Слаўгарадскі юрыст і мінскі ахоўнік заснавалі прарасійскую арганізацыю

Ад пачатку новага года былы актывіст апазіцыі Арцём Агафонаў на расійскіх рэсурсах кшталту «Рэгнума» стаў падпісвацца сустаршынёй аргкамітэта руху «Грамадзянская згода».

Арцём Агафонаў. Фота з facebook.com.

Арцём Агафонаў нарадзіўся ў 1976 годзе ў горадзе Зайсан на казахстанска-кітайскай мяжы. Ад 1996 года жыве ў Беларусі, у Слаўгарадзе Магілёўскай вобласці. Ад 2005 года быў актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, нават узначальваў Мінскую абласную арганізацыю, уваходзіў у каманду Яраслава Раманчука. Пералом у Агафонава адбыўся пасля падзей у Крыме і ўсходзе Украіны, калі ён падтрымаў расійскую агрэсію.

Агафонаў быў тым, хто напісаў скаргу на кіроўцы бел-чырвона-белага аўтобуса, які вазіў у Слуцк ахвотных ушанаваць памяць Слуцкіх паўстанцаў. Цяпер акцэнты барацьбы Агафонаў змяніліся з уладаў на нацыяналістаў.

Чытайце таксама: Топ–7 апазіцыянераў, якія сталі прыхільнікамі «рускага свету» 

«Мой рускі свет — ува мне. Ён прыйшоў туды з калыханкі, якую мама спявала на рускай мове, з любоўю да роднай прыроды, з разуменнем сябе спадчыннікам рускай культуры і рускай цывілізацыі, якія я і маё пакаленне павінны развіць і перадаць нашчадкам», — так піша Агафонаў.

Ён паўтарае мантру расійскай прапаганды, што Беларусь не выжыве без падтрымкі Расіі, а ў Еўропе мы нікому не патрэбныя.

Партнёрам Агафонава па стварэнні арганізацыі стаў Яўген Канстанцінаў. Ён вядомы мутнай шпіёнскай гісторыяй з наваполацкім слесарам Яўгенам Гайдуковым. Канстанцінаў узначальваў арганізацыю «Саюз маладых інтэлектуалаў», куды ўваходзіў і Гайдукоў, а працаваў ахоўнікам і рабочым на «Нафтане». Канстанцінава дапытвалі па справе Гайдукова. Апошнім часам вядома, што Канстанцінаў перайшоў на прарасійскія пазіцыі, а працаваў ахоўнікам у мінскім гандлёвым цэнтры «Еўропа».

Яўген Канстанцінаў. Фота з facebook.com.

«Мэтавая аўдыторыя — кансерватыўная рускамоўная большасць, якая не хоча дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне і абвастрэння міжнацыянальных супярэчнасцяў. Стаўленне да ўлады — незалежнае, аднак у рэзкай канфрантацыі не зацікаўленыя», — так піша пра мэты арганізацыі Агафонаў.

Пакуль што цяжка ацаніць, ці стаяць нейкія людзі яшчэ за гэтай арганізацыі, ці гэта ініцыятыва двух асобна ўзятых грамадзян. Таксама вынікае, што на дадзены момант Агафонаў—Канстанцінаў не маюць ніякай падтрымкі з Масквы, але разлічваюць на яе.

Таксама звяртае ўвагу, што свае першыя заявы ад імя новай арганізацыі актывісты робяць на расійскіх чарнасоценскіх сайтах, гэткі сігнал, на каго найперш разлічаная такая дзейнасць.

Паводле Нашай Нівы

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Віктар Малочка. Даўні знаёмы (ужо не) Агафонава!
  • 2017-02-05 12:31:37
«Мой рускі свет — ува мне. Ён прыйшоў туды з калыханкі, якую мама спявала на рускай мове, з любоўю да роднай прыроды, з разуменнем сябе спадчыннікам рускай культуры і рускай цывілізацыі," - Арцём! Нарадзіўся ты у Казахстане у 1976 годз, з 1996 года жывеш у Беларусі! Ведаю, што жыў у Любані, раённым цэнтры на Меншчыне.. Магу пагадзіцца, што маці з табой размаўляла на рускай мове...А родная прырода для цябе ДЗЕ?. Казахстан, Беларусь, СССР, Расейская імперыя ці нейкі міфічны "рускі мір"? Ці ты супраць незалежнай Беларусі, Незалежнага Казахстану? А на гэтых тэрыторыях ты бачыш толькі вялікую Расею? Заблытаўся ты, шаноўны!

Больш цікавага на «Новым Часе»: