«Шчаслівы» мяч Сяргея Румаса

Прызначэнне Румаса і шэрагу віцэ-прэм’ераў выклікала небывалы рэзананс. З’явіліся розныя, часам фантастычныя тэорыі наконт сыходу Кабякова і кампаніі. Лічыцца, што гэта, хутчэй за ўсё, тактычны ход, які пераследуе кадравыя мэты. Але як на самай справе?

Ужо трэці дзень запар беларускае інтэрнэт-супольніцтва, эксперты і грамадскасць абмяркоўваць падзею 18 жніўня — змену вярхушкі ўрада і прызначэнне Сяргея Румаса на пасаду прэм’ер-міністра. Адны лічаць, што гэта ні на што не паўплывае: прынцыповыя палітычна-эканамічныя пытанні ўжо колькі год вырашае адзін чалавек. З іншага боку, маюцца даволі аптымістычныя меркаванні: новая каманда, маўляў, калі і не здольная забяспечыць адчувальны эканамічны рывок, усё ж мае магчымасць падвысіць жыццёвы ўзровень большасці насельніцтва.

Прыхільнікі такога падыходу звяртаюць асаблівую ўвагу на добрую адукацыю і адносна малады ўзрост як самога Румаса, так і ягоных намеснікаў: яны выгадна адрозніваюцца на фоне такіх лукашэнкаўскіх мастадонтаў як Мясніковіч, Кабякоў, Сямашка, Калінін, Ткачоў (апошні ў маі 2008 года на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай эканамічнай бяспецы, публічна ўхваліў эканамічны вопыт Валерыяна Куйбышава).
Сам Румас, старшыня АБФФ, які даў згоду на сваё прызначэнне, напэўна, ведае, што параза на ўрадавым поле для яго будзе мець значна вялікя наступствы, чым няўдачы ў футболе.

Тым больш, здаецца, што Лукашэнка надае свайму фаварыту значную ўвагу, бо нездарма адпаведны ўказ быў падпісаны ў суботу — выхадны дзень. Вядома і іншае: калі Лукашэнка рашыўся на такі экстраардынарны крок, значыць, сітуацыя ў эканоміцы вельмі дрэнная.

Не першы раз


Прызначэнне Румаса і шэрагу віцэ-прэм’ераў выклікала небывалы рэзананс. З’явіліся розныя, часам фантастычныя тэорыі наконт сыходу Кабякова і кампаніі. Лічыцца, што гэта, хутчэй за ўсё, тактычны ход, які пераследуе кадравыя мэты.

Але ж аніякай сенсацыі ў сённяшняй замене ўрадавай вярхушкі няма. Такія прэцэдэнты мелі месца і шмат гадоў таму. Так, 10 ліпеня 2003 года Лукашэнка падпісаў указ №303 «Аб прыцягненні да адказнасці службовых асобаў, якія не забяспечылі выкананне даручэння прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь». Гаворка ішла аб невыкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы аб забеспячэнні поўнай і своечасовай выплаты заработнай платы працаўнікам аграпрамысловага комплекса рэспублікі і пагашэнні запазычанасці перад насельніцтвам і сельскагаспадарчымі арганізацыямі за здадзеную сельскагаспадарчую прадукцыю, а таксама за фальсіфікацыю справаздачных звестак па гэтых пытаннях.

У выніку свае пасады страцілі прэм’ер-міністр Генадзь Навіцкі, віцэ-прэм’ер Аляксандр Папкоў (11 кастрычніка 2016 года Лукашэнка прызначыць Папкова членам Савета Рэспублікі) і міністр сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання Міхаіл Русы (апошні ў якасці віцэ-прэм’ера з вечна сумна-трагічным выразам твару, дарэчы, ацалеў у сённяшняй аршанскай мясарубцы). Па шапцы тады атрымалі кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Урал Латыпаў, старшыня дзяржаўнага кантроля Анатоль Тозік, міністр гандлю Кулічкоў, «мэр» Мінска Паўлаў, а таксама шэраг «губернатараў»: Васіль Даўгалёў, Мікалай Дамашкевіч, Уладзімір Саўчанка, Аляксандр Якабсон.


Справа Вайтовіча: як пазбавіліся ад старшыні Савета Рэспублікі


Неўзабаве Навіцкі быў абраны старшынёй Савета Рэспублікі замест апальнага Аляксандра Вайтовіча. У сваім выступе Навіцкі заявіў, што «премьер-министр — это наконечник бура, который надо чаще менять».

Ці не зменіць Кабякоў Мясніковіча?

З яўнымі парушэннямі


Пры з’яве Румаса народу грамадскаць звярнула ўвагу на парушэнне Канстытуцыі. Прэзідэнцкі ўказ №327 ад 18 жніўня 2018 года прызначаў Сяргея Румаса прэм’ер-міністрам паводле пункта 6 артыкула 84 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь «с последующим согласованием его назначения с Палатой представителей Национального собрания Республики Беларусь». Аднак у пункце 5 артыкула 106 Асноўнага Закона гаворка дакладна ідзе пра тое, што прэзідэнт спачатку павінен прапанаваць кандыдатуру прэм’ер-міністра, а Палата прадстаўнікоў не пазней чым праз два тыдні павінна была прыняць адпведнае рашэнне.

Эксперты звярнулі ўвагу, што такім чынам («последующее согласование») у канцы снежня 2014 года прызначаўся папярэднік Румаса Кабякоў. Незалежныя эксперты звярнуліся нават за кансультацыяй да былога старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча, які патлумачыў, што Палата прадстаўнікоў павінна даваць сваю згоду, калі б у Канстытуцыі было прапісана папярэдняе ўзгадненне. Аднак паважаны Рыгор Аляксеевіч, напэўна, забыўся, што папярэдняе ўзгадненне Палаты прадстаўнікоў выкарыстоўвалася, пачынаючы з Сяргея Лінга, які замяніў апальнага Міхаіла Чыгіра. Праўда, не па ўсіх прэм’ер-міністрах выкарыстоўваўся двухтыднёвы тэрмін. Напрыклад, Сяргей Сідорскі быў прызначаны (замест Навіцкага) выконваючым абавязкі прэм’ер-міністра ў ліпені 2003 года, аднак канчаткова зацверджаны ў снежні 2003 года (паўнавартасную канстытуцыйную працэдуру прызначэння Сідорскі прайшоў ў красавіку 2006 года).

Ранейшыя прэм’еры Сяргей Лінг і Уладзмір Ярмошын чакалі амаль месяц свайго сапраўднага прызначэння.
Таксама па класічным сцэнары прайшоў Генадзь Навіцкі. 1 кастрычніка 2001 года ён стаў выконваючым абавязкі прэм’ер-міністра, а 10 кастрычніка са згоды Палаты прадстаўнікоў — «сапраўдным» прэм’ер-міністрам.

Канстытуцыйная норма прызначэння прэм’ер-міністра была парушана 28 снежня 2010 года, (пасля брутальнага разгрому Плошчы), калі на гэтую пасаду быў прызначаны Міхаіл Мясніковіч (27 студзеня 2011 года была склікана нечарговая сесія Палаты прадстаўнікоў), што сведчыла пра дэвальвацыю заканадаўчай улады.

Паміж Сцылай і Харыбдай


Адна з істотных праблемаў сістэмы органаў дзяржаўнаў улады ў незалежнай Беларусі тычыцца юрыдычнага статусу і паўнамоцтваў урада. Пачынаючы з 1990 года распрацоўшчыкі праекта новай беларускай Канстытуцыі шмат увагі надавалі прэзідэнту і заканадаўчай уладзе (Вярхоўны Савет, Сойм). У выніку ўрад апыныўся ў становішчы «беднай папялушкі»: ён адначасова быў падправаздачным прэзідэнту і адказным перад парламентам. Кіраўнік урада не меў магчымасці сфармаваць сваю каманду, бо прызначэнні віцэ-прэм’ераў і міністраў былі ў кампетэнцыі ўрада.

Калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, то ўрад, аказаўся заціснутым паміж прэзідэнтам і новым пазаканстытуцыйным органам — адміністрацыяй прэзідэнта. Нездарма парламентарыі ў дзевяностыя імнуліся вырашыць такую праблему. Так, артыкул 18 закона Рэспублікі Беларусь ад 30 студзеня 1995 года (№№3557-XII) абвяшчаў, што Кабінет Міністраў у сваёй дзейнасці не падпарадкоўваецца прэзідэнцкай адміністрацыі. Зразумела, што Лукашэнка наадрэз адмовіўся падпісваць такі закон.

А што цяпер? Паводле закона ад 23 ліпеня 2008 года Савет Мінстраў Рэспублікі Беларусь нагадвае знакамітых крылоўскіх лебедзя, рака і шчупака, бо ў склад урада ўваходзяць зусім розныя цэнтры сілы: кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі, старшыня дзяржаўнага кантроля, старшыня праўлення Нацбанка. Цяжка ўявіць, якія, напрыклад, распараджэнні ці даручэнні будзе даваць Румас Качанавай, альбо Калаўру.

Таму першая задача любога новага прэм’ер-міністра — як мага болей падвысіць аўтарытэт свайго ведамства, умацаваць ягоны ўплыў на канстытуцыйным узроўні, атрымаць права на самастойнае фарміраванне ўрада.
Ці здольны на гэта Румас, які яшчэ ў 2013 годзе ў інтэрв’ю парталу tut.by хваліў Сінгапур за яго здольнасць спалучаць эканамічную ініцыятыву з жорсткай цэнтралізаванай уладай? Такія ягоныя высновы — не больш чым праўяленне лаяльнасці існаму рэжыму і своеасаблівая індульгенцыя за ільготы Банку развіцця. Аднак 18 жніўня 2018 года Румас нечакана для ўсіх стаў фармальна другім чалавекам у краіне.

Што зможа, а што не зможа Румас — пакажа толькі час.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-08-20 07:44:07
"Уплывовы банкір, які пасля 2012 г. ачольваў федэрацыю футбола, аказаўся няздольны давесці да ладу нават сваю ідэю пра новы спартыўны тэлеканал. Летась яе нібыта падтрымалі «наверсе» – і прыдушылі ціхенька. Няпроста сабе ўявіць, што гэты кандыдат эканамічных навук чагосьці рэальна дасягне ў буйнейшых мaштабах – ані каманду ён сабе не падбіраў, ані сам не цягне на Бальцаровіча. У лепшым выпадку – на Сяргея Кірыенку… Па-мойму, лепей бы ўжо коміка на гэтую пасаду паставілі, як у Славеніі: у чаканні 60-гадовага юбілею Белдзяржцырка (люты 2019 г.) мы тут прынамсі павесяліліся б". http://belisrael.info/?p=16351

Больш цікавага на «Новым Часе»: