Сівіцкі: Калі вясной сітуацыя абвострыцца, Крэмль паспрабуе адхіліць Лукашэнку ад улады

У Пуціна няма магчымасці чакаць сыходу Лукашэнкі яшчэ 5 гадоў, таму, хутчэй за ўсё, вясной Крэмль звернецца да больш жорсткіх дзеянняў у дачыненні да афіцыйнага Мінска.


Такое меркаванне выказаў у каментары «Беларускаму партызану» дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі.

У сераду адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі і Пуціна. Нібыта, размаўлялі яны па ковід і нейкія «міждзяржаўныя стасункі», але пра тое, ці абмяркоўвалі яны канстытуцыйную рэформу ў Беларусі, не паведамляецца. Між тым у нядаўнім у тэлеінтэрв’ю Лукашэнка заявіў, што праект рэформы можа быць гатовы да канца 2021 года.

З гэтай прычыны ўсё больш ходкім меркаваннем становіцца тое, што Маскву хоць і не задавальняе імітацыя і зацягванне тэрмінаў канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі, але яна паўплываць на Лукашэнку ці не можа, ці не хоча, баючыся непрадказальных для сябе наступстваў.

Як гэтую версію ацэньвае дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі?

— Мне здаецца, што Крэмль па-ранейшаму будзе настойваць на правядзенні канстытуцыйнай рэформы і хутчэйшым сыходзе Лукашэнкі з палітычнай сцэны Беларусі.

Гэта звязана з тым, што ў Крамля вельмі абмежаваныя рэсурсы, каб падтрымліваць Лукашэнку, пры тым, што вылучэнне гэтай падтрымкі не прыводзіць да стабілізацыі палітычнага становішча.

Хутчэй за ўсё, вясной мы можам убачыць новую хвалю масавых пратэстаў у Беларусі, якія з аднаго боку абумоўленыя інерцыяй палітычнага крызісу, які ўзнік пасля прэзідэнцкіх выбараў, а з другога — пагаршэннем сацыяльна-эканамічнага становішча.

Захаванне Лукашэнкі і яго сацыяльна-эканамічнай мадэлі прыводзіць да пастаянных крызісаў і нестабільнасці, што Маскву, безумоўна, не задавальняе.

Акрамя таго, любыя крызісы на постсавецкай прасторы адкрываюць магчымасці для знешніх гульцоў, перш за ўсё для Еўрасаюза і ЗША, па ўмяшанні і пашырэнні ўплыву.

Пакуль Расія змагла дамагчыся ад заходніх краін нейкіх гарантый неўмяшання ў беларускіх крызіс, але як доўга гэтыя гарантыі будуць дзейнічаць — невядома.

Таму ў Крамля няма часу чакаць яшчэ 5 гадоў, да канца Лукашэнкі. Крэмль хацеў бы менавіта цяпер скарыстацца магчымасцю і ўразлівасцю кіраўніка Беларусі, каб навязаць яму параметры канстытуцыйных зменаў у адпаведнасці са сваімі інтарэсамі.

А гэтыя інтарэсы звязаныя з захаваннем Беларусі ў сферы ўплыву Расіі, аптымізацыі выдаткаў (можа быць, нават значнай адмовай ад эканамічнай падтрымкі краіны) і дэцэнтралізацыяй улады тут праз рэформу, якая зрабіла бы беларускую палітычную сістэму больш адкрытай для ўплыву з боку Расіі.

У Крамлі мяркуюць, што ім не ўдалося прымусіць Лукашэнку да выканання сочынскіх дамоўленасцяў. Таму цяпер там знаходзяцца ў пошуку новых інструментаў прымусу.

Я не выключаю, што Масква разглядае у тым ліку досыць жорсткія падыходы.

Калі сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі вясной абвострыцца, то Расія будзе дзейнічаць досыць жорстка, каб канчаткова вывесці Лукашэнкі з палітычнай сцэны.

У адваротным выпадку існуе пагроза, што на гэтым палітычным полі паспрабуюць згуляць іншыя знешнія гульцы — ЗША на чале з адміністрацыяй новага прэзідэнта Байдэна і Еўрасаюз.

Таму думаю, што да вясны Масква вызначыцца з новымі падыходамі, і яны, хутчэй за ўсё, стануць значна больш жорсткімі, калі метады палітыка-дыпламатычнага ўздзеяння не спрацавалі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: