«Цяпер любы чалавек у форме выклікае ў мяне страх і агіду»

Андрэя Вяршэню брутальна выцягнулі супрацоўнікі АМАП з асабістага аўтамабіля ў ноч з 11 на 12 жніўня недалёка ад ГЦ «Рыга», калі ён падвозіў сваіх сяброў дадому. На працягу ўсёй дарогі ў ІЧУ і пазней яго збівалі зноў і зноў, пакуль Андрэй не стаў губляць прытомнасць. Мужчына распавёў сваю гісторыю затрымання «Вясне».


У ноч з 11 на 12 жніўня Андрэй Вершэня падвозіў дадому сяброў на машыне. Мужчыны рухаліся ў бок ГЦ «Рыга», на скрыжаванні быў затор, інспектар ДАІ рэгуляваў рух. Вакол было вельмі шмат супрацоўнікаў міліцыі ў чорным, але ў іх на спіне было напісана не АМАП, а намаляваны трохкутнік і нумары.

Да машыны на расійскіх нумарах падышлі гэтыя супрацоўнікі ў чорным са зброяй. Сталі выцягваць людзей, даглядаць машыну, нешта шукаць.

«Я разумеў, якая сітуацыя цяпер у краіне, але думаў, што можа шукаюць нейкіх "засланцаў", так скажам, а людзі на расейскіх нумарах, і таму іх вырашылі даглядзець. Людзей з машын сілком выцягвалі, але я чамусьці да канца быў упэўнены, што да нас не падбягуць, і мы паедзем. А нават калі і падбягуць, то нас магчыма проста абшукаюць, нічога не знойдуць падазронага і нас проста адпусцяць», — распавядае Андрэй Вяршэня.

Але да машыны Андрэя ўсё ж такі таксама падышлі сілавікі, наставілі на мужчын зброю, пачалі выцягваць з машыны, загадалі легчы на зямлю, некалькі разоў ударылі. Высветлілі, хто кіроўца, Андрэю сказалі адкрыць багажнік. Таксама дасталі тэлефон, які мужчына пакінуў у машыне, сказалі адкрыць фотагалерэю.

«Я разблакаваў тэлефон, і яны адразу сталі праглядаць змесціва. У гэты час я паказваў багажнік: там быў перфаратар, шурупавёрт і іншыя будаўнічыя інструменты ў чамаданчыках. І адзін з супрацоўнікаў у чорным даставаў гэтыя чамаданчыкі, крычаў на мяне мацюкамі, каб я іх адкрываў.

Наогул усе зносіны былі ў зневажальнай форме: толькі мацюкамі, нармальных слоў практычна не было з іх боку».

У тэлефоне Андрэя Вяршэні знайшлі фота і відэазапісы, зробленыя 9 жніўня недалёка ад Стэлы. Мужчына распавядае, што быў не згодны з вынікамі выбараў і выйшаў на акцыю разам з іншымі людзьмі. Ён бачыў, як выбухаюць светлашумавыя гранаты, зрабіў некалькі фота і відэа, якія засталіся ў тэлефоне.

«Калі яны ўбачылі ў маім тэлефоне фота і відэа, сказалі: «О, усё! Карацей, гэта рэвалюцыянеры!» Пасля гэтага сталі моцна збіваць. Потым паглядзелі ў мой заплечнік, у мяне там ляжаў бінт і перакіс вадароду, таблеткі ад арытміі, і давай крычаць: «Паглядзі, у яго тут бінты, у яго тут цэлая аптэчка, ён упакаваўся!»

Мяне кінулі на зямлю і зноў сталі біць. Потым адцягнулі з праезнай часткі, паклалі на тратуар, адзін супрацоўнік наступіў мне нагой на галаву, двое наступілі на ногі, за спіной зацягнулі сцяжкай рукі, і яшчэ некалькі разоў ударылі — хтосьці біў нагамі, хтосьці дубінкай. Крычалі: «Што табе, жывёла, не падабаецца? Захацелі пераменаў — як вам такія перамены? Колькі вам заплацілі? Хто ваш галоўны?" Гэта значыць, яны былі ўпэўненыя, што мы рэальна «праплачаныя».

Мужчыну пад звязаныя рукі ўставілі дубінку, выкарыстоўваючы яе як рычаг, у сагнутай позе завялі ў аўтазак.  

«У аўтазаку загадалі сесці на кукішкі і не падымаць галаву. Калі падымаеш галаву — адразу б'юць, калі нешта кажаш — адразу б'юць.

Я сеў на кукішкі, зверху на мяне сеў АМАПавец і крыкнуў сваім таварышам: «Глядзіце, якое ў мяне добрае крэселка».

Ён быў вельмі цяжкі, у мяне аж усё захрусцела. Я сказаў, што не магу дыхаць, мне балюча і цяжка. Але ён пачаў левай рукой біць мне ў твар і казаць: «Чаго табе дрэнна? Мне ж добра».

Машына рэзка затармазіла, і ён з мяне зваліўся, потым некалькі разоў ударыў мяне дубінкай і сказаў: «Ты, с*ка, нейкае няўстойлівае крэселка". Пасля гэтага мяне рэзка перавярнулі на жывот, зноў хтосьці наступіў мне на галаву, на ногі і сталі збіваць. Больш за ўсё мяне білі па спіне і ягадзіцах. Білі вельмі доўга, я спачатку толькі ўскрыкваў, а потым проста крычаў ад болю».

На працягу некалькіх хвілін Андрэя Вяршэню збівалі не перастаючы, іншым затрыманым сказалі, каб яны спявалі гімн Беларусі.

«Адзін з АМАПаўцаў пачаў з усёй сілы дубінкай тыкаць мне ў з*дн*цу. Я быў у джынсах і на той момант не ўсведамляў, што адбываецца. Цяпер паслухаўшы, як людзей гвалтавалі дубінкамі, я разумею, што са мной хацелі зрабіць тое ж самае».

Калі машына спынілася, затрыманым сказалі, што зараз яны будуць выбягаць з яе і павінны крычаць фразу: «Я люблю АМАП». Хто не будзе крычаць - будзе атрымліваць дубінкай, хто будзе крычаць гучна – таму нічога не будзе.

«Я выбягаў і крычаў ва ўсё горла, што я люблю АМАП, таму што не хацеў, каб мяне зноў білі. Але мяне ўсё роўна білі. Праганялі праз «калідор» сілавікоў: хтосьці біў нагамі, хтосьці рукамі, хтосьці дубінкамі. І потым я даведаўся, што білі ўсіх не залежна ад таго, крычаў ты што-небудзь ці не.

Нас перасадзілі ў іншы аўтазак: я трапіў у маленькую камеру з яшчэ пяццю людзьмі. Апошні чалавек не ўмяшчаўся, яго пачалі проста біць дубінкай па нагах, пасля чаго ўціснулі ў камеру, зачыняючы дзверы. Мы былі як селядцы ў банцы: ні паварушыцца ніяк. Я на столі ўбачыў рашотачку і зразумеў, што гэта вентыляцыя. Калі мы паехалі, прыток паветра пайшоў, але для шасцярых чалавек гэтага было недастаткова. У мяне пачало цямнець у вачах, і першы раз я страціў прытомнасць прама там, у гэтым «стакане». Ачнуўся ад таго, што мяне проста выкінулі з аўтазака на асфальт на Акрэсціна і пачалі біць дубінкамі, каб я прыйшоў у сябе. Потым схапілі за рукі, прывялі да плота, усё гэта суправаджалася лаянкай і збіццём, знявагамі і абразамі. Да гэтага мне ўдалося зняць сцяжку, рукі былі вольныя, але мне сказалі стаць на калені, рукі на сцяну, ілбом ўперціся ў плот".

Андрэй Вяршэня дакладна не памятае, колькі часу ён і іншыя затрыманыя так прастаялі, потым іх сталі забіраць на дагляд, прымушаючы перасоўвацца седзячы на кукішках. Мужчыне адбілі ягадзіцы і паясніцу, адну нагу ён ужо не адчуваў.

«Калі я спрабаваў перамяшчацца на кукішках - я некалькі разоў падаў. Потым спрабаваў паўзці на каленях, мяне білі дубінкай па спіне, таму што я павольна поўз. Хтосьці схапіў мяне за каўнер і пацягнуў па зямлі, сказалі стаць каля сцяны. Да нас падыходзіла нейкая жанчына, пыталася прозвішча, месца працы. У мяне зноў стала цямнець у вачах, я пачаў губляць прытомнасць. Апрытомеў ад таго, што мясцовы медык падносіў да носа нашатыр. Я сядзеў у прастрацыі, пыталіся, якія ёсць захворванне, я сказаў, што ў мяне мігацельная арытмія, што я п'ю таблеткі, што мне дрэнна. Патрэбных мне таблетак у іх не аказалася, мне дазволілі пасядзець на зямлі.

І я чуў нечалавечыя крыкі ўнутры будынка ІЧУ, ёкат, удары дубінак. Спачатку гэтыя крыкі былі моцныя, потым сціхалі, там было проста пекла».

Андрэя Вяршэню званітавала, ён зноў страціў прытомнасць. Яго перанеслі ў іншае месца, дзе ляжалі затрыманыя, якія не маглі хадзіць і нават варушыцца.

«Прыехала хуткая, мяне пад рукі зацягнулі ў яе, нага боўталася як вяроўка. Даставілі ў бальніцу хуткай дапамогі, там паставілі дыягназ: ЧМТ сярэдняй ступені цяжкасці, тупая траўма жывата, шырокія гематомы ягадзіц і спіны. На УГД былі выяўленыя крывяныя ўтварэнні каля сцегнавой артэрыі».

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)

Мужчына знаходзіцца на лячэнні ў стацыянары, яго машына на штраф-стаянцы з умяцінай на пасажырскай дзверцы і пабітым лабавым шклом.

«Я ніколі не мог уявіць, што буду шарахацца ад любога чалавека ў форме. У мяне да гэтага моманту стаўленне да міліцыянтаў было нейтральным. Цяпер любы чалавек у форме выклікае ў мяне страх і агіду».

Паводле Вясны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: