Ствараецца незалежны прафсаюз сілавікоў

У Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прадстаўнікамі сілавых ведамстваў, якія перайшлі на бок народа. Яны аб'ядналіся ў ініцыятыву ByPol.

На сустрэчы прысутнічаў каардынатар ByPol Андрэй Астаповіч — былы старшы следчы СК Беларусі, капітан юстыцыі. Таксама на сустрэчы былі ўдзельнікі ініцыятывы ByPol: Ігар Лобан — былы следчы па асабліва важных справах следчага ўпраўлення СК па Гродзенскай вобласці, маёр юстыцыі; Мацвей Купрэйчык — былы старшы оперупаўнаважаны АНіПТЛ Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама, старшы лейтэнант міліцыі. Уладзімір Жыгар — былы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Мазырскага РУУС, лейтэнант міліцыі.

Яны звярнуліся да Святланы Ціханоўскай з намерам стварыць прафсаюз сілавых структур. Дзейны закон Беларусі не прадугледжвае наяўнасць такога, але сваім легітымным лідарам прадстаўнікі ByPol лічаць менавіта Святлану Ціханоўскую, таму спыталі яе дазволу.

"Мы хочам, каб сілавікі не былі цалкам залежныя ад начальніцкага складу і разумелі, што калегі іх падтрымаюць. Да нас ужо далучыліся каля 20 супрацоўнікаў сілавых структур, і далучаюцца яшчэ. Мы заклікаем нашых калегаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, пераходзіць на наш бок. Мы давалі прысягу народу. У нас ёсць падтрымка і інфраструктура, каб дапамагчы вам захаваць сваё сумленне».

Святлана падтрымала стварэнне прафсаюза і прапанавала суразмоўцам правесці асобную закрытую сустрэчу па пытанні пераходу супрацоўнікаў сілавых структур на бок беларускага народа.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: