Словы і справы

У выдатнага фантаста, папулярызатара навукі і ўраджэнца Беларусі Айзека Азімава ёсць такі раман: «Акадэмія» (у розных перакладах па-рознаму). Там мэр планеты Тэрмінус Сальвор Хардын сустракае пасла Галактычнай імперыі, і па выніках перамоў, з дапамогай сімвалічнай логікі аналізуе яго размовы.




«Шчыра кажучы, спачатку я прыняў яго вялікасць пасла за цалкам безнадзейнага асла, але аказалася, што гэта разумны чалавек і выдатны дыпламат… За ўсе пяць дзён перамоў лорд Дорвін, панове, не сказаў нічога сэнсоўнага і прымудрыўся зрабіць гэта так, што вы нічога і не заўважылі!» — пісаў Азімаў.

Калі такім чынам прааналізаваць «Вялікую размову» — я ўпэўнены, таксама не застанецца нічога. Усе, хто кажа пра «каштоўнасць незалежнасці ў прамовах Лукашэнкі», хто спадзяецца, што ён вырашыць агучаныя праблемы і іншае, забываюцца на адно. Аляксандр Рыгоравіч — выдатны папуліст і, паводле азначэння Азімава, «разумны чалавек і выдатны дыпламат». Ён сказаў тое, што прысутным (і беларусам у цэлым) хацелася пачуць. Ні больш, ні менш. Але вынікаў ад гэтага не будзе ніякіх.

Эканаміст Яраслаў Раманчук уступіў у спрэчку з кіраўніком дзяржавы наконт таго, што зносяць аб’екты буйных інвестараў з-за памылкі Мінгарвыканкаму. Лукашэнка загадаў разабрацца. З моманту «размовы» прайшло больш за тыдзень, і штосьці няма інфармацыі пра дзеянні Камітэта дзяржкантролю альбо Следчага камітэта ў гэтым накірунку.

На мінулай «размове» Лукашэнка казаў пра вылучэнне FM-хвалі для «Еўрарадыё». Пасля той размовы Аляксандр Рыгоравіч нават інтэрв’ю «Еўрарадыё» даваў, а хвалі як не было, так і няма.

Дый што там казаць! У 1994 годзе Кебічам была закрытая радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» — за тое, што давалі эфір і Лукашэнку таксама. І Аляксандр Рыгоравіч паабяцаў: як ён стане кіраўніком дзяржавы, вокамгненна адкрые тое радыё. Чакаем адкрыцця «БМ» 25 гадоў…

Не варта аналізаваць гэтую прамову. Бессэнсоўна. Справа не ў словах, справа — у справах. А вынікаў ад «страсання паветра» няма. І наўрад ці будуць.

Яшчэ адзін прыклад. На тыдні кіраўнік краіны падпісаў дырэктыву №6 «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны». Пры выкананні ўстаноўленых дырэктывай заданняў да канца 2020 года аб’ёмы вытворчасці малака ў краіне павінны дасягнуць 9 мільёнаў тон на год, прадукцыі вырошчвання жывёлы і птушкі — 1,8 мільёна тон. Павінен быць забяспечаны рост прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы на 40% і ўзровень заработнай платы ў галіне не ніжэй за ўзровень, сярэдні ў эканоміцы.

У сувязі з такой дырэктывай ёсць два пытанні. Першае: ніхто не навучыў худобу чытаць, і яна, хутчэй за ўсё, не здагадваецца, што павінна выдаваць 9 мільёнаў тон малака на год. Другое: куды мы падзенем столькі малака ды мяса жывёлы і птушкі? Беларускі рынак насычаны. Рассельгаснагляд ставіць нам перапоны па малаку і мясу. Кітай пакуль бярэ невялікія аб’ёмы, а ў Еўропе свае фермеры малако ў каналізацыю зліваюць…

Гэта тое, пра што мы пішам адвечна: структура спажывання змянілася. І зараз важныя не аб’ёмы, а продажы. Пажадана, без запазычанасці. Куды мы прададзім тыя мільёны тон мяса і малака? Дырэктыва пра гэта не кажа…

Яшчэ адна падзея тыдня, якая выклікае пытанні. Кіраўнік краіны 4 сакавіка сустрэўся з прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сумам Чакрабарці і падкрэсліў, што Беларусь заўсёды будзе свята выконваць дамоўленасці, якія заключыла з банкам. «Хачу адзначыць праекты, якія звязаны з галіной жыллё­ва-камунальнага будаўніцтва, павышэння якасці пітной вады, будаўніцтвам дарог, рамонтам мастоў, якія ў нас у многіх населеных пунктах патрабуюць гэтага неадкладна. Гэта жыццёва важныя праекты для нашай дзяржавы», — прызнаў кіраўнік Беларусі.

Вочы на лоб лезуць. Па-першае, мы ўжо павінны аплачваць 100% паслуг ЖКГ. Навошта нам тады праекты ЕБРР? На будаўніцтва дарог і рамонт мастоў з нашых аўтамабілістаў здымаюць «падатак на дазвол да руху транспартнага сродку» і акцызы на бензін — то бок, двойчы. Калі дарогі і масты будуюцца па праектах ЕБРР, куды ідуць нашы грошы?

Ці не адначасна ў Мінску адбыліся штогадовыя кансультацыі паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам па пытаннях рэалізацыі праектаў і праграм міжнароднай тэхнічнай дапамогі. У вітальным слове намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка вітаў рост аб’ёмаў і якасці супрацоўніцтва, у тым ліку пашырэнне фінансавых інструментаў ЕС, у якіх удзельнічае наша краіна. Беларускі дыпламат падкрэсліў, што сродкі ЕС накіроўваюцца на падтрымку канкрэтных праектаў у галіне мясцовага і рэгіянальнага развіцця, энергаэфектыўнасці, аховы навакольнага асяроддзя, барацьбы з кліматычнымі зменамі, падтрымку малога і сярэдняга бізнесу і іншае.

«Ласкавае цяля дзвюх матак ссе». ЕБРР і ЕС будуюць дарогі, заклапочаныя ЖКГ і пітной вадой, рэгіянальным развіццём і прадпрымальніцтвам… Пытанне зноў тое ж: куды і на што, у такім разе, ідуць нашы ўнутраныя падаткі?

Што ж да спраў, то іх робяць іншыя людзі. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сустрэўся з амерыканскай дэлегацыяй на чале з намеснікам памочніка Дзяржаўнага сакратара ЗША Джорджам Кентам. Макей афіцыйна праінфармаваў амерыканскі бок пра адмену абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Мінску, якія дзейнічалі з 2008 года. Кіраўнік МЗС выказаў надзею, што гэты крок будзе спрыяць нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і Штатамі.

Гэта азначае, што нашым грамадзянам у хуткай будучыні ўжо не давядзецца ехаць у Варшаву ці Кіеў, каб атрымаць візу ЗША. Рашэнне, наколькі павялічыць штат супрацоўнікаў, застаецца за амерыканцамі.

Так што словы і дырэктывы — гэта толькі «страсанне паветра». Важна тое, ці ўвасобяцца яны ў жыццё. Калі маленькія справы, кшталту FM-хвалі для «Еўрарадыё», здзейсняцца, то і пра незалежнасць можна падумаць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!