«Сёння ідзе глабальная сусветная вайна»

Лукашэнка заклікаў беларускіх навукоўцаў распрацоўваць сацыяльныя тэхналогіі для кансалідацыі грамадства і выхавання патрыятызму.
 
Илюстрацыя да рамана Дж.Оруэла"1984"

Илюстрацыя да рамана Дж.Оруэла"1984"


"Сёння ствараюцца рэцэпты кіравання свядомасцю людзей. Гэтыя тэхналогіі дзейнічаюць і звонку краіны, у асноўным праз сродкі масавай інфармацыі і інтэрнэт, не заўсёды на карысць Беларусі", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 снежня на II з'ездзе вучоных Беларусі.

Паводле яго слоў, "трэба навучыцца супрацьстаяць негатыўным тэндэнцыям у гэтай сферы". "Варта распрацоўваць уласныя сацыяльныя тэхналогіі, выкарыстоўваючы іх для кансалідацыі грамадства, выхавання патрыятызму, стымулявання творчай ініцыятывы людзей на ўсіх узроўнях. Адна з актуальных задач, якія стаяць перад гуманітарыямі, — навучыцца прадбачыць актуальныя праблемы і працэсы развіцця грамадства, дапамагаць дзяржаве знаходзіць адэкватныя адказы на новыя выклікі сучаснасці", — сказаў Лукашэнка.

Сёння, адзначыў ён, СМІ і інтэрнэт напоўнены "меркаваннямі розных псеўдааналітыкаў, якія спрабуюць разбурыць стабільнасць і спакой у нашым грамадстве, і не толькі ў нашым". "Сёння ідзе глабальная сусветная вайна, але яна ідзе новымі метадамі, і перш за ўсё ў сродках масавай інфармацыі. І вы — сведкі гэтага. І гэтая вайна, якая сёння вядзецца праз СМІ, практычна дэзарыентуе грамадства. Мы таксама па многіх кірунках дэзарыентаваныя, па многіх вострых праблемах жыцця нашай планеты мы дэзарыентаваныя", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

"Мы няправільна, неадэкватна ацэньваем тое, што адбываецца ў самых гарачых кропках планеты па самых гарачых напрамках, таму што сродкі масавай інфармацыі, асабліва моцныя дзяржавы, выкарыстоўваюць для дэзарыентацыі і свайго грамадства, і, на жаль, нашага", — дадаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у Беларусі не забаронены ніякія СМІ, у тым ліку электронныя, інтэрнэт і гэтак далей. "Яны прастрэльваюць нашу краіну наскрозь. Я не буду называць прыклады, каб потым гэта не стала галоўнай падзеяй нашага з'езда, як гэта ўмеюць зрабіць у СМІ. Вы самі ведаеце, пра што ідзе гаворка, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Неабходна, каб у адказ гучна і выразна гучаў голас аўтарытэтнага вучонага-дзяржаўніка. Колькі з тых тысяч нашых навукоўцаў-дзяржаўнікаў ведае народ? Дзе яны, гэтыя навукоўцы-патрыёты, якія павінны абараніць дзяржаву ў гэтай інфармацыйнай вайне?"

Паводле слоў Лукашэнкі, "часам скардзяцца журналісты, што і навукоўца, і буйнога работніка вытворчасці ў тэлевізар вельмі складана ўцягнуць". "Гэта што — нармальны падыход? Гэта ваша праца сёння. Гэта вы павінны ісці на гэты фронт, каб не было фронту іншага", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН


Каментаваць