апазіцыйнымі генераламі, а з расійскімі сілавікамі.

У цяперашніх умовах Крэмль вырашыў змест гэтых перамоў зліць для ўзмацнення сваёй перамоўнай пазіцыі і аслабіць пазіцыю Лукашэнкі. Не кажучы ўжо пра тое, што ўскосным эфектам гэтай аперацыі стала дадатковае напружанне ў адносінах Мінска з Кіевам, Варшавай, Вільняй і Вашынгтонам.

На чым будзе настойваць Масква

— У цэлым парадак дня перамоў вядомы. Гэта вырашэнне гандлёва-эканамічных праблем, якія, у сваю чаргу, звязаныя з пераходам Беларусі на падатковае заканадаўства Расіі, за што наша краіна можа прэтэндаваць на вырашэнне пытанняў аб запуску адзіных рынкаў нафты, газу, нафтапрадуктаў і адзінай палітыкі ў галіне сельскай гаспадаркі і прамысловасці.

Парадак таксама ўключае пытанні транзіту ўлады. У тым ліку і праз канстытуцыйную рэформу і арганізацыю пэўнага круглага стала з удзелам палітычнай апазіцыі.

Дагэтуль Аляксандр Лукашэнка ўсяляк перашкаджаў гэтаму, разумеючы, што паглыбленне інтэграцыі па сцэнары, які Беларусі навязвала Масква, наўрад ці дазволіць вырашаць бягучыя эканамічныя праблемы, з якімі Мінск сутыкаецца на фоне скарачэння так званых інтэграцыйных субсідый з боку Расіі.

Якой глыбокай інтэграцыя ні была б, Мінск наўрад ці можа разлічваць на ўзровень падтрымкі, які ён атрымліваў да 2015 года. Гэтыя субсідыі абнуліліся да 2020-га, а да 2025-га яны і зусім у любой магчымай форме вычарпаюцца.

Зразумела, што Лукашэнка не збіраецца сыходзіць у адстаўку. Больш за тое, ён лічыць, што змог стабілізаваць палітычную сітуацыю з дапамогай прымянення сілы ўнутры краіны. І, адпаведна, з гэтага пункту гледжання ён стаў менш уразлівым перад патрабаваннямі Масквы пачаць працэс транзіту ўлады, выпусціць шэраг палітвязняў, у тым ліку галоўнага суперніка — Віктара Бабарыку, сесці за стол перамоў і г. д.

Трэцяе пытанне тычыцца ваенна-палітычнай інтэграцыі. Стварэння ваеннай базы або разгортвання пастаяннай ваеннай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі. Тут мы таксама бачым, што Мінск спрабуе лавіраваць.

Ён ідзе на задавальненне гэтай просьбы часткова. У выглядзе аднаўлення практыкі сумеснага патрулявання паветранай прасторы, як гэта было ў 2013 годзе. Або праз арганізацыю цэнтра баявой падрыхтоўкі.

Але, безумоўна, гэта не той фармат, які прасоўвае Расея. Назавём яго ўмоўна «армянскім». Гэта разгортванне расійскай ваеннай базы на тэрыторыі Беларусі і перападпарадкаванне Узброеных Сіл нашай краіны Аб'яднанаму стратэгічнаму камандаванню «Захад». Або Заходняй вайсковай акругі Расіі.

Пра сустрэчу з украінскім дэпутатам

— Гэтай сустрэчай Лукашэнка спрабаваў вырашыць адразу тры задачы. Першая звязаная са спробамі дамагчыся нейкага прызнання на міжнароднай арэне на фоне крызісу яго легітымнасці.

Другая задача — паспрабаваць выбрацца з пасткі, у які ён патрапіў у выніку аперацыі расійскіх спецслужб. Атрымаць некаторую выгаду — тут ён на словах спрабуе падыграць Уладзіміру Пуціну, каб прадэманстраваць геапалітычную лаяльнасць.

Трэцяя задача заключаецца ў тым, каб з дапамогай спекуляцый на балючых для Украіны пытаннях — такіх, як статус Крыма і інтэрпрэтацыя падзей на Данбасе, — прадэманстраваць Кіеву, што яму не варта ігнараваць пазіцыю Мінска і працягваць несяброўскую палітыку. Інакш Мінску давядзецца перагледзець сваю пазіцыю і салідарызавацца з пазіцыяй Расіі.

Гэта спроба размаўляць з паўднёвым суседам з пазіцыі сілы. Яна звязаная з тым, што Украіна сама дае глебу для такіх паводзін Лукашэнкі, вырашыўшы адмовіцца ад дыпламатычных паслуг Мінска ў арганізацыі перамоўнага працэсу трохбаковай групы АБСЕ.

Гэта спосаб паспрабаваць выгандляваць ва Украіны змену яе пазіцыі.

Мне здаецца, што ўсе тры задачы былі вырашаны вельмі непаспяхова. У выніку гэта толькі пагоршыла пазіцыі Лукашэнкі ў цэлым у вачах міжнароднай супольнасці і часткі беларускіх грамадзян. Таксама гэта прывяло да таго, што ў Маскве разумеюць, у якім уразлівым становішчы ён сёння знаходзіцца. І гэта значыць, што ціск на яго падчас перамоў у Маскве будзе максімальным.

Чаму санкцыі ЗША пачнуць дзейнічаць з лета

— Мне здаецца, што Злучаныя Штаты ствараюць для Аляксандра Лукашэнкі апошнюю магчымасць для вырашэння крызісу палітычна-дыпламатычнымі сродкамі. І па гэтай прычыне яны адклалі ўвядзенне санкцый (да пачатку чэрвеня. — Заўв. рэд.).

ЗША патрабуюць вызвалення ўсіх палітвязняў, прыпынення рэпрэсіўнай машыны і арганізацыі дыялогу з апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю па пытаннях вырашэння бягучага палітычнага крызісу і падрыхтоўкі транзіту ўлады або канстытуцыйнай рэформы, якая прадугледжвае правядзенне новых выбараў без удзелу Лукашэнкі.

Яму даецца час падумаць па той прычыне, што, у адрозненне ад санкцый папярэдніх гадоў, цяперашнія меры будуць значна больш балючымі.

Яны прадугледжваюць не толькі прымяненне першасных дзеянняў супраць канкрэтных прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу, але і маюць на ўвазе магчымасць другаснага прымянення.

Гэта значыць, у дачыненні да любых прадпрыемстваў з трэціх дзяржаў, якія будуць супрацоўнічаць з прадпрыемствамі з санкцыйнага спісу. Такім чынам, гэтыя санкцыі ператвараюцца ў глабальныя.

Як толькі яны будуць адноўленыя, наступным крокам з боку ЗША стане іх пашырэнне і ўзмацненне жорсткасці. Проста сёння ў Вашынгтоне актыўна абмяркоўваецца ўвядзенне санкцый супраць калійнай галіны Беларусі. З гэтага пункту гледжання Вашынгтон дае час афіцыйнаму Мінску паспрабаваць вырашыць палітычны крызіс з дапамогай дыпламатыі.

А паколькі ў ЗША няма іншых інструментаў уплыву на Беларусь, акрамя санкцыйнага ціску, ігнараванне Мінскам гэтага пасылу прывядзе да пастаяннага ўзмацнення жорсткасці санкцый.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: