Сяргей Нікалюк: Не вучыце нас жыць, лепш дапамажыце матэрыяльна

Палітолаг Сяргей Нікалюк распавядае "Радыё Рацыя", што можа даць Беларусі прыезд у Менск міністраў “Усходняга партнёрства”.



29 чэрвеня ў беларускай сталіцы пад старшынствам Беларусі праходзіць пяты раўнд нефармальнага дыялогу на ўзроўні міністраў шасці краін “Усходняга партнёрства”.

Акрамя таго, у сустрэчы прымуць удзел еўракамісар па Еўрапейскай палітыцы і перамовах аб пашырэнні Яханес Хан і еўракамісар па навакольнаму асяроддзю, марской палітыцы і рыбалоўству Карменю Вела. Плануецца, што Яханес Хан таксама прыме ўдзел у мерапрыемстве з удзелам кіраўнікоў МЗС краін “Усходняга партнёрства”.

— Калі казаць пра знешнюю палітыку, то беларуская ўлада сёння знаходзіцца ў прамой залежнасці ад Масквы, — адзначае Сяргей Нікалюк. — Сёння статыстыка сведчыць, што падзенне УВП у Расіі ў адносінах да сакавіка склала 4,9 адсоткі. Казаць пра ўплыў расійскай эканомікі на беларускую таксама не даводзіцца — усім усё відавочна. Таму афіцыйны Мінск усе гэтыя “крымнашаўскія” падзеі, думаю, не вітае, бо гэта паскарае праблемы ў расійскай эканоміцы, што катастрафічна адбіваецца і на беларускай. Адсюль і спробы ствараць нейкую альтэрнатыву — пачынаючы ад знешнепалітычнай. Такой, як дыверсіфікацыя рынкаў. Таму і ідуць рухі ў бок Захаду. Яны, безумоўна, будуць працягвацца, магчыма, з цягам часу могуць з’явіцца і нейкія саступкі.

— На якія саступкі Захад можа разлічваць?

— Не выключаю, што гэта можа быць звязана і з палітзняволенымі, і з адменай нейкіх кропкавых ціскаў на грамадзянскую супольнасць. Але сама прырода ўлады змяніцца не можа, таму вялікіх пераменаў чакаць не варта. Меркаванні пра тое, што зараз Беларусь вагаецца паміж Расіяй і Захадам, — пустыя размовы. Краіна пры сённяшняй уладзе, па вялікаму рахунку, у Еўропу ісці не можа. Але агульны прынцып беларускай улады дастаткова добра сфармуляваны ў савецкім фільме “Масква слязам не верыць”. Там гераіня кіналенты кажа: “Не вучыце мяне жыць, лепш дапамажыце матэрыяльна”. Вось гэта для афіцыйнага Мінска — ідэальны тып адносінаў паміж Беларуссю і Захадам. Таму, паўтаруся, рухі ў бок Еўропы будуць працягвацца, але ніякіх прынцыповых зменаў унутры краіны не будзе. Іх і не можа быць, бо залежнасць ад Расіі не змяншаецца. А Крэмль такія рухі пракантралюе да пэўнай мяжы, бо даволі раўніва адносіцца да любых праяваў самастойнасці. Але словы з вуснаў беларускіх чыноўнікаў будуць гучаць неабходныя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: