Шчасце ўсім! Але не нам

Апошнім часам афіцыйны Мінск дэманструе незвычайную адкрытасць для ўсяго свету. Узнікае ўражанне, што, «разруліўшы» пытанні з Расіяй, мы рэзка скокнем на Захад. Але гэта, хутчэй, усё ж уражанне.

Колькасць дыпламатычных сустрэчаў на розных узроўнях апошнім часам проста зашкальвае. Не паспелі мы адысці ад магілёўскага візіту Пуціна, як папаўзлі чуткі, што Аляксандра Лукашэнку чакаюць у Парыжы. Не ведаю, наколькі гэта спраўдзіцца, але днямі міністр замежных спраў Уладзімір Макей браў удзел у дзявятай штогадовай сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін-удзельніц Усходняга партнёрства (УП) і краін-сябраў Еўрапейскага саюза ў Люксембургу.

Пішуць, што «ўдзельнікі разгледзелі прагрэс у рэалізацыі ключавых прыярытэтаў УП на перыяд да 2020 года і абмяняліся думкамі па найбольш праблемных пытаннях міжнародных адносін, уключаючы сітуацыю ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне». Аднак больш важнае для шараговых беларусаў тое, што ў чарговы раз Макей абмеркаваў з еўрапейскімі калегамі пагадненне аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі.

Менавіта ад гэтых пагадненняў залежыць калі не спрашчэнне візавага рэжыму з Еўропай, то зніжэнне кошту «шэнгену» з 60 да 35 еўра. Пра гэта кажуць ужо даўно, падрыхтоўка пагаднення — увесь час «на фінальнай стадыі». Але калі настане гэтая «фінальная стадыя» — дасюль не вядома.

Вось і зараз Макей сказаў, што «нашы партнёры» ў апошні час уключылі ў тэкст пагаднення «некаторыя пасажы», якія патрабуюць далейшага абмеркавання. Мяркуючы па ўсім, маецца на ўвазе Літва і яе дадатковыя патрабаванні адносна будаўніцтва БелАЭС.

Між тым, еўрапейцы настроеныя аптымістычна. Прадстаўніца ЕС у РБ Андрэа Віктарын спадзяецца, што пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму можа быць падпісана да канца 2018 года. А можа быць і не падпісана. З яе слоў вынікае, што замінка — на беларускім баку.

І гэта тым больш важна, што сёлета Еўрасаюз заявіў пра запланаванае павышэнне кошту шэнгенскіх віз — з 60 да 80 еўра. Калі беларускі бок зноў будзе «тармазіць», беларусы, для якіх 20 еўра з’яўляюцца істотнымі грашыма, кепска падумаюць не пра Мінск, а пра Еўропу. Хаця вінаваты будзе ўсё ж Мінск.

Беларусь спрабуе ў чарговы раз запэўніць у братэрскіх адносінах Украіну. Яна вельмі важная для нас — хаця б таму, што з ёй у нас выдатныя эканамічныя адносіны. Гэта трэцяя краіна пасля Расіі і разам узятага ЕС па гандлі з намі. Больш за тое, у адрозненне ад Расіі і ЕС, мы з ёй гандлюем «у плюс» — то бок прадаём туды больш, чым там набываем. А значыць, зарабляем валюту.

Падаецца, да такога партнёра трэба ставіцца з увагай. Аднак нашага кіраўніка ўвесь час «заносіць». Да такой ступені, што шараговыя ўкраінцы ўсур’ёз задумваюцца: а ці браты ім беларусы?

Можна ўзгадаць некалькі праблемных момантаў, якія хацелася б, каб мы разабралі. Найперш, гэта не стрыманы на язык Аляксандр Рыгоравіч. Ён ужо некалькі разоў казаў, што праз мяжу ў Беларусь ідзе зброя з Украіны. Аднак памежная статыстыка сведчыць, што зброя (як ні дзіўна) ідзе не да нас, а ад нас. Больш за тое, 23 кастрычніка прайшла рабочая сустрэча галоўных памежных упаўнаважаных Беларусі і Украіны. Афіцыйна паведамляецца, што «бакі канстатавалі адсутнасць арганізаваных каналаў кантрабанды зброі, боепрыпасаў, выбуховых і іншых небяспечных рэчываў на сумесна ахоўным участку мяжы».

Але ёсць і іншыя пытанні, якія Пётр Парашэнка на форуме ў Гомелі мог бы паставіць перад беларускім калегам. Гэта не толькі занадта цеснае супрацоўніцтва з Расіяй — ворагам Украіны. Гэта, напрыклад, справа «ўкраінскага шпіёна» Паўла Шаройкі, які таямнічым чынам атрымаў у Сінявокай 8 гадоў зняволення. Гэта выкраданне на тэрыторыі Беларусі грама­дзяніна Украіны Паўла Грыба, які прыехаў у той жа Гомель, а апынуўся чамусьці ў СІЗА Краснадара. Гэта запуск у Беларусі ўкраінскага тэлеканала, пра які прынцыпова дамовіліся тры гады таму, але Мінінфарм кажа, што ім трэба «пачакаць і падумаць». Хаця «Беларусь 24» ідзе ва Украіне без праблем.

Не дадасць аптымізму і нядаўні Сінод РПЦ, праведзены ў Мінску. Хоць царква і аддзеленая ад дзяржавы, але ўсё ж: у Беларусі далі пляцоўку для апанентаў Кіева. Больш за тое, прэса пісала, што «Беларуская праваслаўная царква падтрымала рашэнне Сіноду РПЦ». Хаця на самай справе такога ўтварэння, як «Беларуская праваслаўная царква» дэ-юрэ не існуе. Так мы папросту называем тое, што афіцыйна завецца «Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату».

Карацей, ва Украіне вельмі шмат пытанняў да беларусаў. Застаецца толькі спадзявацца, што Лукашэнка ў чарговы раз здолее «забаўбатаць» Парашэнку і хаця б зрабіць упэўнены выгляд, што Сінявокая вельмі паважліва ставіцца да Украіны. Хаця, калі паглядзець на справы, а не на рыторыку, то ў гэтым сапраўды ўзнікаюць вялікія сумневы — на вялікі жаль.

Маштабны прарыў на дыпламатычным фронце выявіў яшчэ адну — спецыфічна праграмісцкую — праблему нашага ўраду. Гэта праблема са шматзадачнасцю. Калі ў адным месцы наш урад дзейнічае даволі паспяхова, у яго не застаецца сіл на нешта іншае. І пакуль мы прарываліся на фронце дыпламатычным — правалілі задачы па паляпшэнні дабрабыту.

Раней прэм’ер Беларусі Сяргей Румас казаў, што ў верасні краіна выйдзе на сярэдні заробак «па пяцьсот», і больш ён зніжацца не будзе. Не атрымалася. Па выніках верасня заробак знізіўся і склаў 963,6 рубля, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт. Гэта на 24 рублі ніжэй жнівеньскага паказчыка і «значна ніжэй ацэнкі ўрада».

«Падзенне выручкі з прычыны ваганняў курсу расійскага рубля не дазволіла многім прадпрыемствам падтрымаць існуючы ўзровень аплаты працы. Сярэдні заробак у рэальным сектары эканомікі склаў 1032 рубля, хоць і знізіўся да ўзроўню жніўня», — апраўдваецца кіраўнік урада.

Падаецца, разбудзі сярод ночы любога беларуса і запытайся ў яго, якім чынам Беларусь залежыць ад Расіі — і ён адкажа спічам на 15 хвілінаў без праблем. Але для ўрада ваганні курсу расійскага рубля ўвесь час з’яўляюцца сюрпрызам. У такіх варунках увогуле трэба было б адысці ад «планавага мыслення» і не рабіць (а тым больш не агучваць) прагнозы. Каб потым не трэба было апраўдвацца за іх невыкананне.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: