Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Аўстрыі, чакаюцца перамовы з канцлерам і кіраўніком МЗС

Святлана Ціханоўская знаходзіцца з візітам у Аўстрыі. 27 красавіка яна сустрэлася з прэзідэнтам краіны Аляксандрам Ван дэр Бэленам, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал палітыка.

Падчас сустрэчы Ціханоўская і Ван дэр Бэлен абмеркавалі:

- эскалацыю рэпрэсій і раскол у элітах Беларусі, сітуацыю з палітвязнямі. Святлана Ціханоўская расказала, як у гадавіну чарнобыльскай трагедыі сілавікі не давалі запаліць лампады каля храмаў у памяць пра ахвяр катастрофы;

- падтрымку Аўстрыяй закліку Ціханоўскай да мірнага ўрэгулявання крызісу ў Беларусі праз перамовы, якія прывядуць да свабодных прэзідэнцкіх выбараў у гэтым годзе. Аўстрыя разам з АБСЕ гатовая шукаць шляхі дапамогі ў арганізацыі дыялогу з рэжымам;

- важнасць захавання суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, умацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці і ўстойлівасці беларускага грамадства;

- сітуацыю з каронавірусам у Беларусі і спробы рэжыму схаваць рэальную статыстыку захворвання.

26 красавіка Святлана Ціханоўская ў Вене сустрэлася з кіраўнікамі місій АБСЕ Вялікабрытаніі, ЗША, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Францыі, Чэхіі, Швецыі і Эстоніі. Усе яны падтрымалі «Маскоўскі механізм» для разгляду меркаваных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Таксама на сустрэчы абмеркавалі, якія краіны маглі б стаць пасярэднікамі ў вырашэнні беларускага крызісу.

Чакаюцца яе сустрэчы з кіраўніком МЗС Аўстрыі Аляксандрам Шаленбергам, канцлерам Себасцьянам Курцам, лідарамі фракцый парламенту Аўстрыі.

Паводле «Свабоды».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: