СМІ: Мінск і Масква адклалі рашэнне пра наднацыянальныя органы

Узгадненне 31-й дарожнай карты па інтэграцыі Беларусі і Расіі, якая прапануе стварэнне наднацыянальных органаў, адкладзена на наступны этап абмеркавання, распавялі крыніцы РБК. Іншыя карты ўзгоднены.

Фота: Міхаіл Метцэль/ТАСС

Пагадненне без адной карты


Падпісанне 31-й дарожнай карты па інтэграцыі адкладзена на наступны этап абмеркавання, распавялі РБК дзве крыніцы, знаёмыя з ходам перамоваў. Адказваючы на ​​пытанне РБК, прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў, што ўзгоднены ўсе карты, акрамя адной, але і без яе ўзгаднення можна пачынаць працу па іншых пытаннях.

23 снежня на сустрэчы з журналістамі расійскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў абвясціў аб тым, што Мінск і Масква ўзгаднілі праграму паглыбленай эканамічнай інтэграцыі, прапісанай у адпаведных картах. Да гэтага было вядома, што ўсяго іх 31. Аднак перайсці да выканання апошняй карты, па словах Мядзведзева, можна будзе пасля выканання ўсіх папярэдніх. Яна прадугледжвае стварэнне наднацыянальных органаў, адзінага эмісійнага цэнтра і ўвядзенне адзінай валюты, паведаміў прэм'ер. Гэта не супадае з публічнай пазіцыяй Мінска, які катэгарычна адмаўляўся абмяркоўваць стварэнне наднацыянальных структур, хоць яны і прадугледжаны дамовай аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 1999 года, якая ляжыць у аснове цяперашніх перамоваў аб паглыбленай інтэграцыі.

На наступны дзень пасля гэтай заявы Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю радыёстанцыі «Эхо Москвы» пацвердзіў, што 31-я карта прадугледжвае стварэнне наднацыянальных органаў, але дадаў пры гэтым, што з перамоваў яе абмеркаванне было выключана. «Мы дзве сувэрэнныя дзяржавы. Так, мы прасоўваем інтэграцыю, але тую, якая не парушае суверэнітэт. Гэта 31 дарожная карта, ці план будаўніцтва наднацыянальных органаў. Мы з Пуціным наогул выключылі размовы пра гэта — яшчэ ў Сочы, — сказаў ён. — Але камусьці хочацца. І ўсё падсоўваюць, асабліва праз урад. Нядаўна прачытаў: Дзмітрый Анатольевіч пра гэта зноў выказаўся».

Аб стварэнні наднацыянальных органаў «на дадзеным этапе» гаворкі не вядзецца, запэўніла РБК адна з крыніц, знаёмых з перамовамі з расійскага боку. Як мінімум з-за тэрмінаў рэалізацыі прапаноў: самы кароткі тэрмін выканання самых простых дарожных карт — 2021 год, кажа яна і дадае, што на іншыя прадугледжана яшчэ больш часу: скончыць да 2023 годзе ці нават да 2024-га, таму перспектыва стварэння наднацыянальных органаў або адзінага эмісійнага цэнтра вельмі далёкая, рэзюмавала яна.

У верасні аб тым, што такая прынцыповая дамоўленасць паміж кіраўнікамі (выключыць з перамоваў абмеркаванне наднацыянальных структур) існуе, у інтэрв'ю РБК казаў і міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Ён таксама адназначна заявіў, што стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра на гэтых перамовах не абмяркоўваецца і ў праграму ўключана не будзе. Пра гэта ж ужо пасля заявы Мядзведзева заявіў і Нацбанк Беларусі.

Ультыматум Масквы


Заява Мядзведзева пра тое, што ўсе дарожныя карты па інтэграцыі ўзгодненыя, стала нечаканай, бо яшчэ ў пятніцу, 20 снежня, пасля сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургу заставаліся нявырашанымі прынцыповыя пытанні ў адносінах паміж краінамі: газавае, нафтавае і ўніфікацыі падатковых заканадаўстваў. Аб гэтым па выніках сустрэчы заявіў міністр эканамічнага развіцця Расіі Максім Арэшкін.

Апошнія два пытанні ідуць у прывязцы адно да аднаго і канцэптуальна былі ўзгоднены яшчэ перад сустрэчай у Санкт-Пецярбургу. Менавіта праз уніфікацыю падатковых кодэксаў будзе вырашана пытанне з кампенсацыяй за падатковы манеўр, якую патрабуе Мінск, за кошт увядзення зваротнага акцызу для беларускіх НПЗ. Уніфікацыя падаткаабкладання павінна быць праведзена на працягу 2020-2021 гадоў і рэальна запрацаваць з 2022 года, казаў у пачатку снежня амбасадар Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка. Мінск ацэньваў свае страты з-за манэўру ў 2019-2024 гадах у 10,5-11 млрд долараў.

У панядзелак адначасова з Мядзведзевым першы віцэ-прэм'ер Беларусі Дзмітрый Крутой, які ў той час знаходзіўся на ўрачыстым навагоднім прыёме расійскай амбасады ў Мінску, заявіў, што на працягу бліжэйшых двух-трох дзён урады плануюць узгадніць ўвесь пакет інтэграцыйных пагадненняў, каб потым кіраўнікі краін маглі падпісаць яго ва ўрачыстай абстаноўцы.

Аднак адкрытым застаецца пытанне аб цане на газ з 2020 года: дзеючы дагавор аб пастаўках расійскага газу заканчваецца 31 снежня, а бакі пакуль не канкрэтызавалі параметры новай здзелкі. 24 снежня ў інтэрв'ю «Эху Москвы» Лукашэнка сказаў, што канкрэтных лічбаў і кантрактаў яшчэ няма.  Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Пяскоў у сераду пацвердзіў, што таксама нявырашаным застаецца пытанне па нафце.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: