Святлана Ціханоўская: Я хачу зноў стаць проста жонкай і мамай

Святлана Ціханоўская за адзін месяц прайшла шлях ад апалітычнай беларускі да патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзідэнты і жонкі палітзняволенага. Пакуль яе муж, папулярны блогер Сяргей Ціханоўскі, перабывае за кратамі, а свякроў пасля вобшуку забралі ў шпіталь, Святлана застаецца з двума дзецьмі 10 і 4 гадоў. У першым разгорнутым інтэрв’ю belsat.eu яна шчыра распавядае пра стасункі з мужам, называе крыніцы фінансавання сваёй кампаніі і дзеліцца поглядамі на сітуацыю ў краіне.
Святлана Ціханоўская. Фота Ірыны Арахоўскай, belsat.eu

Святлана Ціханоўская. Фота Ірыны Арахоўскай, belsat.eu


— Што вам цяпер вядома пра стан Сяргея ў СІЗА, як ён сябе адчувае?

— Нічога не вядома. Мне адвакат не дае інфармацыю, яна падпісала паперу аб неразгалошванні. Калі выклікалі маці Сяргея, першае, што зрабілі — таксама ўзялі падпіску. Усё пакрытае цемрай. Але мяне саму нікуды не выклікалі, не праводзілі вобшуку ў нашай менскай кватэры. Пакуль мяне наагул не чапалі.

Сваю кватэру ў Мінску я не пакідаю пустой ні на хвіліну, бо гэта небяспечна. Я не ведаю, што яны задумалі і якую гульню вядуць. Мне пастаянна страшна, стараюся не выходзіць на вуліцу без суправаджэння падпісчыкаў Сяргея або чальцоў ініцыятыўнай групы.


Каханне з першага погляду

— Распавядзіце, калі ласка, пра сябе: адкуль вы родам, чым займаліся ў жыцці? Як пазнаёміліся з Сяргеем?

— Я родам з маленькага горада Мікашэвічы Лунінецкага раёну. Сям’я ў мяне цудоўная: ёсць родная сястра, мама з татам. Яны пенсіянеры, але яшчэ працуюць. Не хачу казаць дзе, каб іх не чапалі яшчэ болей. Іх і так усе ведаюць у Мікашэвічах. Там людзі як бы за мяне, але, можа, у кагосьці думкі: «Чаго яны тут пачалі выступаць?»

Школу скончыла з залатым медалём і паступіла ў Мазырскі педагагічны ўніверсітэт, на настаўніцу ангельскай і нямецкай моваў. На чацвертым курсе пазнаёмілася з Сяргеем. Ён адкрыў у Мазыры клуб, называўся «55 club». Упершыню туды прыйшла — і адразу каханне з першага погляду. Праз год мы пабраліся шлюбам і ўжо 16 гадоў разам. Пасля сканчэння маёй вучобы пераехалі ў Гомель. Паводле спецыяльнасці я не працавала: то перакладчыкам, то сакратаром, то там, то сям. Я па натуры вельмі непрабіўны чалавек, сціплая такая, без асаблівых амбіцыяў.

Пасля нараджэння сына мы пераехалі ў Мінск. Тады Сяргей ужо шмат працаваў у Расіі. Ён стараўся разы тры на месяц прыязджаць з Масквы, а летам вывозіць нас у цёплыя мясціны.

Да яго як бацькі, як мужа — прэтэнзіяў ніякіх. Стасункі складваліся добра, нягледзячы на адлегласць. Я разумела, што ён гэта робіць, каб забяспечыць нам з дзеткамі годнае жыццё. У Мінск мы пераехалі ў 2013 годзе, жылі на здымных кватэрах, потым прадалі жыллё ў Гомлі і набылі кватэру ў Мінску.

Мы не жылі ў беднасці. Мы з тых сем’яў, якія могуць сабе дазволіць раз на год выехаць на мора. Але без шыку: Сяргей вельмі шмат працаваў, каб тую ж кватэру набыць. Класная праца ў яго магла «стрэліць» раз на пяць гадоў. Аднойчы яму давялося праехаць па Еўропе, потым ролік здымалі ў Кітаі, з Сабчак у Ізраілі. Былі замовы — былі грошы.

— Як вы тады ставіліся да таго, што паралельна адбывалася ў Беларусі ў тыя гады? Якія думкі былі ў 2010 годзе, калі адбыўся жорсткі разгон Плошчы?

— Ды ніякіх. Я абсалютна гэтым не цікавілася. Жыла ў сваім маленькім свеце са штодзённымі праблемамі. Разумееце, мы гэтыя кадры з Плошчы бачылі па «БТ». Не памятаю, каб я думала, што робіцца бязмежжа, я не ведала, хто там мае рацыю, хто вінаваты. А дарослымі вачыма паглядзела на ўсё толькі цяпер.

— Вы калі-небудзь галасавалі на выбарах і за каго?

— Галасавала аднойчы ў жыцці — у 2001 годзе, за Лукашэнку. Пайшла проста таму, што мне споўнілася 18 і хацелася адчуць сябе дарослай.

Памятаю, мы разам з бацькамі хадзілі, яны таксама за Лукашэнку галасавалі. Сяргей, падаецца, наагул ніколі не галасаваў. Хаця мы не краналі палітычную тэму, усё праходзіла міма нас.

— У выніку чаго Сяргей гэтак «палітызаваўся»?

— Калі Сяргей нешта робіць — ён гэтым гарыць. Спачатку ў яго была прадакшн-студыя «Компас», потым, калі замоваў стала меней праз крызіс, ён вырашыў вярнуцца ў Беларусь да сям’і. Аднойчы ён ехаў з Масквы і ўбачыў дом, які захацеў выкупіць, каб стварыць аграсядзібу і прымаць гасцей. Запаў яму ў душу той дом, кожную драбязу там прадумваў, казаў: «Дзеці вырастуць, а мы з табой будзем сядзець ля коміну». Больш для душы праект, не для камерцыі.

Дом нікому быў непатрэбны, але дзяржаўныя органы не дазволілі яго набыць, столькі бюракратыі… Падавалася б, у чым праблема? Ну дапамажыце вы чалавеку давесці закінутую сядзібу да ладу! Вось тады ён і пачаў заўважаць бязладдзе і абурацца. І галоўным праектам стаў ягоны блог.

— Пасля затрымання Сяргея ў Гродне дзяржаўныя СМІ і асабіста Лукашэнка палохаюць беларусаў Майданам. Гэта адсылка да канкрэтных падзеяў ва Украіне 2013-2014 году. Прыгадайце, як тады Сяргей рэагаваў на тыя падзеі?

— Мы глядзелі навіны і палохаліся. Гэта не па-чалавечы: дамы палілі разам з людзьмі. Нас тое не датычыла, але мы спачувалі мірным грамадзянам, якія аказаліся ўцягнутыя ў гэта. Палітычныя гульні – адно, а калі ты бачыш, як на людзей ідзе бранятэхніка… Жахлівае відовішча. Можа, Сяргей недзе каментаваў палітычныя моманты, але мне нецікава было. Я проста спачувала.

«Я не разумела, што ўлада захопленая»

— Вы сачылі за развіццём блогу «Краіна для жыцця»? Што думалі, калі Сяргей пачаў ім займацца?

— Мне адразу ж стала страшна за яго. Знаёмыя казалі: ну куды ты лезеш, ты ж нічога не зменіш у гэтай краіне, улада даўно захопленая! Я не разумела, што ўлада захопленая. Я толькі разумела, што людзі баяцца слова сказаць. Я пазнавала краіну праз ролікі Сяргея: нам жа не паказвалі па тэлебачанні, што насамрэч адбываецца. Дзе бязладдзе, дзе хаты разваленыя стаяць…

Людзі прыходзілі да яго на стрымы, бо ён іх слухаў. Хутчэй за ўсё, яны разумелі, што Сяргей не вырашыць іхныя праблемы, але ім настолькі не хапала магчымасці выгаварыцца! Сяргей яе даў ім.

— Вы праз свой страх не забаранялі яму рабіць гэта?

— У нас у сям’і няма такога, каб хтосьці штосьці забараняў.

— І ён вам — таксама?

— А я нічога асабліва і не хачу. Што мне забараняць — у краму выйсці ці катлет насмажыць?

— Калі ён пачаў займацца блогам, то пакінуў бізнес?

— Так.

— Адкуль вы бралі грошы на жыццё?

— Калі яму па старых сувязях нешта трапляла ў рукі — ён не адмаўляўся ад працы. Нейкія грошы былі.

— А на якія сродкі ён развіваў сам блог?

— Фотаапарат, мікрафон, штатывы былі з папярэдняй працы. Машына і тэлефон таксама. Потым пайшлі ахвяраванні. Упершыню я адчула, што Сяргея падтрымліваюць рэальныя людзі, калі яго пасадзілі перад Новым годам, а хтосьці абвясціў збор на падарункі дзецям. Тату затрымалі, а нейкія незнаёмыя людзі зладзілі ім святочнае віншаванне.

Потым ён запусціў краўдфандынг на ulej.by: няхай 60% ад сабранай сумы ішло на выдаткі, каб вырабіць тыя майкі і кепкі з лагатыпам «Краіны для жыцця». Пасля пачаў збіраць данаты падчас стрымаў. Гэтак ён зарабіў на новае абсталяванне і на аўтадом. Усё зрабіў сам народ!

«Яму не патрэбная была пасада прэзідэнта»

— Хто вам параіў падаць дакументы ў ЦВК, калі Сяргею адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы?

— Ніхто. Я падумала: зараз ён выйдзе з ізалятару, захоча працягнуць займацца сваёй дзейнасцю, а яму больш не дазволяць ездзіць па гарадах, гаварыць з людзьмі, бо ён не будзе мець ніякага статусу. Шчыра кажучы, я была проста нуль у выбарчым кодэксе. Але я зрабіла гэта дзеля яго. Я была ўпэўненая, што мяне не зарэгіструюць, але я хаця б праяўлю салідарнасць з мужам, пакажу, што не апусціла рукі. Двое таварышаў Сяргея прывялі мяне да будынку ЦВК, а мяне насамрэч трэсла ў той момант…

— А раней вы ведалі, што Сяргей збіраецца на выбары? Абмяркоўвалі такое важнае рашэнне?

— Не абмяркоўвалі. Ды яму сто гадоў не патрэбная была пасада прэзідэнта і ўлада! Ён проста хацеў працаваць на законных умовах, каб яго ўвесь час не саджалі на «содні» за стрымы і сустрэчы з людзьмі.

Я казала, што мяне ўся сітуацыя моцна хвалюе, што я перажываю. Але ён чалавек — агонь. Ён не можа проста быць дома з сям’ёй.

— Што вам сказаў Сяргей, калі даведаўся пра ваш учынак?

— Ён спачатку не зразумеў, як гэтак адбылося. Але ні слова папроку ад яго не прагучала. Я разумею, чаму ён пазней сказаў, што не чакаў ад мяне такога. Я сама ад сябе не чакала.

— Як вы размеркавалі ролі ў кампаніі, хто што павінен рабіць?

— Я цешылася, што мужа выпусцілі з «содняў». Аддала ўсё ў ягоныя рукі: на, займайся далей любімай справай, а я адыду ў бок. Свой статус я не ўсведамляла. Проста хацела, каб ён зразумеў, што я ў агонь і ваду за ім пайду.

— З Сяргеем працавалі паліттэхнолагі, нейкія кансультанты?

— Не. Можа, і варта было б запрасіць, але Сяргей гарачы, самаўпэўнены і мэтанакіраваны, яму свайго розуму хапала. Яму ўлада не патрэбная была.

— А што яму трэба было?

— Можа быць, ён сам да канца не разумеў, што яму трэба… Калі казаць агульна, мне падаецца, ён хацеў каб людзі ведалі, што ёсць іншае жыццё, што можна жыць свабодна, свабодна выказвацца. Ён разумеў, што людзям страшна. Яму самому на пачатку было страшна, чакаў, як за ім пасля першага роліка на канале прыйдуць, але нічога такога не адбылося. Гэта дадало яму ўпэўненасці. А потым набыло такія маштабы…

«Калі ў Сяргея былі такія грошы, то чаму мы не жылі шыкоўна?»

— У вашым выбарчым фондзе па стане на 3 чэрвеня было 450 рублёў. На што плануеце іх выдаткаваць?

— Іх няма куды патраціць. Падпісныя лісты нам людзі за свае сродкі друкуюць. Мне цікава: а ці можам мы грошы з фонду аддаць на дабрачыннасць? Я хачу ўсё ахвяраваць на аплату штрафаў падпісчыкам Сяргея, якія прыходзілі на сустрэчы, і сем’ям арыштаваных.

— За які рахунак фінансуецца вашая кампанія?

— Ахвяраванні. Я чытала, што ў іншых кампаніях зборшчыкі подпісаў атрымліваюць за гэта грошы.

У нас людзі працуюць на голым энтузіязме. Ім неабыякавыя грамадзяне прыносяць ежу, запраўляюць машыны, прадстаўляюць начлег у розных гарадах.

— Якія былі вашыя першыя думкі, калі даведаліся пра падзеі ў Гродне?

— Я глядзела стрым з Гродна ў момант затрымання Сяргея. Усе адчувалі, што зараз нешта здарыцца. Тая жанчына вельмі нахабна чаплялася, хапала яго за рукі, а міліцыянты не яе спрабавалі адхіліць, а мэтанакіравана пайшлі да Сяргея. Мае эмоцыі — адразу ў слёзы. Кінулася званіць сябрам, шукаць яго, ноч не спала. Мне дапамаглі знайсці адваката, потым мы знайшлі адвакатаў кожнаму затрыманаму.

31 траўня я накіравала паведамленне ў ЦВК і ў МУС, каб маёй ініцыятыўнай групе забяспечылі ахову, бо ўлады мусяць абараняць не правакатараў, а чальцоў ініцыятыўнай групы. Таксама даслала скаргу на дзяржаўнае тэлебачанне, бо яны сабе з экранаў дазваляюць казаць, што людзі стаяць у чэргах да «кардоннай жонкі». Адказаў я дагэтуль не атрымала.

— Святлана, 900 тысяч долараў на лецішча Сяргея падкінулі?

— Я думаю, так. Калі ў Сяргея былі такія грошы, то чаму мы не жылі шыкоўна? І чаму не мільён, а менавіта 900? Для мяне гэта стала такім шокам. Маці Сяргея Соф’я Яфрэмаўна выбягае да сяброў (яны прысутнічалі пры ператрусе) у істэрыцы: «Ой, там 900 тысяч знайшлі!» Яна такі чалавек, што ёй пакажы долар і пакажы сто — розніцы не ўбачыць.

Пажылы чалавек не можа трымаць у поле зроку ўсіх, хто абшуквае дом. Яе калоціць усю, а ёй у гэты момант падпісваць паперы даюць і на відэа здымаюць.

— Вы выключаеце, што грошы належалі Сяргею?

— Асабіста я выключаю. Іначай мы па-іншаму жылі б.

— Якую самую вялікую суму вы бачылі ў Сяргея за ўвесь час?

— Я пра заробкі Сяргея нічога не ведала. Калі ў яго з’яўляліся грошы — мы планавалі адпачынак на моры. Калі я была цяжарная, ён на два месяцы адвёз нас з дзіцяці на Кіпр. А бывала поўнае бязрыб’е, і тады я нічога не патрабавала. Я магу пражыць і на сто рублёў. А ён бы ніколі не стаў сабе таемна нешта набываць.

— Чаму маці сказала, што грошы ейныя?

— Бо спачатку ёй паказалі маленькі скрутачак і яна падумала, што Сяргей адклаў нейкую суму. Потым яе павялі ў іншы пакой, дасталі вялікі баул з астатнімі грашыма. Яна ў шокавым стане паўтарала адно і тое ж інстынктыўна, зусім разгубілася. Цяпер яна не памятае, што казала падчас вобшуку.

— А дзе яна працавала?

— Яна эколаг, раней працавала ў дзяржаўным прадпрыемстве, а апошнія гады, ужо на пенсіі, у прыватнай фірме.

«Лукашэнку я б прапанавала сысці на пенсію»

— З вамі звязваліся іншыя прэтэндэнты ў кандыдаты? Якой рэакцыі ад іх вы б хацелі?

— Канкурэнты са мной не звязваліся. Чытала ў СМІ, што Бабарыка прапаноўваў юрыдычную дапамогу, але гэта абстрактна. Я не ведаю, як Сяргей ставіцца да іншых прэтэндэнтаў. Нават калі б ён быў на волі, наўрад ці такая размова паміж намі адбылася б.

Што могуць зрабіць іншыя прэтэндэнты? Нам не хапае прававой дапамогі для нашых людзей. У мяне няма адваката, калі раптам кудысьці выклічуць. Лепей было б, каб яны мяне ўспрымалі як жонку палітвязня. Каб актыўна казалі ў СМІ пра сітуацыю вакол Сяргея.

— Калі ЦВК не рэгіструе вас кандыдаткай у прэзідэнты, які ваш план далейшых дзеянняў?

— Мяркую, мяне не зарэгіструюць. Але я не разумею, навошта наагул яны рэгістравалі маю ініцыятыўную групу? Можа, пасмяяцца з мяне хацелі, маўляў, ніхто не пойдзе за гэтай Ціханоўскай. Але людзі пайшлі за Сяргеем. Няхай я буду «кардоннай» выявай на пікеце, людзі ўсё адно ідуць за ім. І такое ў планы ўладаў не ўваходзіла.

Я так разумею, што народны рух не загасне. Усе павінны разумець, што мы галасуем не за кагосьці, а супраць адной асобы.

Сяргей жа заклікаў наагул не ісці на галасаванне, каб забяспечыць няяўку. Ён прапаноўваў, каб людзі або не прыходзілі на ўчасткі, або прыйшлі да іх, але не заходзілі ўнутр.

— Пакуль Сяргей за кратамі, вы будзеце нешта прадпрымаць?

— Я працягну змагацца за Сяргея ў прававым полі. Ад гэтага ўсяго я, напэўна, адыходжу.

— Колькі подпісаў за вас сабрана на дадзены момант?

— Апошняя лічба, якая гучала ў нашых чатах — каля 60 тысяч. Дакладнай лічбы цяпер я не маю. Чальцы групы хаваюць лісты, бо іх пастаянна пераследуюць.

— Да вашых пікетаў стаялі кіламетровыя чэргі. Калі вас не рэгіструюць, што рабіць людзям, якім вашая кампанія дала надзею на перамены?

— А на што яны спадзяваліся? Што мяне зарэгіструюць? Я нават не ведаю, трэба галасаваць або не. Можа, Сяргей мне ў лісце напіша, што рабіць. Або паплечнікі Сяргея вырашаць падтрымаць іншага кандыдата. Я хачу зноў стаць проста жонкай і мамай, і спадзяюся, мне не давядзецца прымаць адказныя рашэнні.

— Апынуўшыся перад Лукашэнкам, што б вы яму сказалі?

— Можа, вам ужо час ісці на пенсію? Можа, вы стаміліся? Давайце дамо магчымасць краіне адчуць новага кіраўніка. У вас такія дзіўныя рашэнні апошнім часам. Ідзіце, адпачывайце.

Я б проста прапанавала яму сысці на пенсію. Не была б грубай, не казала гадасцяў. І не прасіла б за мужа. Прасіць — значыць прызнаць, што ён у нечым вінаватым, а я ведаю, што Сяргей ні ў чым не вінаваты.

Ён нічога кепскага не хацеў, ён хацеў толькі добрага для сваёй краіны.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: