Шчакарэвіч: «Украінскія спецслужбы могуць зліваць інфармацыю беларускім аб добраахвотніках»

Газета Адміністрацыі прэзідэнта «Советская Белоруссія» агучыла інфармацыю, што затрыманне байца «Азова» Стася Ганчарова адбывалася пры садзейнічанні ўкраінскага боку. Мы папрасілі пракаментаваць гэтую інфармацыю сябра грамадскай рады пры Камітэце замежных справаў Вярхоўнай Рады Украіны, беларуса Ігара Шчакарэвіча.


«Я перакананы, што, як мінімум, некаторыя высокапастаўленыя прадстаўнікі спецслужбаў Украіны пастаянна зліваюць беларускім калегам інфармацыю пра беларускіх добраахвотнікаў. Але, думаю, сітуацыя яшчэ горшая, і супрацоўніцтва па гэтаму пытанню адбываецца на вышэйшым узроўні паміж кіраўніцтвам спецслужбаў двух краінаў.


Аднак проста ўзяць і экстрадаваць беларускіх байцоў Украіна не можа, паколькі падымецца хваля абурэння ўнутры краіны. Таму цяпер мы бачым, што ў Беларусі актыўна «прэсуюць» толькі тых добраахвотнікаў, якія маюць за сабой не вельмі прыемны шлейф у біяграфіі.


На прыкладзе Ганчарова і Аватарава беларускаму грамадству, у тым ліку і дэмакратычнай яго частцы, хочуць убіць у галовы, што беларускія добраахвотнікі — гэта адмарозкі і нацысты. Калі ж гэта будзе зроблена, то возьмуцца за іншых беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі за Украіну і якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.


З-за шэрагу прычынаў у прэсу не трапляе інфармацыя, што практычна ўсе беларусы, які ваявалі за Украіну і вярнуліся на Радзіму, знаходзяцца пад каўпаком — у іх дома былі праведзеныя ператрусы, а самі яны знаходзяцца пад падпіскай пра нявыязд.


Задача грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і беларускай дыяспары ва Украіне — абараніць гэтых хлопцаў. Калі мы іх не абаронім, то заўтра яны не змогуць абараніць нас». 


Паводле "Нашай Нівы"

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!