«Справа не ў эканоміцы». Чаму Лукашэнка не ўводзіць каранцін

Гэта адзін з самых рызыкоўных эксперыментаў Лукашэнкі за яго кар’еру, лічыць Арцём Шрайбман.
Кіраўнік Беларусі ў чарговы раз загаварыў пра выратаванне эканомікі, якую нельга спыніць нават перад пагрозай каронавіруса.

Эканоміка, эканоміка, эканоміка... Гэтыя словы мы чуем з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі практычна кожны дзень. «Што жэрці будзем?» — пытаўся кіраўнік Беларусі 7 красавіка, тлумачачы сваё рашэнне не ўводзіць каранцін. І вось зноў. «Для нас найважнейшая — эканоміка», — заявіў ён 8 красавіка на сустрэчы з кіраўніком МНС.

Але ці ўся справа ў эканоміцы? Бо існуе мноства мер, якія маглі б спыніць распаўсюд віруса без фінансавых выдаткаў і без увядзення каранціну, аднак яны чамусьці ўпарта ігнаруюцца ўладамі. Напрыклад, забарона масавых мерапрыемстваў, закрыццё грамадскіх месцаў збору людзей, перавод школьнікаў і студэнтаў на дыстанцыйнае навучанне. Гэтыя меры не каштуюць амаль нічога і падтрымліваюцца большасцю беларусаў.

Але ўлада не робіць нават гэтага. Дык прычым тут эканоміка? — адзначае палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман у сваёй праграме «Разжавана» на TUT.BY. — Масква адмяніла парад 9 траўня і начныя рэпетыцыі да яго, можна было не толькі паберагчы здароўе людзей, але і зэканоміць грошы. Раз гэтага не адбываецца, значыць справа не толькі і не столькі ў эканоміцы.

Палітычны аглядальнік лічыць, што галоўная прычына — у асабістым стаўленні Лукашэнкі да праблемы. Для яго ўвесці хоць нейкія масавыя абмежаванні — значыць, праявіць слабіну.

Не атрымаецца адначасова называць СМІ галоўным ворагам, але пры гэтым уводзіць маштабныя меры. А раптам хтосьці падумае, што і сам кіраўнік дзяржавы паддаўся паніцы? — тлумачыць Арцём Шрайбман.

Але тут ёсць вельмі вялікая небяспека, лічыць эксперт. Бо, калі галоўным ворагам аб’яўляецца паніка, а не вірус, чыноўнікі або высокапастаўленыя медыкі могуць пабаяцца выглядаць панікёрамі і спрачацца з кіраўніком дзяржавы, нават калі сітуацыя пачне выходзіць з-пад кантролю.

— У выніку можа апынуцца, што з-за гэтага паралічу сістэмы, страху нагнятаць паніку, мы прапусцім момант, калі позна будзе ратаваць сітуацыю, — адзначае Шрайбман.

На яго думку, Лукашэнка зараз вельмі рызыкуе:

Гэта адзін з самых рызыкоўных эксперыментаў Лукашэнку за яго кар’еру. Калі яго стаўка спрацуе, і Беларусь не стане лідэрам у рэгіёне па сумнай статыстыцы, ды яшчэ і не заб’е эканоміку, ён будзе трыумфатарам. Але калі сітуацыя пойдзе па іншым сцэнары, то і перакласці адказнасць на кагосьці іншага не атрымаецца. Аўтар унікальнага беларускага шляху сам узяў яе на сябе.

Паводле Салідарнасці

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: