Старшынём аргкамітэту БСДП (Народная Грамада) пераабраны Мікола Статкевіч

Адпаведнае рашэнне прынялі 25 лютага дэлегаты чацвёртай сэсіі ўстаноўчага з'езда арганізацыі ў Мінску, паведамляе Радыё Свабода.
Старшыню абралі таемным галасаваннем, у якім узялі ўдзел 52 дэлегаты. Яны аднагалосна падтрымалі пераабранне Статкевіча.

«Для мяне гэта гонар. Я паспрабую апраўдаць ваш давер. Буду ісці да канца, каб рэалізаваць нашы мэты і задачы», — заявіў палітык.

На сэсіі была прынятая палітычная рэзалюцыя. У ёй Аргкамітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) канстатуе, што «беларускі рэжым вычарпаў свае рэсурсы і не валодае патэнцыялам для неабходных краіне рэформаў».

Выбары, паводле рэзалюцыі, застаюцца «рытуалам прызначэння ўладамі цалкам кіраваных імі „дэпутатаў“, нават калі асобныя з іх належаць да дэмакратычных арганізацый».

Таксама Аргкамітэт БСДП (Народная Грамада) заявіў у рэзалюцыі пра «сваю рашучасьць працягваць барацьбу за свабоду і незалежнасць Беларусі».

Сваю дзейнасьць аргкамітэт мае намер засяродзіць на працягу кампаніі мірных публічных акцый «Улада — народу!»

«Мы будзем разам з іншымі патрыятычнымі сіламі весці агітацыю і праводзіць публічныя мерапрыемствы ў абарону незалежнасці. Мы лічым важным годна адзначыць 100-годдзе БНР у цэнтры сталіцы, каб прадэманстраваць гатоўнасьць патрыётаў абараняць дзяржаўнасьць нашай краіны», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

***
Мікалай Статкевіч нарадзіўся ў жніўні 1956 году ў Слуцкім раёне ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынэрнае зенітнае ракетнае вучылішча. Кандыдат тэхнічных навук, спецыяліст у галіне кіравання. Падпалкоўнік запасу. У траўні 2005 году Статкевіч быў асуджаны на тры гады абмежавання волі за арганізацыю ў кастрычніку 2004 году ў Менску масавых несанкцыянаваных выступленняў супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова ў траўні 2007 году.

У 2010 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты. Пасля падзей Плошчы 19 сьнежня 2010 году суд прыгаварыў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). Быў вызвалены ў жніўні 2015 году.

Статкевіч узначальваў БСДП (Народная Грамада) з 1995 году да канца 2004 году, калі ў партыі адбыўся раскол і яна змяніла назву. У 2005 годзе палітык заявіў пра намер зноў заснаваць БСДП (Народная Грамада). 25 лістапада 2007 году прайшла першая сэсія ўстаноўчага з'езду партыі, на якой Статкевіч быў абраны старшынёй яе аргкамітэту.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!