Святлана Ціханоўская: Тое, што адбываецца, — гэта рэвалюцыя свядомасці

Былая кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю французскай газеце "Монд" распавяла, што лічыць сябе пераможцай выбараў 9 жніўня, а вынік, які прыпісваецца Аляксандру Лукашэнку,  — сфальсіфікаваным.

Фота: Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода


"Але пытанне не ў тым, хто сёння прэзідэнт, гэта не мае ніякага значэння. Важна, што беларусы больш не могуць давяраць Лукашэнку, яны яго больш не хочуць, вось і ўсё. Ён больш не легітымны. Гэта не здарылася раптоўна, гэта развівалася паступова. Тое, што адбываецца, — гэта рэвалюцыя свядомасці", — лічыць Святлана Ціханоўская.

Пры гэтым яна адзначыла, што дамагацца сыходу Лукашэнкі і абараняць свае правы яго праціўнікі маюць намер любымі законнымі дзеяннямі.

"Усе беларусы хочуць, каб ён сышоў. Яны змяніліся, у іх адкрыліся вочы, яны не могуць больш згаджацца з тым, каб ён узначальваў гэтую краіну пасля ўсяго, што ён зрабіў. Рана ці позна, ён сыдзе дзякуючы мірным маніфестацыям і страйкам. Чым хутчэй, тым лепш, каб пазбегнуць апускання краіны ў эканамічны і палітычны крызіс", — сказала Ціханоўская ў інтэрв'ю французскай газеце "Монд", апублікаваным у сераду.

Яна таксама адзначыла, што падчас выбарчай кампаніі апазіцыя заклікала сілы правапарадку больш не падпарадкоўвацца злачынным загадам Лукашэнкі, і гэты заклік застаецца актуальным.

"Мы ведаем, што большасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў можа мала ў чым сябе вінаваціць. Але тыя, хто загадваў здзяйсняць злачынствы, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці, і правасуддзе павінна адбыцца. Некаторыя ўжо знайшлі ў сабе мужнасць пераадолець свой страх, каб далучыцца да народа" , — працягнула Ціханоўская.

Яна дадала, што верыць у тое, што "беларусы не захочуць забіваць беларусаў".

Пры гэтым Ціханоўская падкрэсліла, што рэпрэсіі ўладаў сталі менш прыкметнымі і больш прыцэльнымі, чым у першыя пасля галасавання дні, але не слабеюць. "Вядома, некаторыя сілы падтрымліваюць Лукашэнку, але яны павінны разумець, што гэта зараз марна, бо грамадства змянілася, страх змяніў бок. Людзі больш гэтага не дазволяць. Яны ведаюць, што з гэтага часу яны не адны перад абліччам рэпрэсіўнай машыны", — сказала колішняя кандыдатка ў прэзідэнты.

На пытанне, якое ўражанне зрабіў на яе вобраз Лукашэнкі 23 жніўня з аўтаматам у руках і ў ваенным абмундзіраванні, Ціханоўская адказала, што не зразумела, што ён хацеў тым самым паказаць. "Замест таго, каб напалохаць насельніцтва, ён выклікаў ўсеагульны смех", — заявіла Ціханоўская.

Паводле interfax.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: