Улады ўжо прывялі беларускую мову на ГАЛГОФУ

Хочацца верыць, што сярод 110 дэпутатаў знойдуцца дзве-тры смелыя, цвёрдай нацыянальнай арыентацыі асобы, якія не пабаяцца даць бой неадпаведнай карэнным інтарэсам Бацькаўшчыны дзяржаўнай культурна-моўнай палітыцы...

Слова да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага склікання

Дэпутат! Хто ён такі? Вядома ж, чалавек свой, ці, як казаў Янка Купала, —«тутэйшы». Дэпутат ёсць тэрмін лацінскі, «deputatus» — «пасланы». То бок асоба, якая выбрана групай грамадзян у заканадаўчую і прадстаўнічую ўладу. У абавязак дэпутата ўваходзіць прадстаўляць інтарэсы грамадзян-выбарцаў ва ўладных структурах, абарона іх правоў, замацаваных у законах.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі павінен разумець, адчуваць розумам і сэрцам, што ён прадстаўнік усяго беларускага народа, а не толькі сваёй акругі. Пасланцы ў парламент павінны памятаць, што выбарцы дэлегавалі ім не толькі адчувальныя прывілеі, якія ў сацыяльным жыцці адрываюць іх ад народа, але і глыбока ўсведамляць гістарычную адказнасць за лёс Бацькаўшчыны.

Звярнуцца да дэпутатаў мы вырашылі, каб разам засяродзіць увагу на праблемах, што, не баімся памыліцца, уяўляюць сабой найстрашнейшую бяду для ўсёй беларускай нацыі. Гэта няўхільная страта ёю сваёй этнічнай ідэнтычнасці, што немінуча прывядзе нашу краіну і да страты дзяржаўнага суверэнітэту. Як ні парадаксальна, але ў гэтым трагізме больш за ўсё вінаватыя самі ўлады.

Леанід Лыч

Ужо не першы год мы з’яўляемся сведкамі, як на самым высокім дзяржаўным узроўні поўнай хадою ідзе разбурэнне нацыянальнай сістэмы адукацыі, правальваюцца ў непралазную багну нацыянальныя інстытуцыі, духоўныя каштоўнасці. Фактычна, беларускі народ цалкам ізаляваны ад сваіх нічым не заменных нацыянальных духоўных скарбаў: базавай для краіны роднай мовы і культуры, не абазнаны ў айчынай гісторыі. А гэта ж акурат і ёсць ахоўны купал над суверэннай Рэспублікай Беларусь.

Калі не заўтра, а ўжо сёння не спыніць гэтую накінутую беларускаму народу нацыянальную катастрофу, дык вось-вось краіне стануць непатрэбнымі ні яе прэзідэнт, ні яе ўсіх катэгорый дэпутаты. Не заўважаць і не разумець гэтага, а тым больш не рабіць ніякіх дзейсных выратавальных захадаў, прабачце, ёсць нішто іншае, як нацыянальная здрада.

Шаноўныя абраннікі народа! Не дапусціце, каб вы сталі маўклівымі, бяздзейнымі сведкамі этнічнага вымірання дзяржаўнага народа краіны — беларусаў, паказвайце сваім выбарцам, што вы самавітыя, годныя і здольныя спыніць культурную, духоўную дэградацыю беларусаў з-за ўпартага навязвання ім чужых культурна-моўных стандартаў. Спыніце «мірную» спробу адабраць у беларусаў права на сваю нацыянальна-моўную культуру і дзяржаўны суверэнітэт. Акіян сусветнай культуры жывіцца рэкамі і рачулкамі нацыянальных культур. Дык ці ж не павінна ў яго ўпадаць і адметная, непаўторная беларускамоўная культура?

У нас вельмі многа і няспынна вядзецца гаворка пра эканамічнае становішча. І яно таго заслугоўвае. Але час зразумець: пакуль наша краіна будзе карумпаваная, асабліва ў самых высокіх уладных структурах, пакуль у ёй будзе самая высокая ў свеце ўдзельная вага дзяржаўных чыноўнікаў, супрацоўнікаў спецслужбаў у агульнай колькасці насельніцтва, пакуль вялізныя сумы бюджэтных сродкаў будуць выдаткоўвацца на задавальненне прагных да роскашы занятых у гэтых структурах людзей, Беларусі не быць дзяржавай сацыяльнай накіраванасці. Вось чаму, як веснавы снег, стабільна з года ў год растаюць, не выконваюцца ў нас сацыяльныя праграмы.

Праблема сацыяльна-эканамічнага становішча знаходзілася і знаходзіцца ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва краіны. Ёй займаюцца дзясяткі міністэрстваў і ведамстваў, сотні рознага роду гаспадарча-вытворчых падраздзяленняў. А справа слаба рухаецца наперад. Усім кіраўнікам хацелася б парэкамендаваць галоўную прычыну нашага незайздроснага сацыяльна-эканамічнага становішча, неўтаймаванай карупцыі шукаць найперш у сур’ёзных непаладках і поўнай дэзарганізацыі этнакультурнага жыцця народа краіны, у яго да апошніх падвалінаў здэфармаванай нацыянальнай свядомасці.

Этнічна зацюканы ўласнай дзяржавай народ не можа быць актыўным у любой сферы дзейнасці — у тым ліку і сацыяльна-эканамічнай. Хворыя на нацыянальны нігілізм людзі абыякавыя да ўсяго. Іх у аднолькавай ступені не цікавяць ні нацыянальная культура і мова, ні прыгажосць роднай прыроды, ні стан эканомікі краіны. З хворай нацыянальнай свядомасцю чалавек без усялякага роздуму ідзе на здзяйсненне любога злачынства, бо ён не жыве інтарэсамі свайго народа. І гэтага ніколі не дазволіць сабе чалавек, прасякнуты карэннымі, нацыянальнымі інтарэсамі сваёй Бацькаўшчыны.

Калі б нацыянальна свядомыя беларусы ў грамадстве пераважалі, што магчыма толькі пры кардынальных зменах дзяржаўнай культурна-моўнай палітыкі, у краіне была б да мінімуму зведзена карупцыя, сталі б скрайне рэдкімі выпадкі забойства, гвалту, рабаванняў, разводаў, алкагалізму і іншых негатыўных з’яваў, што адмоўна адбіваюцца і на сацыяльна-эканамічным развіцці народа.

Таму найстрашнейшай бядой усёй краіны ёсць не эканамічныя цяжкасці, а свядома здзейсненае амаль татальнае вытурэнне беларусаў са сваёй прыроднай нацыянальна-культурнай, моўнай нівы. Не баімся памыліцца ў сваіх падліках: на ёй на рускае даводзіцца не менш як 90 працэнтаў, а на беларускае — жабрацкія 10 працэнтаў. У такіх, выкліканых сур’ёзнымі хібамі дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі, экстрэмальных умовах нельга захаваць беларускі народ ад этнічнага вымірання.

Мікалай Савіцкі


Гэты перакос на карысць рускага пачатку не з’яўляецца вынікам натуральнага нацыянальнага развіцця, як любяць сцвярджаць ідэолагі. Наадварот, у аснове яго ляжыць глыбока, усебакова прадуманая жорсткая дзяржаўная палітыка русіфікацыі беларусаў, якой стагоддзямі займаліся царызм, КПСС і якую сёння мэтанакіравана і вынікова праводзіць чыноўніцкі апарат Рэспублікі Беларусь.

На працягу апошніх больш як 20 гадоў беларуская мова і дня не знаходзілася ў статусе фактычна дзяржаўнай! Па сутнасці, усё кіраўніцтва краіны з дня на дзень парушала і сёння парушае канстытуцыйнае палажэнне аб абавязковым выкарыстанні дзяржаўнай №1 беларускай мовы ў сваёй практычнай дзейнасці. Лічым, што гэта з’яўляецца адным з самых сур’ёзных і небяспечных палітычных злачынстваў.

Сваёй заганнай нацыянальнай палітыкай улады ўжо прывялі беларускую мову на ГАЛГОФУ. Галоўнае, адметнае, самабытнае, самае дарагое багацце дзяржаўнага народа Рэспублікі Беларусь, якое толькі і дае яму права называцца беларусамі, бязлітасна ўкрыжаванае.

Нават у Год культуры мы нічога слушнага, прынцыпова важнага не пачулі ад самага высокага рангу палітыкаў, кіраўнікоў гэтай сферы, інтэлектуалаў пра занядбаны не чужынцамі, а ўласнай «суверэннай» дзяржавай нацыянальны сегмент. А калі яны штосьці і мовяць пра культуру, дык толькі агулам. Да бесканкурэнтнага панавання ў культурнай сферы краіны знадворнага над унутраным прызвычаіліся, і гэтым нават ганарацца некаторыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Вось як далёка зайшлі мы ў культурна-моўнай асіміляцыі! Няма такіх пераможцаў, удачнікаў на ўсёй постсавецкай прасторы.

Лічым неабходным давесці дэпутатам, што сучасную Беларусь ужо практычна нельга называць нацыянальнай дзяржавай, а яе народ — нацыяй, паколькі іх жыццё будуецца пераважна на чужых культурна-моўных каштоўнасцях, калі прафесійная дзейнасць вышэйшых дзяржаўных органаў абслугоўваецца не мовай тытульнага народа, а мовай суседняга этнасу, і да таго ж яшчэ здзекліва абвешчанай уладамі роднай і для беларусаў. Дапусціць, каб так ганебна ўлады ставіліся да роднай мовы, не можа аніводная паўнавартасная нацыя. Беларусы дапусцілі — значыцца, не дацягваюць да такой нацыі.

Хочацца верыць, што сярод нанова абраных у Палату прадстаўнікоў 110 дэпутатаў знойдуцца хоць дзве-тры смелыя, цвёрдай нацыянальнай арыентацыі асобы, якія не пабаяцца даць бой неадпаведнай карэнным інтарэсам Бацькаўшчыны дзяржаўнай культурна-моўнай палітыцы, паказаць, што апошняя вядзе не толькі да поўнага размывання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, але і да страты палітычнага суверэнітэту краіны.

Такія адказныя за лёс нацыі асобы абавязкова ўвойдуць у сучасную і вечную гісторыю беларускага народа. Ведайма, што некалі ж былі ў нас палітыкі-патрыёты, гатовыя прыняць нават смерць, каб толькі родны край не стаў здабычай для чужой дзяржавы. Згадаем, напрыклад, гераічны вычын пасла ад Наваградскага ваяводства Тадэвуша Рэйтана, які супраціўляўся спробам вальнага Сойму Рэчы Паспалітай зацвердзіць здрадніцкі акт аб першым падзеле Рэчы Паспалітай, у выніку якога значная частка беларускай зямлі перайшла царскай Расіі. Дамагчыся такога выніку паслу-патрыёту не ўдалося, і тады ён, каб перашкодзіць сваім калегам пакінуць залу пасяджэнняў, лёг крыжам ля дзвярэй і на ўвесь голас закрычаў: «Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!».

Сёння нам вельмі патрэбны такія нацыянальныя героі-патрыёты, без якіх нельга разлічваць на поспех нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа, захаванне дзяржаўнага суверэнітэту яго Бацькаўшчыны.

З улікам сённяшняй архінебяспечнай сітуацыі ў нацыянальным жыцці краіны настойліва просім новы склад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў неадкладна і грунтоўна заняцца развязваннем лёсавызначальнай для нас праблемы нумар адзін — этнакультурнай. Не бачаць нацыянальнай дэградацыі беларусаў з-за іх вымушанага сыходу са сваёй культурна-моўнай нівы на чужую могуць толькі сляпыя ці безнадзейна хворыя на нацыянальны нігілізм людзі. А гэта трэба бачыць, асабліва палітыкам, і неадкладна рэагаваць.

Яшчэ раз звернем увагу адказных асобаў: беларусы не па сваёй волі, а па волі чужых і ўласнага палітычнага рэжымаў сёння ўжо не ўяўляюць сабой самабытную арыгінальную нацыю, бо жывуць не сваімі, а рускімі культурна-моўнымі каштоўнасцямі. І нават робяць істотны ўнёсак у іх стварэнне, папулярызацыю на беларускай зямлі, атрымліваючы за гэта не толькі зарплату, але і ўрадавыя ўзнагароды.

Спадзявацца, што ў гэтай экстрэмальнай сітуацыі народ сам выкараскаецца з глыбокай асіміляцыйнай ямы, не даводзіцца. Тэрмінова патрэбная адпаведная канструктыўная нацыянальна-культурная, моўная палітыка дзяржавы — калі яна не на словах, а на справе жадае быць суверэннай, мець этнічна самабытны народ, а не адрынуты ад нацыянальнай культуры, роднай мовы натоўп.

Калі ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ёсць хоць кропля жадання бачыць свой народ менавіта такім, яны павінны не заўтра, а ўжо сёння ў якасці найгалоўнай агульнанацыянальнай праблемы лічыць выратаванне беларусаў ад канчатковай страты сваёй этнакультурнай самабытнасці, бо гэта ёсць галоўны фактар захавання нацыянальнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

З мэтай спынення этнанацыду беларускага народа (выключаная з грамадскага жыцця беларуская мова, амаль поўная адсутнасць беларускамоўнай адукацыі і ў значнай ступені нацыянальнай культуры), забеспячэння рэальнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь дэпутатам Палаты прадстаўнікоў неабходна:

а) Аднавіць дзейнасць гістарычных законаў, прынятых дэпутатамі Беларусі (сярод іх колькасна пераважалі камуністы!) да ўсталявання ў ёй прэзідэнцкай сістэмы кіравання: «Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Аб мовах у Беларускай ССР» (26 студзеня 1990 года), «Пастанова Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб парадку ўвядзення ў дзеянне закона Беларускай СССР «Аб мовах у Беларускай ССР» (26 студзеня 1990 года) і «Закон аб дапаўненні артыкула 68 Канстытуцыі Беларускай ССР» (26 студзеня 1990 года).

б) Альбо ў бліжэйшы час прыняць новы Закон аб адзінай дзяржаўнай мове — беларускай. У Расійскай Федэрацыі, ва ўсіх створаных на постсавецкай прасторы краінах дзяржаўнай мовай з’яўляецца толькі мова карэннага этнасу. Памятайма: Закон «Аб мовах» у БССР і Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР прынялі вельмі аўтарытэтныя людзі — дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР, сярод якіх было нямала і цвёрдых інтэрнацыяналістычных поглядаў камуністаў, занятых на самых высокіх пасадах у ЦК КПБ, Савеце міністраў БССР. Дык будзьце, глыбокапаважаныя абраннікі, годнымі сваіх папярэднікаў!

в) Паважайце сябе і сапраўднага гаспадара нашай зямлі — беларускі народ. Праводзьце пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў на яго роднай беларускай мове — першай дзяржаўнай па дзеючай Канстытуцыі, на мове тытульнай нацыі, як гэта робіцца ва ўсіх краінах, створаных на аскепках СССР.

г) Прыміце заканадаўчы акт аб стварэнні тэлеканала Палаты прадстаўнікоў ці вызначыце (гэта ваша кампетэнцыя) хоць бы гадзіны для трансляцыі пасяджэнняў на існуючых каналах, — каб павысіць аўтарытэт улады, выхаваць у народа любоў да дэпутатаў, а праз вас і да палітычнай сістэмы ў цэлым. З прычыны інфармацыйнай ізаляцыі дзейнасці Палаты прадстаўнікоў народ амаль нічога не ведае пра вас. Не існуе ніякай патрэбы працягваць дэпутацкую дзейнасць «у тумане».

д) Нам, як кісларод, патрэбен салідны навукова-тэарэтычны часопіс, дзе б з пазіцый карэнных беларускіх інтарэсаў рэгулярна асвятляліся надзённыя пытанні нацыянальнага жыцця краіны. Нельга трымаць народ у поўным недасведчанні, што яго чакае пры панаванні ў яго родным доме чужых культурна-моўных каштоўнасцяў. Назва часопіса можа быць (прапанова для разгляду): «Праблемы захавання этнакультурнай самабытнасці беларускай нацыі».

ж) У зносінах з людзьмі неабходна рашуча адрачыся ад неадпаведнага ісціне выразу: «У нас афіцыйнае двухмоўе». На працягу ўсіх гадоў функцыянавання прэзідэнцкай сістэмы кіравання ў афіцыйным жыцці выкарыстоўваецца толькі руская мова. Яе трэба паслядоўна замяняць беларускай, пераканаўча тлумачачы, што гэта робіцца дзеля таго, каб народ не страціў нацыянальнага аблічча, быў самім сабой.

з) Не спяшайцеся хутчэй завяршыць працэс палітычнага аб’яднання з Расіяй, да чаго мы зусім не гатовыя ў этнакультурным плане. Нам як мінімум у дзясяткі разоў трэба ўзмацніць нацыянальны патэнцыял жыццядзейнасці беларусаў, трансфармаваўшы ў першую чаргу іх родную беларускую мову з папярова дзяржаўнай у фактычна дзяржаўную.

і) Старшыня Палаты прадстаўнікоў павінен нарэшце пераадолець страх ці нерашучасць і, як трэцяя асоба ў краіне, публічна праз СМІ ўступаць у кантакт з народам на яго роднай беларускай мове па ўсіх надзённых праблемах жыцця, асабліва па тых, якія маюць дачыненне да захавання беларускай культурна-моўнай ідэнтычнасці.

к) Паверце, не можа быць належнага аўтарытэту, высокай павагі да вас пры існым неапраўдана вялікім разрыве паміж зарплатай і пенсіяй дэпутатаў і іх выбарцаў. Як тут быць палітыку — слова за вамі.

Высокашаноўныя дэпутаты! З вялікім жаданнем мы маглі б удзельнічаць з вамі ў распрацоўцы канцэпцыі аб забеспячэнні беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнай.


***

Леанід Лыч і Мікалай Савіцкі звярнуліся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з гэтым лістом яшчэ ў кастрычніку мінулага года. Дасылалі «Слова...» і ў «Звязду» як орган Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. 
Пасля неаднаразовых тэлефанаванняў у рэдакцыю газеты «Звязда» паважаныя прафесары дамагліся адказу: «Шаноўныя Мікалай Іванавіч і Леанід Міхайлавіч. З вялікай увагай прачыталі ваш допіс. Вашы думкі і ідэі, выкладзеныя ў ім, прынятыя рэдакцыяй да ведама, а некаторыя з іх дазволяць пашырыць праблемна-тэматычнае поле ў далейшай рабоце газеты. Вялікі дзякуй за ўвагу да нашага выдання. З павагай, аддзел пісьмаў газеты «Звязда».
На гэтае слова адказаў і старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы І.А. Марзалюк: «У Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы разгледжаны ваш зварот да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага склікання. Дзеля таго, каб усе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў мелі магчымасць пазнаёміцца з выкладзенымі ў вашым лісце прапановамі, мы накіравалі яго для азнаямлення ва ўсе пастаянныя камісіі Палаты прадстаўнікоў. Таксама паведамляем, што вашы меркаванні прыняты намі да ўвагі і па магчымасці будуць улічаны ў ходзе работы над праектамі законаў, накіраваных на далейшае ўдасканаленне дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь».
Але ў той жа час зараз дэпутаты разглядаюць праект закону «Аб правах спажыўцоў», які не прадугледжвае абавязковага размяшчэння інфармацыі пра тавар на яго ўпакоўцы на беларускай мове… І пакуль што ніхто не ўнёс прапановы пра абавязковую прысутнасць у аздабленні ўпаковак тавараў дзяржаўнай беларускай мовы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: