Сяргей Нікалюк: Апазіцыя ў парламенце — вымушаная саступка

Палітолаг Сяргей Нікалюк даў сваю ацэнку парламенцкім выбарам у Беларусі і прадстаўніцтву апазіцыі ў заканадаўчай уладзе.


— Тое, што ў парламенце з’явіцца некалькі прадстаўнікоў ад апазіцыі, для мяне аказалася нечаканым, — адзначыў Сяргей Нікалюк. — Нечаканым у тым плане, што я недаацаніў ступень заклапочанасці ўлады той эканамічнай сітуацыяй, што склалася ў краіне. І гэтая заклапочанасць штурхае ўладу да нейкіх нестандартных учынкаў насустрач патрабаванням Захаду.

Вы лічыце, што Анісім і Канапацкая патрапілі ў парламент не выпадкова?

— На мой погляд, гэта не было вынікам рэальнага галасавання, бо ўлада ў нас любыя мерапрыемствы праводзіць, як спецаперацыю. Яна да іх вельмі добра рыхтуецца і ў стане адабраць для сябе 110 дэпутатаў. Ва ўчастковых камісіях працуюць каля 70 тысяч чалавек, і амаль ніколі не здараецца «праколаў», іх нават адбіраюць па дакладна прадуманай праграме. Таму, маё асабістае меркаванне, што Канапацкая з Анісім — прадуманы крок уладаў. Не выключана, што ён узгоднены з Захадам, хаця тут таксама можна толькі прагназаваць. Па вялікім рахунку, гэтая сітуацыя рэальна нічога не змяняе. Яна проста адлюстроўвае нейкі агульны трэнд на тое, што эканоміка ў крызісе і не бачна прычын, па якіх яна пачне падымацца з кален. Гэты трэнд і ў далейшым будзе вызначаць дзеянні афіцыйнага Менску, якія той будзе прымаць.

Але ж, напэўна, добра, што апазіцыя хоць такім чынам будзе прадстаўлена ў заканадаўчай ўладзе.

— Практычнага значэння гэта мець не будзе. Прадстаўнікі апазіцыі ў парламенце проста сталі індыкатарамі тых працэсаў, што адбываюцца сёння ў Беларусі. Гэта саступка з боку ўладаў, але вымушаная саступка, якая тлумачыцца цэлым шэрагам аб’ектыўных прычын. Беларуская эканамічная мадэль губляе канкурэнтаздольнасць, і ўлада вымушана хоць нешта рабіць. І ў гэтым сутнасць новай сітуацыі. Улада выпрацоўвае новы алгарытм дзеянняў, бо яшчэ пяць гадоў назад тая ж Канапацкая ці Анісім ніколі б не патрапілі б у парламент. Іншая справа, як павядуць сябе самі жанчыны ў парламенце. Я ведаю, напрыклад, што бацька адной з іх — нейкі буйны бізнесмен. А значыцца, яе магчымасці для дастаткова радыкальнай актыўнасці абмежаваныя. Не выключана, што менавіта таму яна і патрапіла ў парламент. Ні для каго не сакрэт, што ўладам патрэбныя кіруемыя людзі.



Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-09-14 00:23:33
Цудоўны "палітолаг" - выпускнік хімфаку... "НЧ", прадаўжайце збіраць меркаванні асоб, для якіх уключэнне ў ПП-2016 альтэрнатывы "аказалася нечаканым", далёка паедзеце.

Больш цікавага на «Новым Часе»: