Суды Мінска пачынаюць разгляд спраў за акцыі салідарнасці з Пальчысам

Падчас акцый салідарнасі з Эдуардам Пальчысам, якія праходзілі каля Мінскага гарадскога суда з 14 па 25 кастрычніка, міліцыя склала каля 70 пратаколаў.

Супрацоўнік міліцыі складае пратаколы на ўдзельнікаў акцыі ў падтрымку Эдуарда Пальчыса.


Суд Маскоўскага раёна Мінска 17 лістапада разгледзіць адразу тры адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на актывіста Віктара Кулака. Ён браў удзел у акцыях салідарнасці з блогерам Эдуардам Пальчысам, крымінальная справа якога разглядалася ў Мінскім гарадскім судзе з 14 па 25 кастрычніка.

Першы судовы працэс за акцыю салідарнасці з блогерам Эдуардам Пальчысам адбыўся напярэдадні. У судзе Першамайскага раёна Мінска разглядалася адміністрацыйная справа Леаніда Кулакова. Суддзя Дзмітрый Цыкал вынес пастанову пакараць актывіста “Еўрапейскай Беларусі” штрафам у памеры 40 базавых велічыняў.

У розныя дні падчас працэсу каля суда праводзілі акцыі салідарнасці з Эдуардам Пальчысам дзясяткі грамадскіх дзеячаў, палітыкаў, актывістаў. Сярод іх — Павал Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Алесь Макаеў, Наталля Басалыга, Леанід Кулакоў, Вольга Нікалайчык, Дзяніс Садоўскі, Максім Вінярскі, Максім Кулак, Яўген Афнагель, Арцём Бабоўнікаў, Яўген Бычкоўскі, Павел Пракаповіч, Уладзімер Яроменак, Вольга Маёрава, Антось Жылка, Сяргей Пальчэўскі, Мікалай Дземідзенка, Юля Фралова ды іншыя.



Па словах сузаснавальніка незарэгістраванай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, усяго падчас акцый, якія праходзілі каля Мінскага гарадскога суда з 14 па 25 кастрычніка, супрацоўнікамі міліцыі было складзена каля 70 пратаколаў адміністрацыйных правапарушэнняў па артыкуле 23.34 КаАП.


spring96.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!