Сто дзён Румаса: «Нават калі Лукашэнка патрабуе разумныя рэчы, урад выглядае кандова»

Чаму Лукашэнка пакуль выглядае большым рэфарматарам, чым Румас. Яраслаў Раманчук ацаніў 100 дзён работы ўрада.
У экспрэс-каментары «Салiдарнасцi» кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса ацаніў стартавы адрэзак працы новай Рады міністраў на чале з Сяргеем Румасам.

— Спачатку Румас успрымаўся як чалавек, які ў 2011 годзе выступаў супраць аднаўлення дзяржплана, — лічыць эканаміст. — Ён тады публічна спрачаўся з Мясніковічам, хоць быў з ім у адной камандзе, не пагаджаўся з сілавікамі ... Калі ўзгадаць, як Румас кіраваў Банкам развіцця, то ён рабіў уражанне прагматыка і тэхнакрата.

Але цяпер, мяркуючы па тых рашэннях, якія былі прынятыя на працягу першых ста дзён, і тых выказваннях, якімі ён адказаў на крытыку Лукашэнкі, новы прэм’ер у выніку стаў клонам звязка Кабякоў-Мясніковіч на розных этапах іх прэм’ерства. Ні новых падыходаў, ні новага фармату абмеркавання праблем, ні выразнай абароны правоў уласнасці!

Такое адчуванне, што пасады зваліліся на Румаса і першага віцэ-прэм’ера Турчынава як снег на галаву: генералісімус, як салдатам, сказаў ім, што рабіць, а яны ўзялі пад казырок і пайшлі.

На думку Яраслава Раманчука, на гэтым фоне нават Аляксандр Лукашэнка выглядае чалавекам, які «ставіць дакладныя задачы для падтрымкі сваёй будучай перадвыбарнай кампаніі, а ўрад іх зацягвае і фармальна падыходзіць да выканання».

Эканаміст прызнаецца, што вельмі хацеў бы, каб Румас і яго ўрад апынуліся так званымі «утоенымі рэфарматарамі», якія настроеныя праводзіць рэформы ў краіне:

Але апошнім часам усё выглядае наадварот. Лукашэнка кажа: чаму вы не робіце лепш інвестыцыйны клімат у краіне? У адказ маўчок. Нават простыя рэчы, якія даўно ўжо пара было зрабіць, не робяцца. Лукашэнка кажа: спрасціце Падатковы кодэкс, а ў адказ ствараюцца нейкія незразумелыя рабочыя групы...

Гэта значыць, нават калі Лукашэнка патрабуе цалкам разумныя прагматычныя рэчы, то ўрад выглядае яшчэ больш кондова і па-савецку, чым сам кіраўнік дзяржавы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!