Святлана Ціханоўская склікае раду для забеспячэння перадачы ўлады

Штаб Віктара Бабарыкі выказаў поўную згоду з яе прапановамі. 


Зварот Святланы Ціханоўскай быў апублікаваны ў яе тэлеграм-канале "Пул першай". Святлана Ціханоўская пацьвердзіла паўнамоцтвы кіраўніцы свайго штабу Марыі Мароз, якая выехала з ёю ў Літву, і давераных асобаў Вольгі Кавальковай і Мікалая Казлова, якія застаюцца ў Мінску.

Таксама яна распавяла, якім чынам будзе створана каардынацыйная рада, якая павінна забяспечыць мірны транзіт улады: «У гэтую раду могуць увайсці прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, паважаныя і вядомыя беларусы, прафесіяналы сваёй справы. Я даручаю сваёй даверанай асобе Вользе Кавалькова і адвакату Максіму Знаку прымаць заяўкі аб вылучэнні членаў савета ад арганізацый і аб'яднанняў грамадзян.

Дзякуй усім людзям, усім арганізацыям, якія падтрымалі мяне і гатовыя дапамагчы ў перагаворным працэсе.

Я прашу вас аб'яднацца ў каардынацыйны савет. Нам вельмі патрэбна ваша дапамога і вопыт. Нам патрэбны вашы сувязі, кантакты, экспертныя саветы і падтрымка. У гэты каардынацыйны савет павінны ўвайсці ўсе, хто зацікаўлены ў дыялогу і мірнай перадачы ўлады - працоўныя калектывы, партыі, прафсаюзы і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці.

Я звяртаюся да міжнароднай супольнасці, еўрапейскіх краінаў з просьбай дапамагчы нам у арганізацыі дыялогу з беларускімі ўладамі».

Таксама Святлана Ціханоўская выказала захапленне беларусамі і выказала спачуванне ўсім ахвярам гвалту: «Мне было вельмі цяжка глядзець на той гвалт, у які ўлада пагрузіла нашы гарады за апошні тыдзень. Гэтага ніколі не павінна паўтарыцца. Улада павінна паказаць гатоўнасць да дыялогу з народам. Гэта значыць, адпусціць усіх затрыманых. Гэта значыць, прыбраць з вуліц гарадоў АМАП і войскі. Гэта значыць распачаць крымінальную справу супраць тых, хто аддаваў злачынныя загады збіваць і страляць у людзей»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: