Слуцкія выбаршчыкі патрабуюць справаздачы ад свайго дэпутата

Больш за сто слуцкіх выбаршчыкаў папрасілі дэпутата Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Мікалая Прудніка даць справаздачу аб сваёй дэпутацкай дзейнасці.

Тамара Блінова

Тамара Блінова


Як паведаміла «НЧ» слуцкая грамадская актывістка кампаніі «Наш дом» Тамара Блінова, 14 лістапада 2016 года слуцкія выбаршчыкі накіравалі калектыўны зварот на імя мясцовага дэпутата абласнога Савета дэпутатаў з просьбай даць справаздачу аб сваёй дэпутацкай дзейнасці. Пад гэтым зваротам падпісаліся 119 грамадзян-выбаршчыкаў.

Мікалай Пруднік, які адначасова з’яўляецца дырэктарам Слуцкага сахарарафінаднага камбіната, стаў дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў па Слуцкай выбарчай акрузе №52 23 сакавіка 2014 года.

«З мэтай актывізацыі працы мясцовых дэпутатаў грамадзянская кампанія «Наш дом» зараз праводзіць кампанію «Народны дэпутат», — гаворыць Блінова. — У адпаведнасці з артыкулам 21 Закона РБ «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў» адной з форм дзейнасці дэпутатаў з’яўляюцца справаздачы дэпутатаў перад выбаршчыкамі».

Згодна з тым жа законам дэпутат Пруднік павінен быў са студзеня па лістапад 2016 года даць як мінімум адну справаздачу перад выбаршчыкамі, а за год — нават дзве справаздачы.

Тамара Блінова паведаміла, што збіраць подпісы пад патрабаваннем справаздачы было даволі няпроста з-за элементарнай боязні людзей страціць працу.

«Многія з людзей, якія жывуць на тэрыторыі Слуцкай выбарчай акругі №52, пабаяліся ставіць свае подпісы. Баяцца ўгнявіць свайго кіраўніка. Таксама большая частка выбаршчыкаў не верыць у тое, што дэпутаты могуць у чымсьці дапамагчы і вырашыць праблему. Замест гэтага наўпрост звяртаюцца ў органы выканаўчай улады. Але ёсць і такія грамадзяне, якія б хацелі вырашыць пытанні, звязаныя з добраўпарадкаваннем тэрыторыі пражывання, праезжай часткі, аўтамабільных парковак. Менавіта яны падпісалі калектыўны зварот і былі б радыя сустрэцца з дэпутатам хаця б раз за некалькі гадоў», — патлумачыла збор подпісаў пад калектыўным зваротам ініцыятыўная грамадзянка.

З мэтай прыцягнення ўвагі гараджан да праблемы актывізацыі дзейнасці дэпутатаў розных узроўняў 16 лістапада некалькі слуцкіх актывістаў кампаніі «Наш дом» зладзілі перформанс каля ўвахода ў гарадскі парк. Жанчына з кейсам у руках і ў капялюшы, апранутая пад «дэпутата» і якая прапаноўвала «паслухаць справаздачу дэпутата» прыцягнула ўвагу мінакоў. Рэакцыя гараджан была адназначнай.

«Мы ім не верым — гэтым прызначаным дэпутатам, — падзялілася думкамі адна з маладых жанчын, якая праходзіла праз парк. — Але калі ім мала сваёй начальніцкай пасады і яны для павышэння сваёй вагі пайшлі ў дэпутаты — хай даюць справаздачы. Хоць і папяровыя».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: