Спіс ключавых асобаў у справе зніклых

Хто быў падазраваным, хто расследаваў, хто сведчыў у справе зніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага. Радыё Свабода склала спіс ключавых асобаў, звязаных з гэтым расследаваннем.


Алкаеў Алег, былы начальнік СІЗА № 1 МУС Беларусі, кіраўнік расстрэльнай каманды


У 2001 годзе Алкаеў заявіў, што ў 1999 годзе на загад тагачаснага кіраўніка МУС Юрыя Сівакова ён азнаёміў з працэдурай выканання смяротнага прысуду камандзіра спецатраду хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Дзмітрыя Паўлічэнку.

У тым жа годзе Алкаеў двойчы на асабістае ўказанне міністра выдаваў спэцыяльны пісталет ПБ-9, прызначаны для выканання смяротных прысудаў. Пазней, супаставіўшы даты, ён выказаў здагадку, што з гэтага пісталета былі забітыя Юры Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Алкаеў апублікаваў у апазіцыйным друку інтэрвію і дакументы.

Атрымаў у 2002 годзе палітычны прытулак ў Германіі.

Бажэлка Алег, былы генпракурор Беларусі

Тагачасныя генпракурор (1996–2000) разам з кіраўніком КДБ Уладзімірам Мацкевічам санкцыянавалі затрыманне Дзмітрыя Паўлічэнкі, якога падазравалі ў выкраданні зніклых. Паводле некаторых крыніц, Паўлічэнка быў дапытаны высокапастаўленымі пракурорскімі работнікамі, было высветлена, што ён меў дачыненне да гэтых злачынстваў. У сувязі з чым Алег Бажэлка быў вымушаны папрасіць у калегаў з Расіі спецабсталяванне для пошуку пахаваных целаў.

Пасля змяшчэння Паўлічэнкі ў турму КДБ Мацкевіч і Бажэлка прыйшлі да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай арыштаваць тагачаснага сакратара Рады бяспекі Віктара Шэймана як магчымага замоўцу палітычных знікненняў, але замест гэтага апынуліся самі ў адстаўцы. Алег Бажэлка больш не вярнуўся на дзяржаўную працу. Паводле розных крыніц, ён жыве ў Расіі.

Байкова Святлана, былая следчая пракуратуры


Святлана Байкова — першая следчая ў справе знікнення Юрыя Захаранкі. Яна дапытала некалькі сведак, якія бачылі, як 7 траўня 1999 года да Юрыя Захаранкі падышлі двое мужчын і запхнулі ў машыну цёмна-сіняга колеру. Байкова вяла справу два гады, пасля чаго расследаванне перадалі следчаму Уладзіміру Чумачэнку.

Байкова спецыялізавалася на расследаванні крымінальных справаў аб цяжкіх гвалтоўных злачынствах, адной з першых у Беларусі пачала расследаваць крымінальныя справы паводле артыкулу «Бандытызм». Пасля пераводу ў Генеральную пракуратуру яна стала расследаваць «карупцыйныя» справы, у якіх асуджаліся супрацоўнікі МУС, КДБ і мытні.

У сакавіку 2010 году была арыштаваная КДБ праз абвінавачванне ў злачынствах супраць правасудздзя, а таксама супраць інтарэсаў службы. Была асуджаная на два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы закрытага тыпу.

Ігнатовіч Валеры, Малік Максім, Гуз Аляксей і Савушкін Сяргей — асуджаныя ў справе аб знікненні Змітра Завадскага

14 сакавіка 2002 года ў справе аб выкраданні Змітра Завадскага былі асуджаныя былыя супрацоўнікі спецатраду міліцыі «Алмаз». Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі і асудзіў былых міліцыянтаў Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка на пажыццёвае зняволенне, былога курсанта акадэміі МУС Аляксея Гуза на 25 гадоў зняволення, беспрацоўнага, раней судзімага Сяргея Савушкіна на 12 гадоў.

Паводле абвінавачання, матывам злачынства стала помста: нібыта Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў чачэнскай вайне на баку баевікоў. Асуджаныя не прызналі сваёй віны ні ў адным з эпізодаў.

Мацкевіч Уладзімір, былы старшыня КДБ Беларусі

У лістападзе 2000 года тагачасны старшыня КДБ генерал-лейтэнант Уладзімір Мацкевіч разам з генпракурорам Алегам Бажэлкам санкцыянавалі арышт камандзіра спецчасткі ўнутраных войскаў № 3214 Дзмітрыя Паўлічэнкі. Пасля ўмяшання Лукашэнкі Дзмітры Паўлічэнка быў вызвалены, а Мацкевіча і Бажэлку адправілі ў адстаўку.

Пасля адстаўкі Мацкевіча прызначылі паслом у Югаславію, а потым у Сербію і Чарнагорыю. Адстаўлены з гэтых пасадаў у 2008 годзе, вярнуўся ў Мінск, потым пераехаў у Маскву, дзе працаваў дарадцам гендырэктара буйной расійскай кампаніі. Потым быў дарадцам кампаніі «Газпромнефть» у Мінску.


Лапацік Мікалай, былы начальнік крымінальнай міліцыі МУС


У 2001 годзе ў выніку следства генерал‑маёр міліцыі Мікалай Лапацік падаў рапарт на імя тагачаснага міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава, у якім абвінаваціў Віктара Шэймана ў тым, што той даў загад на знішчэнне Юрыя Захаранкі. Паводле рапарту, загад выконваў Дзмітры Паўлічэнка пры дапамозе Юрыя Сівакова, які забяспечыў групу пісталетам ПБ‑9, часова забраным з мінскага СІЗА № 1.

Навумаў Уладзімір, былы міністр унутраных справаў Беларусі


Былога кіраўніка службы аховы прэзідэнта, экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі (25 верасня 2000 — 6 красавіка 2009) Уладзіміра Навумава падазраюць у датычнасці да справаў зніклых. Менавіта яму начальнік крымінальнай паліцыі Беларусі генерал Лапацік адрасаваў напісаны ад рукі рапарт, у якім абвінаваціў у знікненнях тагачаснага сакратара Рады бяспекі Віктара. На дакуменце была рэзалюцыя Навумава «Ажыццявіць». Пазней улады назвалі дакумент фальшыўкай.

У 2009 годзе Навумаў пайшоў у адстаўку па стане здароўя. Паводле розных крыніц, жыве ў Расіі.

Паўлічэнка Дзмітрый, былы камандзір спецатраду хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС


Палкоўніка МУС у адстаўцы Паўлічэнку падазраюць у арганізацыі забойстваў «зладзеяў у законе», а таксама Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, кіраўніка беларускага аддзялення РНА Глеба Самойлава.

23 лістапада 2000 года Дзмітры Паўлічэнка быў затрыманы праз падазрэнне ў арганізацыі шэрагу забойстваў, але быў вызвалены на загад Аляксандра Лукашэнкі. Выйшаўшы са следчага ізалятару, Паўлічэнка заявіў перад тэлекамерамі, што «гатовы выканаць любы загад прэзідэнта».

Петрушкевіч Дзмітры і Случак Алег, былыя следчыя генпракуратуры

У чэрвені 2001 году, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, былыя следчыя пракуратуры Дзмітры Петрушкевіч і Алег Случак заявілі, што ў краіне існуе так званы «эскадрон смерці», які быў створаны міністрам унутраных справаў Юрыем Сіваковым на загад сакратара Рады бяспекі Віктара Шэймана. Па інфармацыі следчых, брыгаду ўзначальваў Дзмітры Паўлічэнка. Паводле іх, пасля адстаўкі Сівакова «эскадрон» нібыта перайшоў пад кантроль Уладзіміра Навумава.

Петрушкевіч і Случак сцвярджалі, што групай было ўчынена блізу 30 забойстваў. Пазней паведамлялася, што яны з’ехалі ў ЗША.

Сівакоў Юры, былы кіраўнік унутраных войскаў і міністр унутраных справаў

photo.bymedia.net

photo.bymedia.net

Юры Сівакоў быў міністрам у той час, калі адбылося выкраданне Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Яго падазраюць у стварэнні «эскадронаў смерці» і арганізацыі забойстваў палітычных апанентаў рэжыму Лукашэнкі. У 2001 годзе былы кіраўнік СІЗА № 1 Алег Алкаеў заявіў, што Юры Сівакоў непасрэдна аддаваў загад на выкананне смяротнага прысуду зніклым палітыкам.

Угляніца Генадзь, супрацоўнік КГБ, і Жарнасек Андрэй, актывіст арганізацыі «Край»

У жніўні 2001 года, за два тыдні перад прэзідэнцкімі выбарамі, супрацоўнік КДБ Беларусі капітан Генадзь Угляніца і актывіст арганізацыі «Край» Андрэй Жарнасек распаўсюдзілі відэакасету з абвінавачаннямі ў адрас уладаў Беларусі ў знішчэнні вядомых апазіцыянераў. Яны сцвярджалі, што ведаюць месца забойства і пахавання Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, якія прапалі ў 1999 годзе. Угляніца і Жарнасек былі абвешчаны ў вышук КДБ, але здолелі пакінуць краіну і атрымалі палітычны прытулак у Нарвегіі.

Удовікаў Міхаіл, былы намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі

12 траўня 1999 года намеснік кіраўніка МУС Міхаіл Удовікаў, вывучыўшы матэрыялы вышуковай справы, звярнуўся з лістом да генеральнага пракурора Алега Бажэлкі аб неабходнасці завесці крымінальную справу па факце знікнення Юрыя Захаранкі паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу аб наўмысным забойстве.

У лісце Удовікава адзначалася, што, «зыходзячы з абставінаў справы і наяўных матэрыялаў, мяркуецца, што Захаранка мог стаць ахвярай злачынства». Пазней быў прызначаны намеснікам дзяржсакратара Рады бяспекі. Цяпер Удовікаў — палкоўнік міліцыі ў адстаўцы.

Чумачэнка Уладзімір, следчы пракуратуры ў асабліва важных справах

Следчы пракуратуры Уладзімір Чумачэнка на працягу некалькіх гадоў расследаваў справы зніклых. Справу аб знікненні Захаранкі Чумачэнку перадалі ад следчай Святланы Байковай, якая займалася ёй больш за два гады. Як тады было патлумачана, «няма падставаў казаць, што Байкова не справілася з расследаваннем, але ўзніклі новыя абставіны, якія прымусілі яе замяніць». Чумачэнка таксама расследаваў забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай. У 2019 годзе Чумачэнка памёр ва ўзросце 63 гадоў з прычыны хваробы сэрца.

Шарыпа Сяргей і іншыя аператыўнікі, якія шукалі Захаранку адразу пасля выкрадання

Пасля знікнення Юрыя Захаранкі была створана аператыўна-вышуковая група, у якую ўваходзілі кіраўнікі вышуку мінскай міліцыі Сяргей Шарыпа ды следчыя Федарэнка, Даноўскі, Каваль, начальнік следчага падраздзялення Кастрычніцкага РУУС Пятліцкі і намесніка начальніка крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РУУС Дзёмкін.

Шэйман Віктар, былы генпракурор і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта


Шэйман — адзін з ключавых падазраваных у справе зніклых. Як вынікала з рапарту генерала Лапаціка, Віктар Шэйман загадаў свайму падначаленаму Юрыю Сівакову арганізаваць выкраданне і знішчэнне Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, што было выканана пры ўдзеле Дзмітрыя Паўлічэнкі. Тагачаснага генпракурора Алега Бажэлку адправілі ў адстаўку, а ягонае месца заняў Віктар Шэйман. Знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і ЗША. З 2009 года — памочнік прэзідэнта па асаблівых даручэннях, з 2013-га — куратар беларускіх праектаў у Афрыцы.

Ганна Соўсь, svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: