Сяргея Ціханоўскага аштрафавалі за парушэнне ПДР

27 траўня на пікеце ў Магілёве блогер Сяргей Ціханоўскі выйшаў на праежджую частку, — сцвярджаецца ў пратаколе ДПС. Свабода піша пра тое, як чарговы раз судзілі блогера, які знаходзіцца ў СІЗА.
27 ліпеня адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы блогера Сяргея Ціханоўскага за парушэнне правілаў дарожнага руху для пешаходаў (па артыкуле 18.23 КаАП). Па выніках суда Сяргея Ціханоўскага аштрафавалі на 81 рубель за парушэнне ПДР для мінакоў.

Паводле адвакаткі Наталлі Мацкевіч, якая абараняла Ціханоўскага, ён віны не прызнаў, пастанова будзе абскарджаная.

«Сяргей выглядае нармальна, перадаваў прывітанне жонцы, дзякаваў за падтрымку», — сказала адвакатка.

Пратакол ДАІ разглядалі ў СІЗА на Валадарскага. У разглядзе браў удзел супрацоўнік ДАІ, імя якога адвакатка не назвала.

Да пачатку суда дзясяткі людзей прыйшлі да будынка ўпраўлення ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, дзе, як чакалася, меўся адбыцца разгляд справы, каб падтрымаць Сяргея Ціханоўскага.

Калі з'явілася жонка блогера Святлана Ціханоўская, кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі, разам з адвакатамі Наталляй і Віктарам Мацкевічамі, адзін з супрацоўнікаў ДАІ паведаміў адвакатам, што разгляд справы адбываецца ў СІЗА на Валадарскага.

Адвакаты Ціханоўскага паехалі ў следчы ізалятар №1, дзе знаходзіцца Сяргей. Да будынка СІЗА прыехала і Святлана Ціханоўская.

«Падтрымка людзьмі Сяргея пераключылася на мяне, і яна каласальная», — сказала карэспандэнту Свабоды Святлана Ціханоўская.

Яна назвала чарговы суд над яе мужам «прадстаўленнем» і абурылася дзеяннямі міліцыі. Паводле Ціханоўскай, яе мужу раней перадалі на «Валадарку» новы тэлевізар, але потым ёй сказалі, што тэлевізар няспраўны.

«Цяпер мусім адвезці яго ў краму на праверку, хоць я перакананая, што тэлевізар быў спраўны. Гэта ўсё рэчы з аднаго шэрагу, каб ускладніць ягонае жыццё ў турме», — сказала Ціханоўская.

Па яе звестках, Сяргею Ціханоўскаму перадалі ў СІЗА больш за сотню лістоў, напісаных людзьмі ў яго падтрымку, але гэта толькі малая частка таго, што яму пішуць.

«Мяркую, тут кожны дзень машынамі мусяць прывозіць лісты», — сказала Сьвятлана.

Сёння яна атрымала паведамленне з Маскоўскага раённага суда, што чарговы суд па скарзе Ціханоўскага на дзеянні кіраўніцтва Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна прызначаны на 4 жніўня, час — 10.20.

Паводле Алега Груздзіловіча, svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: