Калі ў Беларусі і будзе «Майдан» — то толькі дзякуючы ўладзе

Шмат ад каго цяпер чуваць: «Ніколі такога не было». Гэта тычыцца, канешне, палітыкі і рэпрэсій. Вось і Сяргей Навумчык у допісе на Facebook заўважае: «За тыдзень у Беларусі шмат ад каго пачуў: «Такога прававога «беспредела» ніколі было!»».


Было-было… Навумчык нагадвае пра збіццё дэпутатаў у залі парламента, знікненне Ганчара, Красоўскага, Захаранкі, Завадскага... «Папросту большасць аддзяляла сябе ад апанентаў Лукашэнкі, лічыла іх “пракажонай” кастай, “нелюдзьмі”, з якімі дазволена рабіць усё. І якраз абыякавая рэакцыя на гэта народа дазволіла выбраць ахвярай ужо сам народ», — піша ён.

Сапраўды, такога не было даўно. Але калі б «ніколі»?


Грамадства і астатнія

Палітычная ўзрушанасць грамадства цяпер нагадвае прэзідэнцкую кампанію 1994 года. Тады, як цяпер, людзі абмяркоўвалі выбары паўсюль, дзе маглі: у транспарце, на працы, на лавах ля пад’езду (ад 1994-га я сапраўды не чуў, каб бабулькі вялі палітычныя дэбаты — іх больш турбавалі віды на ўраджай). Тады гэта было зразумела — краіна абірала першага прэзідэнта і бок, у які яна будзе рухацца. Гэты «бок руху» мы абіраем і цяпер. І, падаецца, ён не на карысць існуючага «застою».

Іншым разам мне падаецца (як бы цынічна гэта ні гучала), што калі б віруса Sars-Cov-2 не было, беларусам варта было б яго выдумаць. Менавіта нязграбныя і наплявальніцкія дзеянні ўлады абудзілі «сонных» жыхароў краіны. Больш за тое, эпідэмія каронавіруса перафарматавала выбарчую кампанію. Калі раней у асноўным подпісы за прэтэндэнтаў на прэзідэнта збіраліся «ад дзвярэй да дзвярэй» і не было бачна, колькі за каго падпісваецца, то сёння беларусы палічылі больш бяспечным для здароўя падпісацца на пікетах. Адсюль і велізарныя чэргі да альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты.

Гэтыя чэргі, урэшце, знішчылі «спіраль маўчання»: нязгодныя з курсам сённяшняга правадыра краіны пабачылі, што іх — багата. Што яны не самотныя ў сваім незадавальненні і жаданні іншага. І гэтае «шмат» і прывяло да мему «Саша-тры-працэнты» ды вольнага абмеркавання палітыкі на вуліцы.

І не толькі на вуліцы. Працаўнікі дзяржаўных тэлеканалаў скардзяцца: калі яны пасля цяжкай працоўнай змены, што заканчваецца каля 22-й гадзіны, выклікаюць таксоўку, каб даехаць дадому, таксісты пачынаюць «пыласосіць» (мякка сказана) ім мазгі. Яны ўсяляк саромяць прадстаўнікоў БТ за хлусню па тэлебачанні. Каб незнаёмыя людзі абмяркоўвалі палітыку абы з кім, і пры гэтым не баяліся — сапраўды, такое было хіба што ў 1994-м.


Лукашэнка = Кебіч?

Калі праводзіць аналогіі з 1994-м, то Лукашэнка цалкам паўтарае шлях тагачаснага прэм’ера Вячаслава Кебіча. Канешне, пры Кебічы не было такіх рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў, але кіраўнік краіны паўтарае памылкі свайго папярэдніка.

На чым «выехаў» Лукашэнка? На вобразе «змагара за справядлівасць», якога пераследуе ўладна-бюракратычная машына. Такі ж вобраз — «змагароў за справядлівасць» — улады цяпер стварылі Ціханоўскаму і Бабарыку. Што рабіў гомельскі блогер, па вялікім рахунку? Ды нічога — ён ездзіў па рэгіёнах і проста выслухоўваў скаргі людзей на абыякавае стаўленне ўладаў да іх праблемаў, і агучваў гэта ў сваіх эфірах. А ў вачах людзей — змагаўся за справядлівасць. А яго за гэта — за краты.

Экс-банкір Бабарыка таксама займеў вобраз «невінавата пакрыўджанага», бо нават сляпому бачна, што пасадзілі яго як найбольш моцнага канкурэнта Лукашэнку. Асабліва, калі людзі даведваюцца, што «Белгазпрамбанк», якім ён кіраваў, паспяхова прайшоў падатковую праверку яшчэ ў студзені гэтага года. А тут раптам — ухіленне ад сплаты падаткаў! Ды не можа такога быць!

Пры Кебічы былі разагнаныя радыёстанцыі «Крыніца» і «Беларуская маладзёжная» — звышпапулярныя на той момант, бо давалі слова альтэрнатыўным кандыдатам (і Лукашэнку ў тым ліку). Сёлета новы міністр інфармацыі таксама выступіў за цэнзуру, за тое, каб «карэктаваць дзеянні СМІ для таго, каб забяспечыць давядзенне дзяржаўнай палітыкі і абмежаваць насельніцтва ад інфармацыі, што наносіць шкоду дзяржаве».

Дарэчы, былыя супрацоўнікі радыё «Беларуская маладзёжная» дагэтуль (26 гадоў!) узгадваюць абяцанне Лукашэнкі не толькі адкрыць радыё наноў, але і прывезці ў якасці кампенсацыі «палову кабана ды скрыню гарэлкі». Нават такое дробязнае абяцанне чвэрць стагоддзя застаецца не выкананым!

Кебіч у адносінах да сваіх апанентаў не грэбаваў «чорным піярам»: Лукашэнку спрабавалі абвінаваціць у тым, што ён скраў у сцюардэсы фен. Цяпер маштабы іншыя — Лукашэнка абвінавачвае Бабарыку ў спробах скрасці калекцыю карцін «Белгазпрамбанка». Як і ў фен, у вываз карцін за мяжу мала хто паверыў.

І, канешне ж, Кебіч разлічваў на падтрымку Масквы. Перад прэзідэнцкімі выбарамі 1994-га ён падпісаў з Чарнамырдзіным дамову пра ўвядзенне ў Беларусі расійскага рубля. У Лукашэнкі ў кішэні — так званая «31-я дарожная карта», якую ён таксама можа імкнуцца прадаць Маскве. Напэўна, гандаль ідзе, таму Крэмль квола адрэагаваў на «прыхватызацыю» дачыннага банка «Газпрама». Дый на парад у расійскую сталіцу Лукашэнка наўрад ці ездзіў проста так.


Усе, усе, усе

Некаторым падаецца, што Ціханоўскі — гэта малады Лукашэнка: такі ж нахабны, нахрапісты, звычайны «пацан з раёна», якому выпала шчасце. Але я мяркую, што Ціханоўскі — хутчэй, малады Пазняк — такі ж рамантычны і радыкальны. Праўда, у Ціханоўскага, у адрозненне ад Пазняка, няма за спінай ані структуры (БНФ), ані эканамічнага кабінету, ані дэпутацтва. Але, думаю, ёсць агульны досвед барацьбы з наменклатурай, бо Ціханоўскі — прадпрымальнік, і не мог не сутыкацца з бюракратыяй.

А вось хто сапраўды нагадвае Лукашэнку 1994-га — гэта Ганна Канапацкая. Як і Лукашэнка, яна была ў парламенце. Як і той, хісталася там з боку ў бок: ці то стварала нейкі свой рух, ці то не стварала, то была ў апазіцыі, то напісала законапраект аб гарантыях былому кіраўніку дзяржавы — ды такі, што людзі проста ахнулі. Праўда, на «скрыню цвікоў» для старшыні Палаты прадстаўнікоў яе не хапіла.

І сваю прэзідэнцкую кампанію яна вядзе «па-лукашэнкаўску», замешваючы скандалы і выказванні на мяжы абразаў. То на «праймерыз» у пракуратуру плануе скардзіцца, то на Бабарыку «наедзе». Прычым, за што выступае экс-дэпутатка, ніхто дагэтуль не ведае. Адзінае, што яна не асмельваецца — чапаць уладу. Уся яе барацьба — выключна з альтэрнатыўнымі «калегамі па цэху». Лукашэнка ж у свой час не баяўся чапляць Кебіча.

Бабарыка і Цапкала — гэта такія Шушкевіч і Дубко 1994-га. Абодва больш-менш прымальныя для шэрагу наменклатуры, якая таксама стамілася ад самадурства вышэйшага кіраўніцтва. Добрыя гаспадарнікі з апорай на «сярэдні клас», плюс — гульцы на «электаральным полі» Лукашэнкі. Яны не кажуць пра рэвалюцыю, а кажуць, што могуць лепш за дзейсную ўладу. І гэтае «лепш» пацвярджаецца проста іх жыццёвым шляхам.

Ну, а калектыўны «камуніст Новікаў» — гэта Чэрачэнь і Дзмітрыеў. Уплыў іх структур на сённяшнюю палітыку супастаўны з уплывам КПБ у 1994-м.


Канстытуцыя–1994

Цікава, што Віктар Бабарыка ініцыяваў правядзенне рэферэндуму па вяртанні Канстытуцыі менавіта ўзору 1994 года. У гэтым таксама ёсць нейкі знак — тая Канстытуцыя дазволіла абіраць прэзідэнта краіны.

Многія паставіліся да ініцыятывы Бабарыкі скептычна, але ў такога кроку ёсць пэўныя плюсы. Першы, і самы відавочны — гэта не даць «захлынуцца» актыўнасці людзей у «міжвыбарчы» перыяд, трымаць у тонусе чальцоў сваёй ініцыятыўнай групы і набіраць новых прыхільнікаў.

Другі плюс, на што звярнулі ўвагу некаторыя эксперты, — гэта, зноў жа, дэманстрацыя большасці прыхільнікаў пераменаў і канчатковы злом «спіралі маўчання». Адна справа, калі Бабарыка сабраў у сваю падтрымку больш за 400 тысяч подпісаў за месяц. Іншая — калі за два месяцы пад рэферэндумнай ініцыятывай падпішуцца 2–3 мільёны чалавек. У ідэале — тры з паловай мільёны плюс адзін. Тады, сапраўды, нельга будзе казаць, што Лукашэнка на выбарах набраў 83%, а Бабарыка — толькі 6%. Калі за рэферэндум падпішуцца 2–3 мільёны, Лукашэнка ўжо нікога не пераканае, што за яго большасць, што ён выйграў выбары сумленна. І канчаткова страціць падтрымку народа — то-бок, унутраную легітымнасць.

Трэцяе: вяртанне да Канстытуцыі–1994 аўтаматычна азначае вяртанне да аднапалатнай сістэмы парламента. То-бок — новыя выбары, новая палітызацыя грамадства і новыя магчымасці. Аж да новай спробы імпічменту.

І, канешне ж, у Канстытуцыі–1994 дзяржаўнай мовай з’яўляецца беларуская, а руская — мова міжнацыянальных зносін (артыкул 17). Гэта павінна прынесці Бабарыку галасы «тытульнай апазіцыі» і аспрэчыць навешаны яму ярлык «праекту Газпрома».


«Няма таго, што раньш было»

Канешне, Лукашэнка ўзору 2020-га — зусім не Кебіч узору 1994-га. У кіраўніка краіны ёсць (пакуль) падкантрольны яму сілавы апарат, ён не грэбуе рэпрэсіямі, яму цалкам падкантрольны ЦВК, і наўрад ці хто з кіраўнікоў дзяржСМІ наважыцца даць пляцоўку для выказванняў «умоўнаму Бабарыку».

Але і грамадства цяпер не тое. Яно значна менш залежыць ад афіцыйных СМІ, сёння камера на тэлефоне ёсць у кожнага, і кожны — сам сабе рэпарцёр. Больш за тое, «стрымы» і допісы ў сацсеткі ўхваляюцца і маральна падтрымліваюцца «падабайкамі» грамадзян.

Да таго ж і людзі пачалі падтрымліваць адзін аднаго. Праваабаронцы спрабуюць дапамагаць людзям у прававым полі, нямала людзей аказвае суграмадзянам маральную падтрымку, нехта збірае грошы на прысуджаныя «палітычным» штрафы, хтосьці бясплатна прапануе свае паслугі. Літаральна днямі дзве сталічныя бізнес-школы заявілі, што прапануюць бясплатнае навучанне тым, хто ў выніку сваёй грамадзянскай актыўнасці страціў працу.

Раней, як напісаў Сяргей Навумчык, «большасць аддзяляла сябе ад апанентаў Лукашэнкі». Гэтая большасць у асноўнай масе палітыкай не цікавілася і не бачыла, на што здольныя ўлады пры падаўленні незадаволенасці. Цяпер гэтыя, па вызначэнні палітолага Андрэя Ягорава, «нябітыя», самі сутыкаюцца з міліцэйскай жорсткасцю. Яны ў шоку, што неапазнаныя людзі ў цывільным могуць закідваць у аўтазак усіх, хто аказаўся пад рукой. Яны не ведаюць, што такім людзям нельга супраціўляцца. І супраціўляюцца — відэа з Маладзечна, дзе людзі адбівалі дэманстрантаў у АМАПа, набрала тысячы ўхвальных каментараў.

Спіраль рэпрэсій можа прывесці (і ўжо прыводзіць) да спіралі супраціву — і не толькі негвалтоўнага. Калі ў Сінявокай і будзе «Майдан» — то толькі дзякуючы ўладзе.

І дай Бог, каб і тут паўтарыўся 1994-ты: перадача ўлады новаму прэзідэнту без гвалту і крыві. Ці ўдасца?





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: