Сядзіба БНФ просіць дапамогі ў вязняў Плошчы — 2010

Восем гадоў таму, ў снежні 2010 года, Сядзіба БНФ дапамагла сотням арыштаваных – офіс БНФ стаў цэнтрам збору рэчаў і грошаў для пацярпелых за Плошчу-2010. Цяпер Сядзібе БНФ самой патрэбная дапамога.
19 снежня 2010 года тысячы беларусаў выйшлі на Плошчу з патрабаваннем свабодных выбараў, супраць дыктатуры і за чалавечую годнасць. Антыдэмакратычны рэжым кінуў супраць мірных дэманстрантаў сілы спецаддзелаў міліцыі і ўнутраных войскаў, тысячы людзей былі збітыя, сотні былі затрыманыя, кінутыя за краты на Акрэсціна і ў вязніцу КДБ.

Адразу ж пасля 19 снежня Сядзіба БНФ, якая на той час месцілася на вул. Варвашэні (прасп. Машэрава), зрабілася асноўным цэнтрам збору дапамогі для арыштаваных. Менавіта тут сябры БНФ ды іншыя грамадскія актывісты збіралі звесткі пра зняволеных, арганізоўвалі збор і дастаўку рэчавых перадачаў арыштаваным на Акрэсціна, сустракалі вызваленых, дапамагалі ім і іх сем’ям інфармацыяй і падтрымкай.

У першыя ж дні пасля пачатку той акцыі салідарнасці ўлады паведамілі пра скасаванне дамовы арэнды Сядзбы БНФ на Машэрава 8: гэта была помста за народную салідарнасць. Але пагроза не спыніла акцыю – і збор дапамогі быў працягнуты нягледзчы на пачатак высялення з той старой Сядзібы.

Дзякуючы народнай падтрымцы пасля высялення з Машэрава-Варвашэні Сядзіба аднавіла працу па новым адрасе – ад 2011 года яна месціцца на вул. Чарнышэўскага, 3. У адрозненне ад праўладных партыяў, Сядзіба БНФ не мае ані ільготных ставак арэнды (якія ўлады далі «Белай Русі» і кішэннай кампартыі), ані мільённых датацыяў з бюджэту (якія ўлады далі БРСМ). Кошт арэнды памяшкання, дзе месцяцца шэсць фронтаўскіх арганізацый, складае больш за 2200 рублёў на месяц.

Штогод дзясяткі арганізацый ладзяць у цяперашняй Сядзібе культурніцкія, моладзевыя, дабрачынныя імпрэзы, канцэрты (у тым ліку тых творцаў, якія трапляюць у «чорныя спісы»), выставы, прэс-канферэнцыі, з’езды дэмакратычных рухаў. У час узмацнення рэпрэсій Сядзіба робіцца адзіным месцам, дзе грамадскасць можа вольна праводзіць свае імпрэзы.

У сувязі з недахопам ахвяраванняў на канец 2018 года ўтварылася запазычанасць па арэндзе. Цягам лістападу атрымалася сабраць палову ад неабходнай сумы, аднак калі да канца года не будзе сабрана яшчэ 14 тысяч рублёў — Сядзіба БНФ можа ізноўку пазбавіцца памяшкання.

Восем гадоў таму збор грошаў і рэчаў на Сядзібе БНФ дапамог сотням людзей — цяпер дапамога патрэбная самой Сядзібе.

Будынак Сядзібы БНФ цяпер ёсць адзіным месцам у сталіцы Беларусі, дзе лунае нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.

Сядзіба заклікае ўсіх беларусаў дапамагчы грашовымі ахвяраваннямі на працяг арэнды памяшкання і ліквідацыю наяўных запазычанасцяў. Пералічаць сродкі для аплаты можа любы грамадзянін Беларусі. Зрабіць гэта можна праз АРІП.

Ахвяраванні для аплаты Сядзібы можна пералічаць і наўпрост на банкаўскі рахунак Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне»

Рэквізіты:

ААТ “Банк БелВЭБ” г. Мінск Мінскае аддзяленне №2

BIC SWIFT: BELBBY2X

IBAN: BY70BELB30151001470040226000

УНП: 100052236

У графе «прызначэнне плацяжу» просяць пазначыць: «бязвыплатны ўзнос на аплату арэнды памяшкання», альбо «дабрачынны ўнёсак».

Таксама ахвяраванні на арэнду Сядзібы можна зрабіць наяўнымі грашыма ў Сядзібе БНФ (Мінск, вул. Чарнышэўскага, 3), у тым ліку ананімна ў скарбонку для ахвяраванняў.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!