Штраф за пост у сацсетках

Яшчэ адзін прысуд у Слуцку папоўніць дзяржаўны бюджэт на 575 рублёў (25 базавых велічынь).

У судзе Слуцкага раёна 13 красавіка была разгледжана адміністратыўная справа журналіста мясцовай газеты «Інфа-Кур’ер» Сяржука Кійко, абвінавачанага ў закліке да ўдзелу ў несанкцыяванай акцыі на Дзень Волі. Тыдзень таму, 6 красавіка, ён адбыў 12 сутак арышту пасля таго, як быў схоплены з сябрамі а дванаццатай гадзіне каля чыгуначнага вакзала.

Міліцыянты, якія напярэдадні 25 сакавіка высачылі пост ў сацыяльных сетках і склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні, у судзе не прысутнічалі. У судовай залі былі сябры маладзёна, а напрыканцы паседжання ў калідоры яго чакалі актывісты з ініцыятывы «Дзея». Разам з Алінай Нагорнай і Алесем Лагвінцом яны спазніліся ў суд у сувязі з аварыяй на дарозе.

Суддзя Аляксандр Тарасюк у падцвярджэнне абвінвачвання голасна і даслоўна агучыў заклік з пратаколу, з якім хлопец звярнуўся да сваіх сяброў у сацыяльнай сетцы 24 сакавіка:

«Няўжо застаўся той, хто лічыць, што лепшае жыццё наперадзе?

Ці ты ня бачыш, куды ідзе Беларусь і думаеш, што гэта цябе абміне?

Сотні чалавек, якія паўсталі за твае правы, зараз сядзяць за кратамі!

Ты баішся, табе ёсць што губляць, ці табе проста «да фені»?

Думаеш, ім не было страшна і губляць няма чаго?

Падымі сваю сраку і выйдзі на Дзень Волі!

Пакажы сваю прысутнасць, што ты салідарны і жадаеш лепшай будучыні!

Менск — Акадэмія навук — 14.00»

Што тычыцца Сяржука, ён годна трымаўся і падцвердзіў, што сапраўды, ім была размешчана гэткая адозва да знаёмых, паколькі Дзень Волі ён лічыць найвялікшым святам для свядомых беларусаў. Аднак вінаватым ў адміністрацыйным правапарушэнні ён сябе не лічыць, паколькі грамадзяне Беларусі маюць канстытуцыйнае права на свабоду выказвання і на свабоду мірных сходаў. У адміністрацыйным прапапарушэнні хлопец абвінаваціў Мінскі гарвыканкам, які то зацвярджаў, то не зацвярджаў заяўку арганізатараў, зацягнуў час і заблытаў магчымых удзельнікаў акцыі.

— Лічу, што парушэнне заканадаўства было зроблена Мінскім гарвыканкамам двойчы: спачатку былі парушаны канстытуцыйныя правы грамадзян на мірныя сходы, а пасля парушаны і Закон аб парадку правядзення мірных сходаў, — заявіў Сяржук Кійко.

Адвакат Сяржука Вадзім Мушынскі дапамагаў яму абараніць свае правы ў судзе і настойваў на тым, што ён з’явіўся ахвярай абставінаў, у якія Кійко паставіў Мінгарвыканкам са сваёй блытанінай і парушэннем парадку правядзення мірнага свята.

— Мой кліент — шмат разоў пацярпелы чалавек, які нават не ўдзельнічаў у акцыі, але чамусьці быў арыштаваны яшчэ за некалькі гадзін да яе пачатку, і адбыў 12 сутак невядома за што, — заявіў адвакат. — Я не бачу віны чалавека ў тым, што ён кожны год удзельнічае ў мірным мітынгу, звязаным са святам і звык да таго, што гэтае свята дазволена. Як мог ён здзейсніць супрацьпраўныя дзеянні і ведаць, што яны супрацьпраўныя, калі афіцыйныя дзяржаўныя структуры не давалі інфармацыі пра тое, што такое мерапрыемства супрацьзаконнае?

Суддзя Аляксандр Тарасюк вырашыў інакш: ён прызнаў Сяржука Кійко вінаватым у адміністратыўным правапарушэнні і пакараў яго штрафам у 25 базавых велічынь.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: