Споведзь псеўдааналітыка

Тое, што ў Беларусі не дазволена аўтарытэтнаму навукоўцу-дзяржаўніку, дазволена псеўдааналітыку.

Усе мае знаёмыя сацыёлагі могуць пацвердзіць свой прафесійны статус адпаведным дыпломам, чаго не скажаш пра большасць палітолагаў. Беларускі палітолаг — гэта чалавек, здольны жангляваць 10–15 спецыфічнымі тэрмінамі, аналізуючы бягучыя грамадска-палітычныя падзеі. Выключэнні з гэтага правіла можна пералічыць на пальцах адной рукі.

Непаўнавартаснасць прафесійнай ідэнтычнасці спараджае пачуццё дыскамфорту. Але дапамога прыйшла, адкуль яе не чакалі: 13 снежня на ІІ З’ездзе вучоных адзіны палітык (АП) знайшоў, дакладней сказаць, сканструяваў патрэбнае слова. Цытую: «Сёння СМІ і інтэрнэт напоўненыя думкамі розных псеўдааналітыкаў (вылучана. — С.Н.)».

Паводле рэцэпту мітрапаліта Іларыёна

Прыстаўка «псеўда» паходзіць ад грэчаскага слова «ψευδής», што значыць «ілжывы». Хлусні ў гэтым свеце супрацьстаіць праўда. Такая вось «салодкая парачка», ці «дуальная апазіцыя», як сказалі б людзі адукаваныя.

«Праўда, — тлумачыць гісторык Аляксандр Ахіезер, — носіць вельмі нявызначаны, абстрактны характар у адрозненне ад хлусні (крыўды), якая звычайна ўвасобленая ў канкрэтным вобразе пэўнага носьбіта зла: буржуа, ворагаў народа, кааператараў і іншых».

Нявызначанасць праўды — не наш выпадак. У Беларусі ўменню адрозніваць праўду ад хлусні пачынаюць навучаць у дзіцячым садку, і ў гэтай высакароднай справе ўдзельнічаюць усе — «і ўлада, і школа, і сям’я». Сумеснымі намаганнямі гэтай тройцы фармуюцца арыенціры, «якія дапамогуць кожнаму стаць сапраўдным патрыётам і грамадзянінам» (з выступу АП на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педагагічнага савета 24 жніўня 2017 года).

«Праўда» да вядомай ступені падмяніла ў нас «права». У гэтым сэнсе Захад нам не ўказ. Бо «праўда», як пра гэта пісаў яшчэ ў XI стагоддзі ў «Слове пра закон і ласку» мітрапаліт Іларыён, ёсць і ісціна, і цнота, і справядлівасць, і закон. Гэта значыць, рэлігійна-маральны пачатак растварае ў нас пачатак юрыдычны.

Мае рацыю, тройчы мае рацыю АП, калі сцвярджае, што ў законах усё не прапішаш. Але мы ж не проста людзі — мы ж славяне! Таму калі не хапае таго ці іншага закона або нарматыўнага прававога акта, мы дзейнічаем згодна са справядлівасцю, якая пры гэтым выступае сінонімам праўды — нашай праўды. Арэал яе пражывання абмежаваны дзяржаўнай мяжой, а дакладней, тэрыторыяй, на якой грамадскае меркаванне фарміруецца беларускімі тэлеканаламі.

Але нягледзячы на намаганні прафесіяналаў «блакітнага экрану», сфарміраваць адзіную думку не атрымліваецца. Любое палітызаванае пытанне расколвае беларускае грамадства на «большасць» і «меншасць». Каб не спасылацца ў чарговы раз на сацыёлагаў НІСЭПД, якія атрымлівалі свае вынікі «на каленках», прапаную адкрыць манаграфію «Каштоўнасны свет сучаснага чалавека: Беларусь у праекце “Даследаванне еўрапейскіх каштоўнасцяў”», падрыхтаваную супрацоўнікамі Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ.

На старонцы 20 прыведзены адказы на пытанне: «У якім кірунку развіваюцца падзеі ў Беларусі?» У 2008 годзе адказы размеркаваліся наступным чынам: у правільным — 42,5%, у няправільным — 17,9%, і не здолелі адказаць 39,6%.

Вось такая атрымалася «наша праўда». У 2008 годзе рэальныя грашовыя даходы беларусаў павялічыліся на 13%. Гэта быў пяты запар год іх двухзначнага росту. Тым не менш у правільнасці курсу «беларускай мадэлі» прапаганда не здолелі пераканаць нават палову беларусаў!

Што хвалюе ветэранаў

Акрамя «і ўлады, і школы, і сям’і» адказнасць за фарміраванне «нашай праўды» АП усклаў на аўтарытэтных навукоўцаў-дзяржаўнікаў. Гэта гістарычная падзея была прымеркавана да ІІ З’езду вучоных, на якім АП выступіў з дакладам.

Усё лагічна. «Наша праўда» ёсць вытворная ад аўтарытэту ўлады і дзяржавы. Па-за дзяржавай праўды няма і быць не можа. Для «чалавека савецкага» (базавы тып беларускага грамадства), які выйшаў са сталінскага шынялю, усё, што знаходзіцца па-за дзяржавай, праходзіць па катэгорыі «псеўда».

У адрозненне ад раздражняльнага піску псеўдааналітыкаў, голас аўтарытэтнага навукоўца-дзяржаўніка павінен гучаць выразна ды гучна. Такая ставіцца задача. Аднак да яе рэалізацыі яшчэ далёка. Цытую АП: «Скажыце, колькі з тых тысяч, якія я называў, нашых навукоўцаў-дзяржаўнікаў сёння ведаюць народ? Дзе яны, гэтыя навукоўцы-патрыёты, якія павінны абараніць дзяржаву ў інфармацыйнай вайне?»

Пытанні такога кшталту прынята называць «рытарычнымі», — г.зн. пытаннямі, адказваць на якія не трэба або не мае сэнсу праз іх крайнюю відавочнасць. Няздольнасць навукоўцаў-патрыётаў вывучаць народ сфармавалася не сёння. Уся іх энергія сыходзіла і працягвае сыходзіць у ідэалагічны свісток. «Не надта пісьменны, але надта партыйны», — казалі пра такіх у гады маёй маладосці.

Патрыятызм (ад грэчаскага «πατρίς» — «бацькаўшчына») — маральны і палітычны прынцып, зместам якога з’яўляецца любоў да радзімы і гатоўнасць ахвяраваць сваімі інтарэсамі дзеля яе. Але «наш патрыя­тызм», як і «наша праўда», адмысловы. Ён дзяржаўны. У яго аснове не любоў да радзімы, а любоў да дзяржавы і лаяльнасць у адносінах да ўлады. Пра гэта не прынята казаць адкрыта. Але тое, што ў звычайнага чалавека на розуме, то ў палітпрацаўніка на языку.

Нездарма ж амаль год я чакаў чарговага нумара часопіса Інстытута сацыялогіі НАН РБ. Здавалася б, фармат навуковага часопіса мае на ўвазе публікацыю выключна вынікаў сацыялагічных даследаванняў. Аднак і для артыкулаў, вартых савецкага «Даведніка прапагандыста», месца ў часопісе знайшлося.

Падмацую гэту неардынарную выснову цытатай з артыкула «Фарміраванне патрыятычных каштоўнасцяў курсантаў Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь у сучасных умовах»: «Скажу шчыра, ветэранаў непакоіць, каб сённяшні афіцэр-памежнік не перастаў быць дзяржаўным чалавекам... <...> Гэта хваляванне абумоўлена ўсведамленнем, што ва ўмовах масіраванай інфармацыйнай агрэсіі цяжка захоўваць пачуццё дзяржаўнага патрыятызму (вылучана. — С.Н.), асабліва ў маладых афіцэраў-памежнікаў».

Патрыёты са знакам якасці

Так, няпроста ў сучасных умовах захоўваць пачуццё дзяржаўнага патрыятызму. Але мы не баімся цяжкасцяў. Да таго ж аўтарытэтныя навукоўцы-дзяржаўнікі ў нас яшчэ не зніклі. Налічваюцца іх, на жаль, не тысячы, а адзінкі, але ў навуцы і адзін у полі воін. Узяць, да прыкладу, дырэктара Інстытута сацыялогіі, прафесар Ігара Катлярова, чый рэдактарскі артыкул, безумоўна ўпрыгожыў апошні нумар «Сацыялагічнага альманаха».

Артыкул прысвечаны цывілізацыйнаму коду беларусаў. Таму пачну з вызначэння, дадзенага масцітым навукоўцам: «Цывілізацыйны код — гэта сістэма знакаў сацыякультурнага характару, што склалася гістарычна, пэўных камунікацый, дзякуючы якім перадаецца сацыяльны вопыт і сэнс жыцця ад пакалення да пакалення».

Нагадаю чытачам НЧ, што аўтар вызначэння — дырэктар інстытута сацыялогіі. Яму, як гаварыцца, і карты (лічбы) у рукі. Аднак уся канкрэтыка, заснаваная на шматлікіх сацыялагічных даследаваннях, абмежавалася галаслоўным сцвярджэннем пра тое, што «беларускай нацыянальнай свядомасці ўласцівая ідэя патрыятызму як найвышэйшай каштоўнасці Радзімы, паважлівае стаўленне да роднага краю, клопат аб захаванні і памнажэнні яго багаццяў».

А як наконт нацыянальнай свядомасці нашых бліжэйшых суседзяў — палякаў, літоўцаў, латышоў, рускіх і ўкраінцаў? Сучасныя міжкраінавыя даследаванні дазваляюць правесці адпаведныя параўнанні. Але не прафесарская гэта справа. Значна прасцей разважаць пра традыцыі ўсенароднага подзвігу, на якіх «адбываецца сінтэз інтэлектуальных, эмацыйных, валявых сфер асобы з каштоўнасцямі і сэнсамі, што накіроўваюць чалавека на стваральнае асэнсаванне сацыяльна-палітычных рэаліяў».

Але тое, што ў Беларусі не дазволена аўтарытэтнаму навукоўцу-дзяржаўніку, дазволена псеўдааналітыку. У прыватнасці, ніхто не перашкаджае азнаёміцца з вынікамі сусветнага навукова-даследчага праекту (World Values Survey), накіраванага на вывучэнне каштоўнасцяў.

Карыстаюцца вынікамі WVS і супрацоўнікі Інстытута сацыялогіі, публікуючы ў адкрытым друку дадзеныя, якія ставяць пад сумнеў высновы прафесара аб высокай каштоўнасці беларусаў.

І — з дазволу чытачоў — я паспрабую скончыць першую ў 2018 годзе «Азбуку паліталогіі» на мажорнай, а для кагосьці і на мінорнай ноце: «Іншадумства — гэта вышэйшая форма патрыятызму».

Але да гэтай думкі, выказанай адным з аўтараў Дэкларацыі незалежнасці ЗША Томасам Джэферсанам больш за дзвесце гадоў таму, беларускім патрыётам-дзяржаўнікам дарасці, мяркуючы па ўсім, не наканавана.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!