Сябра Каардынацыйнай рады Вольга Шпарага з'ехала з Беларусі

Філосаф, сябра Каардынацыйнай рады Вольга Шпарага з'ехала з Беларусі. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
— Мае дарагія! Я таксама на волі і ўжо ў Вільні. [Мне далі] яшчэ 12 сутак, даслалі на пошту пастанову да моманту майго выхаду. Прыйшлося тэрмінова і таемна разам з каханым мужам Аляксандрам Адамянцам з'ехаць — гэта ж можа і не скончыцца зусім. Дома я ў выніку таксама не пабывала <...>. Але маіх планаў гэта не мяняе: і справаздачу пра турму і сілу сястрынства, у тым ліку ў маіх малюнках, зробім, і кнігу нарэшце пачну пісаць аб нашай рэвалюцыі.

Вольгу Шпарагу затрымлівалі на маршы 4 кастрычніка і адпусцілі на наступны дзень да суда. Другі раз яна была затрыманая ў Мінску 9 кастрычніка. Яна была асуджаная па артыкуле 23.34 за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і адбывала гэты тэрмін у турме ў Жодзіна.

Вольга Шпарага нарадзілася ў Мінску ў 1974 годзе. Вучылася філасофіі ў БДУ і Рурскім універсітэце г. Бохума. Абараніла кандыдацкую дысертацыю ў 2001 годзе ў БДУ. З 2001 па 2014 г. выкладала ў ЕГУ, у Мінску і Вільні. У 2004 годзе запусціла разам з аднадумцамі сайт «Інтэлектуальнай супольнасці Беларусі», а ў 2006-м — інтэрнэт-часопіс «Новая Еўропа», рэдактарам якога была да 2014 года. У 2014-м удзельнічала ў запуску праекта нефармальнай адукацыі ECLAB, у якім кіруе напрамкам «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка».

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: