Справа прафсаюзаў: Фядыніча і Комліка праслухоўваюць па сённяшні дзень?

Падчас разгляду справы прафсаюзных лідараў усплываюць усё новыя падрабязнасці «аператыўнай працы»
.


Сёння пракурор упэўнена зачытваў банкаўскія выпіскі на літоўскай мове, следчыя ДФР казалі, што ніякага ціску на сведак і абвінавачаных не было, а агентка КДБ Юлія Юхнавец у гэтым іх падтрымлівала. Але галоўнай неспадзяванкай пасяджэння сталі дадзеныя следства аб праслухоўцы абвінавачаных: пракурор цытаваў іхнія размовы за травень-ліпень 2018 года (калі справа ўжо была перададзеная ў суд). Фядыніч заявіў, што гэтыя доказы былі здабытыя з парушэннем закону, і таму не маюць доказнай сілы. Суддзя абвясціла перапынак — на цэлых тры дні.

Яшчэ большым сюрпрызам стаў візіт на гэты суд журналістаў БТ, якія пад кпіны і неадабральныя воклічы навакольных узялі каментар па справе ў Генадзя Фядыніча.


БТ бярэ каментар у Фядыніча


Аб супрацы дзяржаўных органаў у гэтай рэзананснай справе, доказнай базе следства і агульных стратэгіях сілавікоў у дачыненні да незалежных грамадскіх сіл НЧ паразмаўляў з выканаўчым дырэктарам праваабарончай установы «ТаймАкт» Васілём Завадскім.

Васіль Завадскі. Фота Дзіяны Пінчук.


— Як вашае ўражанне ад сённяшняга працэсу?

— Сёння — даволі прыкрае. Менавіта сёння, бо раней было лепш. Праяўляецца самая сутнасць нашай «праваахоўнай», так званай, сістэмы, калі элементарныя рэчы, такія, як зварот да адваката, юрыдычныя кансультацыі, расцэньваюцца абвінаваўцам як сведчанне злачынства (пракурор зачытваў размовы Фядыніча, у якіх ён дае прававыя кансультацыі і інструкцыі па зносінах са следствам, у якасці доказаў віны, — заўв. НЧ). Таму сёння прыкра. Наогул, я быў кожны дзень на працэсе, мала што прапусціў. Уражанне ў мяне такое, што прафсаюз трымаецца годна, доказаў у следства няма, прынамсі, за той перыяд, які ім інкрымінуецца. А тое, што яны назбіралі, не мае адносінаў ні да гэтага перыяду, ні да злачынства навогул. Звычайная гаспадарчая справа: прафсаюз працуе, аказвае дапамогу людзям.

— На працэсе высветлілася, што Фядыніча праслухоўвалі ажно да ліпеня, і магчыма, праслухоўваюць дагэтуль. Навошта, калі, нібыта, была сабраная дастатковая колькасць доказаў для накіравання справы ў суд? Што гэта? Проста ціск ці надзея на яшчэ адну крымінальную справу?
— Следчыя таксама разумеюць (там жа ёсць і разумныя людзі), што база доказаў у гэтай справе адсутнічае. Прынамсі, прамых доказаў дакладна няма. Я не юрыст, але, разумею так, што спрабавалі выйсці на ўскосных доказах.
У 2015 годзе агентка КДБ сказала, што правозіла нейкія грошы — і сёння прынесла дакумент (раней яна, заўважце, яго не паказала), нібыта інструкцыю, як сябе паводзіць на судзе. Заўважу, на следстве гэты дакумент не фігураваў. І вось следства, разумеючы, што доказная база адсутнічае, спрабуе нешта захаваць на будучыню. З майго пункту, аб гэтым сведчаць пытанні, якія задаюцца пракурорам: за 2015-ы, 2016-ы гады. І, наколькі ведаю, 5–6 тамоў справы пакінуты на будучыню, — выдзеленыя ў асобную вытворчасць.

— Думаеце, працэс яшчэ будзе цягнуцца?
— Не ведаю, будзе цягнуцца ці не, але гэта, на маю думку, інструмент ціску: і на абвінавачаных, і на сведак, і тое, што сёння прагучала (допыты сведак у пракуратуру, праслухоўванне Фядыніча) — таксама інструмент ціску.

— Той факт, што ў гэтым ціску задзейнічана столькі структур: пракуратура, следчыя, аператыўнікі, КДБ, АМАП, які перашкаджае людзям трапіць на пасяджэнне, суд Савецкага і Ленінскага раёна — аб чым гэта кажа? Бо робіцца ўражанне, што ўся дзяржаўная машына — супраць прафсаюза. Ён такі небяспечны?
— Па-першае, вось гэтая ўся атмасфера, якая адмыслова тут ствараецца, яна падтрымліваецца ва ўсёй дзяржаве. На дзяржаўным узроўні рэалізуецца палітыка: выклікаць у людзей страх. Каб нікуды не выходзілі. Баяліся выказаць уласнае меркаванне.
Што да прафсаюзаў, рэжым мэтанакіравана дзейнічае ў адным рэчышчы: імкнецца знішчыць усё незалежнае.

— Нават непалітызаванае?
— Нават неабавязкова палітызаванае. Той, хто дзейнічае нейкім чынам незалежна, той уяўляе пагрозу для гэтага рэжыму (і гэта так і ёсць), ці будуць гэта прафсаюзы, ці фермер, які сам вырашае, што яму сеяць, калі збіраць ураджай і як з грашыма абыходзіцца, ці гэта нейкая недзяржаўная арганізацыя — усе яны, на думку рэжыму, уяўляюць пагрозу для яго, і таму ўся гэтая дзяржпалітыка будуецца на прынцыпах: не дапусціць, не даць, не дазволіць, не рэгістраваць. А калі зарэгістраваўся — ажыццявіць судовы пераслед.

— Чаму, як думаеце, супрацоўнікі БТ прыехалі толькі сёння? Ці гэта было іх самастойнае рашэнне, і чаму ўвогуле прыехалі?
— Хацелася б верыць, што яны прыехалі, каб падаць аб'ектыўную карціну. Я аптыміст па жыцці! Але на жаль, апошнія гады паказваюць, што аб'ектыўнай карціны ад дзяржаўнага тэлебачання мы не дачакаемся.
Чаму менавіта сёння прыехалі? Думаю, гэта выклікана менавіта тым, што сёння прагучала інфармацыя, з якой знаёміліся толькі следства і абвінавачанне. Магчыма, суд. А абвінавачаны — не знаёміўся. Гэта інфармацыя пра праслухоўку. Я мяркую, гэта звязана менавіта з тым, што яны, можа, спадзяваліся на нейкую разгубленасць з боку абвінавачаных і хацелі падлавіць іх і неяк адпаведна падаць. То бок яны спадзяваліся, што будзе нечаканасць і будзе магчымасць знянацку падлавіць.


Супрацоўнікі БТ ля суду выглядалі дысанансам — на іх была скіраваная ўся ўвага.


— Чаму, як думаеце, суддзя пачала так часта браць перапынкі? (да гэтага быў зроблены перапынак у 1 дзень. — прым. НЧ) Хіба з кімсьці кансультуецца?
— Першыя дні судовых пасяджэнняў быў заўважаны намеснік старшыні гарадскога суда, і я сам бачыў. Як суддзя абвясціла перарыў, зайшла ў кабінет, і з ёй зайшоў нейкі іншы чалавек. Таму, сапраўды, у гэтыя перапынкі ідзе меркаванне, што рабіць. Наогул, на жаль у нашай рэчаіснасці, усе, з кім я абмяркоўваў, сышліся ў думцы, што прысуд ужо ёсць. А ўвесь гэты спектакль — для публікі. Ён закліканы паказаць, што нешта сапраўды разглядаецца, суд ідзе. На самай справе суддзя, я мяркую, разумны чалавек, і бачыць таксама, што доказаў няма і, па вялікім рахунку, няма на чым базаваць прысуд. Ціск на суд, безумоўна, ажыццяўляецца. Бо каб гэта арганізаваць: гэта і пракуратура, і АМАП, і аўтазакі, і «даглядчыкі» (нібыта цывільныя, а насамрэч садзяцца ўвечары ў адзін аўтазак з амапаўцамі), карацей кажучы, дзяржаўная машына задзейнічана, і яна спрабуе, каб гэтыя шасцярэнькі, працавалі разам і гарманічна — не дазволіць збояў.

— Як лічыце, ці атрымаецца пераканаць унутраную і знешнюю аўдыторыю абвінаваўчым прысудам у тым, што Комлік і Федыніч усё ж злачынцы?
— Думаю, як звычайна, для тых, хто глядзіць БТ, будзе пераканаўчым тое, што скажа БТ або расійскія тэлеканалы. Для тых, хто карыстаецца іншымі крыніцамі інфармацыі, многімі крыніцамі — для іх ужо мы павінны працаваць над тым, каб даць аб'ектыўную карціну. Гэта і незалежныя сродкі масавай інфармацыі, і ў інтэрнэце, і сацсеткі. І людзі, якія думаюць і карыстаюцца гэтымі крыніцамі і спрабуюць мець уласнае меркаванне, яны, думаю, будуць мець магчымасць зрабіць аб'ектыўную выснову.

— Вы наведалі амаль усе працэсы, бачыце абвінавачаных збоку. Ці бачыце вы, каб абвінавачаныя былі разгубленыя, дэмаралізаваныя ад гэтага ціску дзяржаўнай машыны?
— Не, абсалютна не бачу. Я ў захапленні і ад Фядыніча і ад Комліка. Асабліва сёння, скажу, па ім нанеслі нечаканы ўдар, але абодва трымаліся годна, устойліва — і гэта сведчыць, што праўда на іх баку.

Фота Мікалая Дзядка, Дзіяны Пінчук

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: