
Пасля зачытання дакументаў Фядыніч заявіў хадайніцтва аб агалошванні адказаў Швецыі і Даніі на запыты. Аднак не здолеў назваць дакладна ліст справы, дзе яны знаходзіліся — і гэта стала нагодай адмовіць. Імаверна, што ў той час як Літва адмовілася супрацоўнічаць з беларускім следствам у справе доказаў "незаконнай дзейнасці" РЭП, і дасслала адмову, Данія і Швецыя наўпрост праігнаравалі беларускія запыты. Як сказаў сам Фядыніч — адказаў на іх у справе няма ўвогуле.
Па просьбе Комліка былі зачытаныя справаздачы аб перакладзе пэўных дакументаў са шведскай, дацкай і літоўскай моў. Апынулася, што агулам на пераклады Следчы камітэт патраціў не менш за 1400 рублёў ("А экспертызы? А працоўны час?" — узбураліся людзі ў залі).

Былі агалошаныя афіцыйныя адказы Нацбанка аб рахунках прафсаюза РЭП (якіх дэ-факта не было) і адсутнасці здзелак з каштоўнымі металамі і паперамі. Згодна з матэрыяламі справы ані Комлік ані Барысевіч (цёшча Федыніча) не маюць рахункаў у банках, электронных гаманцоў, сейфаў і іншых прыкметаў раптоўнага ўзбагачэння. Калі ж дайшло да маёмасці Комліка, пракурорка назвала "Аўтамабіль МАЗ 1999 года выпуску". Устаўшы, Комлік заявіў, што "аўтамабіль" — гэта прычэп, «які каштуе 100 долараў» Заява выклікала смех у залі.
Зачытваліся дадзеныя пра адміністрацыйныя правапарушэнні Комліка. Нібыта адно такое ён здзейсніў 24 верасня 2017 года. Зноў Комлік перарваў пракурорку і заяўляе, што нічога такога здзейсніць ён не мог, бо ў гэты час знаходзіўся ў СІЗА.
Калі пракурорка зачытвала інфармацыю пра цёшчу Комліка, высветлілася, што яе ўзрост на 8 гадоў большы, чым зачытаны ў справе. "Мне нават цешчу сфальсіфікавалі!" — абурыўся Комлік. Зала засмяялася зноў.
Цікавым момантам стала чытанне рапарта следчага, які той напісаў пасля вывучэння вынікаў аператыўна-пошукавай дзейнасці ў дачыненні да Комліка. З рапарту вынікае, што нягледзячы на праслухоўку размоваў, прагляду электроннай перапіскі і іншых "шпіёнскіх" дзеянняў, падстаў для крымінальнага пераследу так і не было знойдзена. Зала сустрэла гэта апладысментамі.
Напрыканцы Комлік зачытаў сваё хадайніцтва кіраўніку следчай групы, дзе прасіў спыніць крымінальную справу. У хадайніцтве ён падрабязна распавёў аб супрацьстаянні прафсаюза з адміністрацыяй прадпрыемстваў і ўладамі, падкрэсліў матэрыяльную шкоду ад гэтых дзеянняў. Яна, на погляд Комліка, нашмат больш за тую, якую ён нібыта нанёс дзяржаве.
Суд прыняў рашэнне аб паўторным выкліку некаторых сведак, якія дагэтуль не з'явіліся ў суд. Такіх набралася амаль з дзясятак. Працэс працягнецца 8 жніўня ў 10.00 у судзе Ленінскага раёна.
Уражаннямі ад чарговага пасяджэння мы папрасілі падзяліцца Генадзя Фядыніча.
