Святлана Ціханоўская і Павел Латушка абмеркавалі ідэі для будучыні Беларусі пасля Лукашэнкі ў новай сацсетцы Clubhouse

Увечары 17 лютага Святлана Ціханоўская і Павел Латушка зайшлі ў так званы «рум» у Clubhouse дзеля дыскусіі наконт змен і рэформ у Беларусі пасля сыходу Лукашэнкі. Галоўным мадэратарам сустрэчы стаў старэйшы дараца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Сярод іншых спікераў віртуальнай сустрэчы – Святлана Хілько, Антон Матолька, Мікалай Халезін і іншыя.
Размова пачалася з прывітальных слоў Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Абодва спікеры выказалі сваю занепакоенасць сённяшнімі судамі над Віктарам Бабарыкам, Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. «Ганаруся учынкам Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Для мяне гэта прыклад сапраўднага прафесіяналізму, мужнасці і маралі», — падкрэсліў Павел Латушка. Таксама лідар НАУ нагадаў беларускім суддзям пра адказнасць за неправасудныя рашэнні.

Пазней Павел Латушка адзначыў некаторые тэзісы, якія, на яго думку, з’яўляюцца фундаментальнымі для будучыні Беларусі. Латушка акцэнтаваў увагу на неабходнасці правядзення дэмакратычных выбараў, пасля якіх павінна быць прынятая новая Канстытуцыя, дзе будзе прапісана парламенцка-прэзідэнцкая форма кіравання. «Паўнамоцтвы парламента і прэзідэнта павінны быць прапісаныя так, каб выключыць магчымасць узурпацыі ўлады», — дадаў Латушка. Таксама лідар НАУ адзначыў неабходнасць мадэрнізацыі эканамічнай сферы.

Павел Латушка выказаўся аб правах працоўных, якія, паводле яго меркавання, павінны абараняцца незалежнымі прафсаюзамі, і заявіў пра неабходнасць ліквідацыі «кабальнай кантрактнай сістэмы».

«Усе пацярпелыя ў выніку глабальных палітычных працэсаў, усе несправядліва асуджаныя па крымінальных і адміністрацыйных артыкулах будуць апраўданыя, ім будуць выплачаныя кампенсацыі», — дадаў Латушка.
Святлана Ціханоўская, у сваю чаргу, падкрэсліла: «У многіх можа скласціся ўражанне, што, як толькі мы пераможам, усё стане выдатна. Але гэта працяглы працэс, будзе вельмі шмат працы».

Вельмі шмат увагі спікеры сустрэчы надалі праблемам беларускага IT-сектара. Святлана Ціханоўская выказала занепакоенасць тым, ці вернуцца беларускія спецыялісты, якія цяпер былі вымушаныя з’ехаць з краіны. Да дыскусіі далучыліся прадстаўнікі IT-сферы, у тым ліку Алекс Шкор і іншыя карыстальнікі Clubhouse.

Пытанне правядзення новых дэмакратычных выбараў у Беларусі асвятліў спецыяльны прадстаўнік па выбарах офісу Святланы Ціханоўскай Аляксандр Шлык. Ён адзначыў, што магчамасць правядзення дэмакратычных выбараў ёсць і ў рамках дзеючага заканадаўства.  

Чалец арганізацыі «ByPol», былы следчы Святлана Хілько прэзентавала праект рэформы беларускай міліцыі. Пра рэформу культурнай сферы выказаўся кіраўнік «Беларускага свабоднага тэатру», рэжысёр Мікалай Халезін.

Віртуальная сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу. Любы ахвочы мог скарыстацца функцыяй «raise hand» і выказаць сваё меркаванне наконт будучыні Беларусі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: