Суд адмяніў рашэнне аб дэпартацыі іранца Мехрдада Джамшыдзіяна

У судзе Маскоўскага раёна 4 траўня працягваецца разляд рэзананснай справы іранца Мехрдада Джамшыдзіяна, які абскарджавае рашэнне органаў па грамадзянстве і міграцыі аб яго дэпартацыі ў Іран. На радзіме, у Ісламскай Рэспубліцы Іран, Мехрдаду пагражае смяротнае пакаранне.

На старонцы Кансультацыйнага цэнтра па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта” ў фэйсбуку паведамляецца, што сёння ранкам у Адміністрацыю Прэзідэнта накіраваная яшчэ адна петыцыя з 1276 подпісамі за адмену рашэння аб дэпартацыі іранца.

Адвакатка настойвае на вызваленні Мехрдада.

Суд пастанавіў адмяніць папярэдняе рашэнне аддзела па грамадзянстве і міграцыі аб дэпартацыі і пачаць новы разгляд справы Мехрдада Джамшыдзіяна. Таму пакуль казаць аб канчатковай перамозе рана.

Мехрдад Джамшыдзіян прыехаў у Беларусь у 1993 годзе. Тут ён пазнаёміўся з будучай жонкай, завёў сям'ю, у яго трое дзяцей. У 2011 годзе Мехрдада дэпартавалі з Беларусі ў сувязі з адсутнасцю рэгістрацыі. Праз год Мехрдад вярнуўся ў Беларусь, але неўзабаве быў затрыманы міліцыяй: Іран даслаў у Беларусь дакументы па абвінавачванні Джамшыдзіяна ў забойстве роднага брата і маці. Сваякі Джамшыдзіяна лічаць пераслед палітычным: забіты брат Мехрдада Ізмаіл быў апазіцыйным актывістам. Адзіным, хто абвінавачваў у забойстве Джамшыдзіяна, быў яго бацька. У Іране Джамшыдзіяна чакае смяротнае пакаранне не толькі ў сувязі з абвінавачваннем у забойстве, але і за вераадступніцтва. У 2000-я мужчына прыняў хрысціянства.

Беларуская міліцыя затрымлівала іранца некалькі разоў, апошні — улетку 2018-га. З таго часу ён знаходзіцца ў ІЧУ, там ён перанёс інфаркт.

Паводле ПЦ Вясна

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!