Суд адмовіўся пачынаць справу аб пераглядзе месцаў для агітацыі ў Мінску

Суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіў у справе паводле скаргі назіральніка кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксея Лойкі, паведамляе Радыё Свабода.
Назіральнік прасіў прызнаць незаконнай адмову Мінгарвыканкама пераглядаць рашэнне аб скарачэнні месцаў для агітацыі.

Аднак суд адмовіўся пачынаць справу «ў сувязі з адсутнасцю ў заяўніка права на зварот, бо заява не падлягае разгляду з прычыны яе непадведамнасці».

У рашэнні пазначана, што Выбарчы кодэкс не прадугледжвае права і парадку абскарджвання рашэнняў аб вызначэнні месцаў для агітацыі, а таксама адмоваў выканкамаў ад унясення зменаў у такія рашэнні. На падставе гэтага суддзя Маскоўскага раёна Мінска Арцём Русак не стаў разглядаць скаргу назіральніка кампаніі.

Аляксей Лойка прыйшоў да высновы, што заканадаўства не прадугледжвае эфектыўнага сродку прававой абароны для ўдзельнікаў выбарчага працэсу.

«Па-першае, рашэнне мясцовай улады аб вызначэнні месцаў для агітацыі абскардзіць наогул немагчыма, што парушае права на судовую абарону. Па-другое, адмова супярэчыць палажэнням ч. 1 арт. 337 ГПК. Згодна з нормай, справы, якія ўзнікаюць з адміністрацыйна-прававых стасункаў, разглядаюцца судом не пазней месячнага тэрміну з дня паступлення заявы. Мы прасілі разгледзець скаргу за трохдзённы тэрмін, зыходзячы з ч.3 арт.49-1 ВК. Судовая праверка законнасці адказу Мінгарвыканкама аказалася недаступнай», – падсумаваў Аляксей Лойка.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: