Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Спіс чыноўнікаў, якія могуць здаць Беларусь як Крым

Камандаванне Узброеных Сілаў Беларусі, чальцы Памежнага камітэту, МУС, КДБ і нават высокія чыноўнікі з атачэння Лукашэнкі. Міжнародная выведніцкая супольнасць «Inform Napalm» абнародавала новы маніторынг «Беларусь — суверэнная дзяржава або пратэктарат Расіі?», у які трапіла 137 асобаў — магчымых агентаў расійскага ўплыву ў Беларусі.


Сярод іх — кіраўнік Генштабу Узброеных сілаў Беларусі Алег Белаконеў, які падчас брыфінгу 29 жніўня агучыў сцэнар і задуму вучэнняў «Захад-2017».

Хто яшчэ?

У спіс трапілі міністр абароны Андрэй Раўкоў і ягоныя намеснікі, найвышэйшае кіраўніцтва МУС на чале з міністрам Ігарам Шуневічам, міністр надзвычайных сітуацыяў Уладзімір Вашчанка, старшыня КДБ Валеры Вакульчык, віцэ-прэмʼеры Васіль Мацюшэўскі і Міхаіл Русы, кіраўнік ураду Андрэй Кабякоў ды іншыя.

«Калі беларускі чыноўнік, выходзячы ў адстаўку, атрымоўвае месца ў расійскім бізнесе ці нават у дзяржаўных канцэрнах, то ці не сведчыць гэта пра тое, што ён зарабіў сабе такое месца, адпрацаваў яго, выконваючы пэўныя паслугі, пакуль быў чыноўнікам у Беларусі?», — тлумачыць палітолаг Уладзімір Мацкевіч.

Як зразумець «who is who»?

Асноўным крытэрыем адбору ў спіс агентаў крамлёўскага ўплыву, паводле «Inform Napalm», стала нараджэнне чыноўнікаў і сілавікоў па-за межамі Беларусі, наяўнасць у іхнай біяграфіі фактаў службы ў савецкім КДБ, ГРУ ды іншых расейскіх ваенных падраздзяленнях, а таксама накіраванне айчынных сілавікоў у Расійскую Федэрацыю дзеля атрымання там вышэйшай адукацыі.

«Цалкам магчыма, што дзеля таго, каб гэтыя людзі былі звязаныя з расійскімі вайсковымі коламі, каб яны ўваходзілі ў расійскія афіцэрскія братэрствы і выконвалі функцыі і задачы Расійскай Федэрацыі, былі наўпроставымі агентамі ўплыву РФ у Беларусі», — кажа кіраўнік «Inform Napalm» Дзяніс Івашын.

Дыслакацыя ў Бабруйску і Баранавічах расійскай авіяцыі, выкраданне замежных грамадзянаў расійскімі спецслужбамі на тэрыторыі Беларусі, крымінальны пераслед у справе «патрыётаў» ды нарэшце – расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017», галоўны тон якіх задае Крэмль, толькі няпоўны спіс справаў, якія зыходзяць ад агентаў расійскага ўплыву, лічаць адмыслоўцы праекту «Inform Napalm».

Цяпер, як ніколі раней, беларусам неабходная кансалідацыя, каб абараніць канстытуцыйны строй Беларусі, а нашым паўднёвым суседзям з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй варта ўстрымацца ад паездак у Беларусь, бо з вялікай доляй верагоднасці яны могуць паўтарыць лёс украінца Паўла Грыба, выкрадзенага ў жніўні расійскім ФСБ у Гомлі.



Паводле Белсат

Каментаваць