Спецдакладчык ПАСЕ прапаноўвае Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне

 Чорная дзірка ў Еўропе — гэта Беларусь, якая не ў Савеце Еўропы і прымяняе смяротнае пакаранне, заявіў спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Андрэа Рыгоні, выступаючы 13 снежня ў Мінску на канферэнцыі па праблематыцы смяротнай кары.
 Ён прапанаваў уладам ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне на год.

"Мы б вельмі хацелі, каб Беларусь увайшла ў Савет Еўропы"
, — сказаў Рыгоні, адзначыўшы, што гэты працэс можа адбывацца "паступова, крок за крокам".

Ён нагадаў, што ў 1997 годзе Беларусь была пазбаўленая статусу спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ. Перашкодай для вяртання статусу з'яўляецца прымяненне ў краіне смяротнага пакарання.

"Прайшло 19 гадоў. Чаго мы яшчэ павінны чакаць, колькі часу яшчэ чакаць? Мы не просім Беларусь мяняць свае звычкі, традыцыі, законы і адносіны са сваімі грамадзянамі. Але давайце хаця б зробім першы крок, каб Беларусь змагла вярнуць статус спецыяльнага запрошанага. Думаю, што прыйшоў момант, калі Беларусь павінна нарэшце вырашыць", — падкрэсліў Рыгоні.

У якасці пробнай меры ён прапанаваў увесці часовы мараторый на смяротнае пакаранне. "Гэта пробная мера, а далей паглядзім, — сказаў Рыгоні. — Шматлікія даследаванні паказваюць, што ўжыванне смяротнага пакарання не змяншае колькасць цяжкіх злачынстваў. Давайце на год увядзем мараторый і паглядзім, як гэта паўплывае на сітуацыю".

У сваю чаргу старшыня РГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Алег Гулак адзначыў: "Калі смяротнае пакаранне адмененае і любое жыццё прызнаецца найвышэйшай каштоўнасцю, гэта спрыяе агульнай гуманізацыі грамадства. Увядзенне мараторыя — той крок, які мог бы прымірыць прыхільнікаў і праціўнікаў смяротнага пакарання. Гэта той нейтральны крок, які ўсіх бы задаволіў".

Паводле слоў праваабаронцы, грамадзянская супольнасць Беларусі радая і гатовая дапамагчы парламенту ў правядзенні і арганізацыі грамадскіх слуханняў па праблеме смяротнага пакарання, даванні экспертнага і арганізацыйнага патэнцыялу, сваіх міжнародных кантактаў.

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда стаў першым, хто на канферэнцыі загаварыў пра чатыры смяротныя прысуды, прыведзеныя ў выкананне ў Беларусі сёлета. Адзін з іх быў прыведзены ў выкананне вясной, яшчэ тры — у лістападзе, адзначыў Палуда. "І мяне цяпер турбуе лёс Сяргея Вострыкава, які на гэты момант застаецца апошнім прыгавораным ў "калідоры смерці", — дадаў праваабаронца.

Ён звярнуў увагу, што Беларусь не рэагуе на просьбы Камітэта ААН па правах чалавека, які прасіў не прыводзіць у выкананне прысуды ў дачыненні да асоб, што падалі скаргі ў камітэт. "Мяне моцна турбуе пытанне таго, што калі ўключаюцца меры тэрміновага характару ў дачыненні да асоб у "калідоры смерці", якія звярнуліся ў камітэт, ніяк прывядзенне прысуду ў выкананне не спыняецца", — сказаў Палуда.

Прадстаўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч нагадаў, што Беларусь даўно абмяркоўвае пытанне і праблему прымянення смяротнай кары. "Хацелася б, каб быў нейкі канкрэтны пасыл ад дзяржавы ў гэтай сферы, каб было зразумела, ці ёсць у нас на парадку дня ўвядзенне мараторыя як такога, або мы будзем шмат казаць і працягваць прымяняць смяротнае пакаранне. Беларускія ўлады пакуль ніяк не дэманструюць, што неяк пытанне смяротнага пакарання будзе вырашацца", — сказаў Стэфановіч.

Начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Беларусі Андрэй Бушыла на гэта адказаў: "Магчыма, пакуль мы не падступіліся непасрэдна да ўвядзення мараторыя, але гуманізацыя заканадаўства паступова адбываецца".

Паводле яго слоў, у грамадстве таксама адбываецца "рух у бок скарачэння" падтрымкі смяротнага пакарання. У якасці прыкладу чыноўнік прывёў звесткі красавіцкага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, падчас якога за захаванне смяротнага пакарання выказаліся 51% рэспандэнтаў.

Кіраўнік парламенцкай рабочай групы па праблематыцы смяротнай кары Андрэй Навумовіч у сваю чаргу заявіў, што не ўпэўнены ў тым, як прагаласуюць беларускія парламентарыі, калі пытанне аб мараторыі найбліжэйшым часам будзе вынесенае на іх галасаванне. "Я сёння не ўпэўнены ў пазіцыі нашых парламентарыяў, што яны прымуць тую пастаноўку пытання, якая сёння акрэсленая. Калі пазіцыя не будзе прынятая, мы гэтае пытанне адсунем яшчэ на некалькі гадоў. Тут павінна быць праведзеная досыць сур'ёзная праца", — сказаў ён.

Навумовіч паведаміў, што на сустрэчах са сваімі выбаршчыкамі ён узнімае пытанне аб адмене смяротнага пакарання. Паводле слоў дэпутата, пакуль большасць выбаршчыкаў выступаюць за яе захаванне. "З улікам той дынамікі, якая складваецца пры сустрэчы з выбаршчыкамі, усё-ткі разглядаў бы магчымасць мараторыя, а не адмены", — сказаў Навумовіч.

Прадстаўнік маскоўскага аддзялення "Міжнароднай амністыі" Аляксандр Арцем'еў адзначыў, што ў выпадку смяротных пакаранняў "ў большай ступені пакутуюць сваякі тых, каго караюць смерцю". "Ім не паведамляюць пра дату пакарання смерцю, не даюць развітацца з блізкімі, целы не выдаюцца, месца пахавання застаецца невядомым. Камітэт ААН па правах чалавека ў 2012 годзе прызнаў гэта парушэннем правоў сваякоў", — сказаў ён.

Бушыла на гэта адзначыў: "Мы не павінны забываць не толькі пра сваякоў прыгавораных, але і сваякоў ахвяр, якія сутыкнуліся з вялікай бядой".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Думка
  • 2017-12-12 16:50:15
Дарэмна стараюцца, улады РБ ніколі не адменяць сьмяротнага пакараньня. А насельніцтва, абалваненае бальшавікамі і іх спадчыньнікамі, прагне крыві, а таму яно будзе і далей падтрымліваць легалізаваныя забойствы.