Статкевіч ідзе ў кандыдаты ў дэпутаты і хоча правесці акцыю ў Драздах

Экс-кандыдат у прэзідэнты, былы палітвязень Мікалай Статкевіч падаў дакументы ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна Мінска на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні сябе кандыдатам у дэпутаты.
Фота tut.by

Фота tut.by



Калі яго зарэгіструюць, то Статкевіч стане кандыдатам на 105-й Старавіленскай акрузе, у якую ўваходзіць увесь цэнтр Мінска і пасёлак Дразды.

Гэта тэст для ўлады на дэмакратычнасць і магчымасць даць людзям выказаць свой пратэст супраць эканамічнай і сацыяльнай палітыкі і парушэнняў правоў чалавека, — заявіў TUT.BY Статкевіч.

Палітык адзначыў, што ў выпадку рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, зможа легальна збіраць подпісы і праводзіць акцыі пратэсту ў цэнтры Мінска. У яго ў планах — вялікая акцыя на плошчы Свабоды і ў Драздах.

З нагоды апошняга Статкевіч заявіў, што хоча знайсці там Аляксандра Лукашэнку, каб узяць і яго подпіс.

У ініцыятыўнай групе Статкевіча — палітыкі Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык і Зміцер Дашкевіч. Як сябры ініцыятыўнай групы яны таксама змогуць збіраць акцыі і быць іх арганізатарамі, адзначыў Статкевіч.

Палітык мяркуе, што яго ініцыятыўную групу не зарэгіструюць, бо ў яго ёсць судзімасць.

Рашэнне акруговай камісіі стане вядома праз пяць дзён. Статкевіч нагадаў, аднак, што ў 2008 годзе яго ініцыятыўную групу зарэгістравалі, нягледзячы на судзімасць палітыка. Яму далі збіраць подпісы, аднак потым іх палічылі несапраўднымі і не зарэгістравалі кандыдатам.

Калі Статкевічу не ўдасца атрымаць рэгістрацыю і гэтым разам, то БСДП (Народная Грамада) праявіць салідарнасць і здыме ўсіх сваіх кандыдатаў.

Рашэнне аб вылучэнні Статкевіча яго незарэгістраваная партыя БСДП (Народная Грамада) прыняла на ўчарашнім пасяджэнні прэзідыума. Усяго ад структуры кандыдатамі ў дэпутаты хочуць стаць 27 чалавек. З-за адсутнасці рэгістрацыі ў БСДП (Народная Грамада), яе кандыдаты будуць вылучацца шляхам збору подпісаў.

Такім жа чынам партыя ўдзельнічала ў выбарах восем гадоў таму, вылучыўшы тады каля 70 чалавек.

Парламенцкія выбары адбудуцца 11 верасня. Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе 2—10 жніўня, пасля чаго пачнецца этап перадвыбарчай агітацыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: