Станіслаў Шушкевіч: Самі не заўважаць, як здадуць незалежнасць

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч выказаў «Радыё Рацыя» свае перасцярогі з нагоды «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі і Расіі.



Нагадаем, што 8 снежня Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін плануюць падпісаць праграму і пакет дарожных мапаў, а таксама шэраг пагадненняў па інтэграцыі.

— Не ведаю, што канкрэтна падпішуць 8 снежня, але відавочна, што Расія, бы той пітон, будзе паглынаць Беларусь паступова, — кажа Станіслаў Шушкевіч. — Добра, калі я памылюся, але складваецца так. Краіна па вушы ў даўгах, замест рэформаў у эканоміцы прызвычаілася да танных расійскіх энергарэсурсаў.

Беларускія ўлады вырашылі, што так будзе працягвацца бясконца. Не будзе. Моркву далі пагрызці, а зараз яе схавалі і будуць патрабаваць тое, што неабходна ў першую чаргу Крамлю. Таму мой прагноз: Беларусь будуць здаваць пакрысе. Самі не заўважаць, як здадуць незалежнасць.

Але нашы высокія чыноўнікі гарантуюць, што пра страту незалежнасці нават і размова не ідзе.

— Вы верыце словам нашых чыноўнікаў? Зманяць і не пачырванеюць. І ў чым тады неабходнасць інтэграцыі для Масквы, як не палітычнае падпарадкаванне?

Расія хоча ўмацоўваць імперыю і хоча з’есці Беларусь, так як хоча яна з’есці і Украіну. Праўда, ва Украіне расійскае кіраўніцтва наогул вядзе сябе нахабна, а ў сітуацыі з Беларуссю дзейнічае некалькі іншымі метадамі.

І куды ў такой сітуацыі падзецца беларускаму кіраўніцтву, калі яно хоча заставацца пры ўладзе? Трэба падпарадкоўвацца спонсару.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!