Славенія афіцыйна адклікала сваю згоду на працу беларускага ганаровага консульства

У сакавіку гэтую тэму падчас кансультацый у Любляне падняў кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі.
Славенія афіцыйна адклікала сваю згоду на працу беларускага ганаровага консульства ў Любляне пад кіраўніцтвам Янэза Шкрабца.

У сакавіку гэтую тэму падчас кансультацый у Любляне падняў кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі. У траўні і сама Святлана Ціханоўская падчас рабочага візіту ў Славенію вярнулася да гэтага пытання.

Янэз Шкрабец быў ганаровым консулам Беларусі ў Славеніі з 2014 года. Яго кампанія Riko заключыла больш за 40 кантрактаў з найбуйнейшымі беларускімі дзяржпрадпрыемствамі на агульную суму больш за 310 млн. еўра. Славенскія СМІ не раз пісалі пра лабіяванне Янэзам інтарэсаў беларускага рэжыму, блакаванні санкцый ЕС з боку Славеніі і дапамогі ў вывадзе з-пад санкцый «кашалькоў Лукашэнкі». З лета 2020 года Шкрабец ні разу не выступіў з асуджэннем парушэнняў правоў беларусаў, пры гэтым працягваў заставацца ганаровым консулам Беларусі.

Цяпер Славенія адклікала сваю згоду на беларускае консульства ў Любляне. Дзярждэпартамэнт ЗША таксама ўзяў Янеза Шкрабца пад пільную ўвагу, у СМІ паведамляецца, што ён можа апынуцца ў спісе людзей, супраць якіх ЗША увядуць санкцыі.

Валерый Кавалеўскі: «Гэта сур'ёзны знак для ўсіх прадстаўнікоў рэжыму. Нельга прадстаўляць Беларусь, калі вы дзейнічаеце супраць саміх беларусаў. Справядлівасць і законнасць вернуцца ў нашу краіну, і гэта рашэнне — адзін з крокаў на гэтым шляху».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: