Слова за хвост не зловіш

СМІ, як заўсёды, падхапілі і расцягнулі на загалоўкі словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў наступным годзе нас чакае палітычная «вакханалія», якая працягнецца мінімум паўтара года. Пад «вакханаліяй» беларускі кіраўнік меў на ўвазе парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, якія «не дадаюць спакою ў нашым грамадстве».


Насамрэч, «вакханаліі» — гэта распаўсюджанае ў Старажытным Рыме свята вясны. Звычайна «вакханаліі» пачыналіся ўначы з 16 на 17 сакавіка і па начах праводзіліся ўвесь месяц. Спачатку гэта было выключна жаночай справай, потым далучыліся і мужчыны.

Пазней гэта слова набыло набыло пераноснае значэнне — крайняя ступень беспарадку, разгулу, бязладная і бурная праява чаго-небудзь.

Цікава, раней кіраўнік дзяржавы неаднаразова заклікаў зрабіць выбары «святам для народа», і на перадвыбарчых участках панавала сапраўдная «вакханалія». Напрыклад, калі гарэлку налівалі наўпрост у навучальных установах. Зараз жа ніякага свята не прадбачыцца. Больш за тое, як адзначыў у каментары на партале Naviny.by палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, кіраўніком дзяржавы «з кепска прыхаванай агідай успрымаецца сама неабходнасць захоўваць рытуал, прапісаны ў Канстытуцыі, выконваць фармальнасці для падаўжэння ўлады».

Між тым, згодна з той жа Канстытуцыяй, адзінай крыніцай улады ў краіне з’яўляецца народ. І народ дэлегуе свае паўнамоцтвы — надае ўладу — кіраўніку, чыноўнікам, дэпутатам. Называць гэты працэс «вакханаліяй» — у прынцыпе, пагарда да таго самага народа. Дарэчы, усе памятаюць слова «народзец», што таксама ўвайшло ў інтэрнэт-мемы.

Але народ можа і пакрыўдзіцца.

З кантэксту словаў Лукашэнкі вынікае, што ён ужыў слова «вакханалія» менавіта ў пераносным значэнні. І гэта азначае пэўную эвалюцыю ў свядомасці правадыра. Ад свята — да небяспекі.

З 2010 года беларускія выбары праходзяць без аніякіх узрушэнняў. Больш сумных выбараў, падаецца, у свеце няма. Яны адбываюцца паводле звыклага сцэнару, калі «не важна, як галасуюць, важна, як лічаць». Дый, насамрэч, і падлік галасоў ператварыўся ў пустую фармальнасць: галоўнае — што будзе напісана ў пратаколах. А ў пратаколах усё «ціп-топ». Самая максімальная «вакханалія» — лічаныя хвіліны выступаў прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта па тэлебачанні, якія ўжо цэнзуруюцца, ды дэбаты гэтых прэтэндэнтаў. Пры гэтым Лукашэнка на дэбаты не з’яўляецца, паказваючы іх нікчэмнасць. У выніку прэтэндэнты на вышэйшую пасаду шукаюць боб у гаросе, ні на што не ўплываючы.

Гэта не параўнаеш з выбарчымі кампаніямі ў больш дэмакратычных краінах — там сапраўды «вакханалія». Глянуць хаця б на суседнія Польшчу і Украіну, дзе пра новую прэзідэнцкую кампанію пачына­юць разважаць, як толькі закончыцца старая.

Так што нельга казаць пра беларускую «вакханалію» і ў пераносным сэнсе слова.

Чаму ж беларускі кіраўнік так пагардліва адгукаецца пра выбары? Напэўна таму, што ў ім падсвядома пануе страх. Як бы ні перапісвалі пратаколы, якім бы чынам ні малявалі «элегантную перамогу», але галасы ўсё ж хтосьці лічыць. Лічыць па-сапраўднаму. І гэтыя лічбы потым абавязкова з’явяцца ў закрытых аналітычных запісках, якія кладуцца на стол Лукашэнку.

І вось тут чакаць, падаецца, няма чаго. У 2015-м незалежныя сацыёлагі прызналі: дзейны кіраўнік усё ж перамог у першым туры выбараў. Згодна з апытаннямі НІСЭПД, ён набраў 50,8% галасоў. То бок, крыху менш працэнта не хапіла для таго, каб (па сумленні) быў бы другі тур выбараў. А не па-сумленні — каб Лукашэнка зразумеў, што завёў народ не туды. І сапраўдныя лічбы — гэта менавіта просьба да яго сысці. Казаў жа ён, што сыдзе, калі народ папросіць?

У 2015 годзе гэта было, хутчэй, «хай пакуль застаецца». Але ў 2015-м рэальныя заробкі былі ўсё ж блізкія да 500 долараў, а не 250–300, як зараз (каб высветліць рэальны заробак, дастаткова паглядзець на вакансіі — колькі зараз абяцаюць працадаўцы). У 2015-м не было «дармаедскага падатку» і масавых узрушэнняў з гэтай нагоды па ўсёй Беларусі. І ў 2015-м народ быў у шоку ад падзей ва Украіне, а таму галасаваў «за стабільнасць». Зараз гэты шок прайшоў.

Не ад агіды кіраўнік Беларусі называе выбарчы працэс «вакханаліяй». Хутчэй, ад страху ды няўпэўненасці.

Тым не менш, гэтым сваім выразам пра выбары Лукашэнка, сам таго не ведаючы, пацэліў «у дзясятку». Як зазначае Вікіпедыя, Рымскі Сенат увесь час выступаў у якасці праціўніка «вакханалій» у межах палітыкі па супрацьдзеянні таемным і падазроным містычным зборышчам. Была нават адпаведная сенацкая пастанова: Senatus consultum de Bacchanalibus. Рымскія консулы шукалі ўдзельнікаў зборышчаў па ўсёй Італіі, наступствам чаго было мноства арыштаў, ссылак, і нават пакаранняў смерцю.

І вось тут «вакханалія» сапраўды можа адбыцца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!