«Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека» – міжнародная канферэнцыя ў Мінску

Міжнародная праваабарончая канферэнцыя «Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека» адбудзецца 4 чэрвеня ў Мінску.

Праваабарончая супольнасць Беларусі занепакоеная адвольным прымяненнем антыэкстрэмісцкага заканадаўства з мэтай абмежавання свабоды меркаванняў і іх выказвання. У апошні час фіксуецца ўсё болей фактаў прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў», у тым ліку ў інтэрнэце. У большасці выпадкаў гэта з’яўляецца неправамерным і непрапарцыйным абмежаваннем свабоды выказвання меркаванняў.

На гэтую праблему звярнулі ўвагу беларускія праваабаронцы, якія з дапамогаю міжнародных экспертаў і спецыялістаў падрыхтавалі канферэнцыю, у ходзе якой паспрабуюць падрабязна і рознабакова прааналізаваць практыку і заканадаўства ў галіне супрацьдзеяння экстрэмізму суадносна міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.

У ходзе канферэнцыі, якая пройдзе ў ў выглядзе тэматычных панэляў, таксама будзе прадстаўлены сумесны даклад «Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека. Нацыянальнае антыэкстрэмісцкае заканадаўства і правапрымяняльная практыка». Над стварэннем даклада працавалі вядучыя праваабарончыя арганізацыі Беларусі: ПЦ «Вясна», РГА «БХК», ГА «БАЖ» і Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Human Canstanta».

Паводле spring96.org 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!