Шасцёра смелых?

Калі задумацца — нібыта гэтыя людзі на слыху ва ўсіх, хто больш-менш цікавіцца палітыкай. А насамрэч атрымліваецца, што мы пра іх не ведаем амаль нічога! Пагадзіцеся, нават для інтэрнэт-галасавання — гэта не вельмі добра. Што мы ведаем пра прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата ў прэзідэнты?
Фота з фэйсбука Вольгі Кавальковай

Фота з фэйсбука Вольгі Кавальковай

У праймерыз на адзінага кандыдата ў кампаніі пад назвай «Прэзідэнцкія выбары» будуць удзельнічаць шасцёра. Аргкамітэт па правядзенні праймерыз завяршыў прыём адпаведных дакументаў.

Такім чынам, за званне «адзінага» пазмагаюцца: Юрась Губарэвіч (рух «За Cвабоду»), Ганна Канапацкая (экс-дэпутатка), Вольга Кавалькова (БХД), Мікалай Казлоў (АГП), Павел Севярынец (БХД), Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ).

Варта зазначыць, што Канапацкая і Кавалькова збіралі 200 подпісаў для ўдзелу ў праймерыз. Астатнія былі вылучаныя сваімі палітычнымі структурамі. Неўзабаве павінна пачацца інтэрнэт-галасаванне па кандыдатурах, а потым і паездкі ў рэгіёны. На травень запланаваны Кангрэс дэмакратычных сіл, які канчаткова «аформіць» адзінага кандыдата ад апазіцыі.

Але паўстае шэраг пытанняў. Канечне, ясна, што ўсе гэтыя асобы ідуць на выбары, каб правесці «дэмакратычныя пераўтварэнні» краіны. Але якімі, на іх думку, павінны быць гэтыя пераўтварэнні і галоўнае— як іх плануецца ажыццяўляць? На вялікі жаль, уцямнага адказу на гэта няма. Прынамсі, яго не бачна.

Прыкладна зразумела, за што выступаюць кандыдаты. Усе ведаюць, што Аляксей Янукевіч, згодна з праграмай партыі — за захаванне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, але ж за тое самае, падаецца, і Лукашэнка. Структура Юрася Губарэвіча — за еўрапейскія каштоўнасці аж ад далучэння да Еўрасаюза. Але што такое «еўрапейскія каштоўнасці», цяпер не могуць разабрацца нават у Еўропе. Хрысціянін Павел Севярынец, пры ўсёй яго харызматычнасці і рашучасці, выклікае шмат перасцярог у ліберальнай супольнасці.

Падаецца, толькі Мікалай Казлоў ад АГП мае даўно распрацаваную праграму «Мільён новых працоўных месцаў». Аднак праблемаў з працоўнымі месцамі ў Беларусі няма — толькі на сервісе работа.tut.by 25 тысяч вакансій. Праблема — з дастойнай аплатай працы, і як праграма АГП плануе яе вырашаць, не зразумела. І ці не састарэла гэтая праграма за гады?

Што мы ведаем пра Кавалькову і Канапацкую? Першая кіравала больш паспяховай кампаніяй БХД па супрацьдзеянні абортам і менш паспяховай — па дэалкагалізацыі насельніцтва. Аднак тое, што яна пайшла на праймерыз «у абыход» рашэння сваёй структуры, можа сведчыць пра яе недамаўляльнасць. Ганна Канапацкая, канечне, прыгожая жанчына, і гэтага досыць для таго, каб быць прызначанай у ППНС, але наўрад ці дастаткова для галасавання за яе на пасаду кіраўніка дзяржавы. Апроч таго, яна не здолела прасунуць у парламенце рэформу выбарчага заканадаўства, і істотна сапсавала сабе імідж законапраектам пра гарантыі мінуламу кіраўніку дзяржавы. Улічваючы, што галасаваць на праймерыз будуць дэмакратычна скіраваныя грамадзяне (прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі наўрад ці возьмуць у ім удзел), гэта пройгрышная пазіцыя. Чакаць, што яна будзе рашуча абараняць вынікі выбараў, таксама не выпадае, бо яна не здолела супрацьстаяць нават скарачэнню тэрміна сваіх паўнамоцтваў, калі Лукашэнка правёў дэ-факта незаконныя датэрміновыя парламенцкія выбары.

Калі задумацца — нібыта гэтыя людзі на слыху ва ўсіх, хто больш-менш цікавіцца палітыкай. А насамрэч атрымліваецца, што мы пра іх не ведаем амаль нічога! Пагадзіцеся, нават для інтэрнэт-галасавання — гэта не вельмі добра.

Зразумела, паўнавартасная праграма адзінага кандыдата будзе распрацоўвацца якраз у час праймерыз — з улікам экспертных меркаванняў і выказаных пажаданняў «прадстаўнікоў грамадскасці». Але хацелася б ужо цяпер хаця б тэзісна пачуць, як яны будуць рэфармаваць краіну. Прычым лозунгі кшталту: «Дэмакратычных пераўтварэнняў!», «Правоў чалавека!», «Вяршынства закону!» і да таго падобныя — зусім не цікавыя.

Як прэтэндэнт на пасаду кіраўніка краіны збіраецца «разруліць» канфлікт з Расіяй і дзе ён будзе браць нафту? Як рэфармаваць нашу нягеглую сельскую гаспадарку, каб яна працавала без мільярдных датацыяў? Якая пазіцыя прэтэндэнта па ўласнасці на зямлю? Што рабіць з сістэмай ЖКГ? Калі ўрэшце будзе іпатэка? Як зменіцца ўзровень жыцця насельніцтва ў выніку рэформаў, а калі знізіцца, то наколькі надоўга? І гэтак далей.
Каб здабыць давер і падтрымку выбаршчыкаў, прэтэндэнт павінен казаць ім пра тое, што хвалюе іх, а не пра тое, што хвалюе яго. І хацелася б, каб адказы на падобныя пытанні мы атрымалі яшчэ да пачатку інтэрнэт-галасавання па адзіным кандыдаце. Каб выбар быў асэнсаваны, а не па прынцыпе «падабаецца — не падабаецца» альбо «любіць — не любіць».

Прынамсі, адказы зараз вельмі дапамогуць адзінаму кандыдату ў сапраўднай прэзідэнцкай гонцы ў будучыні.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: