Святлана Ціханоўская сустракаецца з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам (абноўлена)

А 8.30 у Вільні пачалася сустрэча Святланы Ціханоўскай і прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона.

Асноўнай тэмай размовы будзе магчымасць арганізацыі перамоў на тэму правядзення новых выбараў прэзідэнта Беларусі і магчымай медыяцыі іншых краін, у тым ліку Францыі. Раней Эмануэль Макрон заяўляў, што Лукашэнка павінен сысці.

Святлана Ціханоўская падзялілася планамі на гэтую сустрэчу: "Вельмі важна, што еўрапейскія краіны не засталіся абыякавымі да таго, што адбываецца ў Беларусі. Францыя як адна з найстарэйшых дэмакратый выдатна разумее нас. Таму я збіраюся нагадаць спадару Макрону аб нашай галоўнай мэце-новых свабодных і празрыстых выбарах, якія павінны адбыцца цягам гэтага года».

«Гэта была цудоўная сустрэча. спадар Макрон сапраўды ўважліва сочыць за сітуацыяй у Беларусі і паабяцаў зрабіць усё, каб дапамагчы пераадолець палітычны крызіс у нашай краіне. Ён сказаў, што гэта вельмі важны момант, бо шмат людзей пакутуюць ад рэжыму, шмат людзей зняволеныя — і ён зробіць усё, каб дапамагчы вызваленню палітычных зняволеных», — сказала журналістам Святлана Ціханоўская пасля сустрэчы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам.

Святлана Ціханоўская ад імя беларускага народа падзякавала Макрону за яго публічнае выказванне аб непрызнанні легітымнасці Лукашэнкі. Падтрымка Францыі як краіны, якая ўсю сваю гісторыю змагалася за дэмакратыю, вельмі каштоўная для Беларусі.

Таксама Святлана Ціханоўская заявіла, што беларускі народ выступае за правядзенне новых выбараў. Менавіта выбары павінны быць тэмай міжнародных перамоў, і АБСЕ — лепшая платформа для такіх перамоў. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што гатовая гаварыць з усімі бакамі – у тым ліку з Расеяй – аб арганізацыі перамоваў і выхадзе Беларусі з крызісу.

"На коне – чалавечыя жыцці. Чым далей мы апускаемся ў крызіс, тым больш ён забірае ахвяр. Таму мы зацікаўлены прыступіць да перамоваў як мага хутчэй. І я ўдзячная Францыі за аказаную ўвагу»


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: