Станіслаў Шушкевіч: Еўропа рада падманвацца

У Мінск па запрашэнні АБСЕ прыехаў спецдакладчык ААН Міклаш Харашці. Ён возьме ўдзел у 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, якая праходзіць 5–9 ліпеня ў беларускай сталіцы. Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч пракаментаваў візіт высокіх гасцей у Беларусь.



—  Тое, што сесія Парламенцкай Асамблеі АБСЕ пройдзе ў Мінску, гэта добра. Усё ж такі нам трэба падтрымліваць добрыя стасункі з Захадам. Іншая справа, што Еўропа лічыць, што сённяшні беларускі рэжым можна перавыхаваць, але, як мне падаецца, гэта ім зрабіць не ўдасца. Хаця, безумоўна, еўрачыноўнікі пачуюць у Мінску тое, што хочуць пачуць, — рыторыкі ў беларускіх уладаў не займаць, а за словы расплочвацца не трэба. Пры гэтым змены палітычнага курса ніхто так і не дачакаецца. Але здзіўляцца не варта — Еўропа наступала на старыя граблі шмат разоў і рада падманвацца. Еўрапейцы мяне даўно ўжо не здзіўляюць. А ўлады адкрытым тэкстам кажуць — ніякіх зрухаў у паляпшэнні правоў чалавека не будзе. Маўляў, не трэба на гэтым спекуляваць.

Але, можа ўсё ж такі варта чакаць нейкіх практычных вынікаў пасля візіту ў Мінск высокіх еўрапейскіх гасцей?

— ААН паступіла лепш — яна захавала спецдакладчыка па Беларусі. Але ён не патрэбен, калі ў краіне адбываюцца змены ў накірунку правоў чалавека і дэмакратыі. Таму ААН паказвае прыклад нармальнай рэакцыі міжнароднай супольнасці. А Еўропа вырашыла пагуляцца ў гепалітыку.

На ваш погляд, фігурантаў “справы патрыётаў” спецыяльна выпусцілі з турмаў напярэдадні сесіі Парламенцкай Асамблеі?

— У гэтым няма сумненняў, бо хлопцам маглі “прышыць” што заўгодна пасля тых паклёпаў, што гучалі ў іх адрас па тэлебачанні і з вуснаў адказных асоб. Таму вызваленне хлопцаў, як мне падаецца, адзіны станоўчы вынік міжнароднага мерапрыемства, якое пройдзе ў Мінску.

  Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: