Сёння ў Сочы пройдзе саміт АДКБ

Прэзідэнты Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана возьмуць удзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі (СКБ) Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), якая пройдзе сёння ў Сочы.



Пасяджэнне СКБ адбудзецца ў вузкім складзе і ў фармаце пленарнага пасяджэння, паведамляе сайт АДКБ. На абмеркаванне ўдзельнікаў саміта плануецца вынесці некалькі пытанняў, якія тычацца "развіцця сілавой складаючай з улікам сітуацыі ў свеце".


Чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў разгледзяць рашэнні адносна стварэння авіяцыйных сіл АДКБ і кіравання калектыўнымі сіламі арганізацыі. Акрамя таго, прэзідэнты абмяркуюць сітуацыю на таджыкска-афганскай мяжы і прапановы па павышэнні эфектыўнасці яе аховы. 


"Сітуацыя, якая складваецца на мяжы і ў цэлым у афганскім прыграніччы, а таксама тэндэнцыі развіцця абстаноўкі, застаюцца дастаткова негатыўнымі. Прэзідэнты разгледзяць пытанне аб аказанні ваенна-тэхнічнай дапамогі памежнікам Таджыкістана", — паведамляе сайт АДКБ. Будзе заслухана інфармацыя аб ходзе выканання рашэнняў сесіі СКБ, якая праходзіла ў снежні 2012 года, і рэалізацыі дамоўленасцей нефармальнага саміта АДКБ, што адбыўся ў маі гэтага года ў Бішкеку.


Прадстаўнікі Расіі, да якой у 2014 годзе пяройдзе старшынства ў АДКБ ад Кыргызстана, праінфармуюць удзельнікаў сустрэчы аб сваіх прыярытэтных кірунках дзейнасці арганізацыі. Чакаецца выступленне па гэтым пытанні прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. 


У канцы мінулага тыдня памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў паведаміў журналістам, што на саміце ў Сочы таксама можа быць прынята сумесная заява па сітуацыі ў Сірыі. "Сірыя будзе абмеркавана, гэта натуральна, калі будзе дасягнута дамоўленасць аб тым, каб выказаць калектыўнае меркаванне, то такая заява будзе прынята", — сказаў Ушакоў. 


З заявай па Сірыі 13 верасня выступілі ў Бішкеку лідары краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, у якую ўваходзяць некаторыя краіны АДКБ, у тым ліку Расія і Казахстан. Усяго ў парадку дня саміта значыцца больш чым дзесяць пытанняў. Па выніках сустрэчы плануецца прыняць камюніке. 


Напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у Сочы адбудзецца сумеснае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі АДКБ. Ухваленыя на ім дакументы будуць прадстаўлены на подпіс прэзідэнтам. Напярэдадні адкрыцця саміта прэс-служба прэзідэнта Беларусі афіцыйна пацвердзіла ўдзел у ім Аляксандра Лукашэнкі. 
 

"У 2013 годзе ўзаемадзеянне Беларусі з АДКБ ажыццяўлялася па розных кірунках, у тым ліку ў палітычнай, ваеннай сферах, ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, процідзеянні новым выклікам і пагрозам, — гаворыцца ў паведамленні прэзідэнцкай прэс-службы. — У рамках беларуска-расійскіх стратэгічных вучэнняў "Захад-2013" на тэрыторыі Беларусі праходзяць сумесныя вучэнні з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання АДКБ "Узаемадзеянне-2013".


Як паведамлялася раней, у рамках саміта Аляксандр Лукашэнка можа правесці двухбаковыя сустрэчы са сваімі калегамі. Разам з тым пакуль невядома, ці абдузецца яго асобная сустрэча з Уладзімірам Пуціным. 18 верасня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў журналістам: у Крамлі разлічваюць, што на палях саміта АДКБ Уладзімір Пуцін сустрэнецца са сваім беларускім калегам. Аднак 20 верасня памочнік Пуціна Юрый Ушакоў заявіў, што асобнай двухбаковай сустрэчы прэзідэнтаў Расіі і Беларусі ў рамках саміта ў Сочы не плануецца. "Пакуль двухбаковай сустрэчы ў Сочы не плануецца, але лідары будуць сустракацца ў вузкім складзе. Не выключаны і асобныя кантакты ў ходзе пратакольнага мерапрыемства", — сказаў ён.
 

У той жа дзень Ушакоў заявіў, што Крэмль чакае хуткай выдачы арыштаванага ў Мінску гендырэктара "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера. "Чакаем, што гэтага расійскага грамадзяніна перададуць Расіі. Гэты працэс крыху зацягваецца. Учарашнія словы прэзідэнта Беларусі дазваляюць спадзявацца, што гэтае пытанне будзе найбліжэйшым часам вырашана", — сказаў ён.


19 верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не выключае магчымасці экстрадыцыі Уладзіслава Баўмгертнера ў Расію для правядзення следчых дзеянняў. Некаторыя палітолагі звязваюць няпэўнасць з двухбаковай сустрэчай Лукашэнкі і Пуціна з калійным канфліктам паміж Беларуссю і Расіяй. "Усе гэтыя манеўры аб магчымасці сустрэчы звязаныя з пытаннем аб тым, калі вызваляць Баўмгертнера. Для Расіі прынцыпова важна, каб Баўмгертнер быў вызвалены да сустрэчы", — заявіў у каментарыі БелаПАН беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч. На думку палітолага, калі Баўмгертнер застанецца ў турме, а Пуцін сустрэнецца з Лукашэнкам, гэта будзе азначаць псіхалагічную перамогу Мінска над Масквой: "Маўляў, я аб'явіў вайну і ўпэўнена вяду яе да пераможнага канца, мы сустракаемся з Пуціным, а Баўмгертнер усё яшчэ ў турме". Пры гэтым палітолаг не выключае, што двухбаковая сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расіі ў Сочы адбудзецца, нават калі Баўмгертнера не вызваляць.
 
 
БелаПАН.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: