«Шлях барацьбы за перамены будзе цяжкі, але беларусы змогуць збудаваць сучасную краіну»

Увечары 6 жніўня, заканчваючы вёрстку чарговага нумара «Новага Часу» і развітваючыся, мы казалі адзін аднаму: «Сустрэнемся на наступным тыдні ў новай краіне!» Хтосьці жартаваў: «У Канадзе!» Але ўсе ведалі, што за перыяд выбарчай кампаніі краіна стала іншай. Мы толькі не меркавалі, што настолькі.


Усе ўсведамлялі, што Лукашэнка не збіраецца аддаваць уладу, і, па яго ж выразе, «будзе трымацца за трон ссінелымі пальцамі». Але ніхто і не думаў, што стануць спраўджвацца самыя жорсткія і натхняючыя, злосныя і самаахвярныя, — карацей, самыя неверагодныя сцэнары. Нягледзячы на тое, што тры цудоўныя жанчыны нам неаднаразова казалі: «Беларусы, вы — неімаверныя!»

Прайшло сто дзён беларускіх пратэстаў, беларускага змагання. І ўжо можна падвесці пэўную рысу: у якой жа краіне мы прачнуліся пасля 9 жніўня. Гэта мы робім з палітолагам і публіцыстам Аляксандрам Класкоўскім.

— На вялікі жаль, прачнуліся мы ўсё ж (і жывем сёння) у вайскова-паліцэйскім рэжыме. Тое, што некалі малявалася толькі ў змрочных прагнозах палітолагаў і аналітыкаў, сёння становіцца рэчаіснасцю. Улада адкідае нават тыя драконаўскія законы, якія яна сама ж і напісала. Нейкі час таму, нагадаю, Лукашэнка, выступаючы перад кіраўніцтвам Генпракуратуры казаў, што іншым часам не трэба зважаць на законы. І мы бачым абсалютны прававы дэфолт, тое, што на крымінальным слэнгу называецца «беспределом», тут іншага слова не падбярэш. Сілавікі сёння дзейнічаюць «па-беспределу».

І не толькі сілавікі: да рэпрэсій падключаны ўсе дзяржаўныя структуры — і адміністрацыі прадпрыемстваў, і кіраўніцтва ВНУ, і ў сістэме адукацыі выкідаюць нязгодных, санстанцыі закрываюць бізнесы, якія спрабавалі далучыцца да страйку. Гэта проста прававы дэфолт, я ўжо не кажу пра маральны дэфолт улады. Фактычна тое, што мы сёння бачым у Беларусі, можна назваць гуманітарнай катастрофай.

Мы прачнуліся ў антыўтопіі, якая рэалізуецца ў Беларусі.


— Але пратэст і натхняе. Кажуць, што беларусы абудзіліся, і ўжо не толькі палітолагі, але і шараговыя грамадзяне ўяўна падзяляюць паняцці «краіна» і «дзяржава»...

— Іншымі словамі, за апошнія месяцы ў Беларусі паўстала моцная грамадзянская супольнасць, і паўстае палітычная нацыя. Зрэшты, гэта быў працэс, які спакваля ішоў не адзін год. І тут я б падкрэсліў ролю так званай «старой апазіцыі», хаця цяпер у яе збольшага кідаюць камяні, і сапраўды яна сёння трошкі «правісла», аказалася, за рэдкім выключэннем, збоку-прыпёку. Але ж тыя два з паловай дзесяцігоддзі, якія яна вяла ўпартую барацьбу супраць рэжыму, калі многія не разумелі сэнсу гэтай барацьбы, лічылі гэтых людзей дзівакамі, гэта пачало даваць свой плён. І адным з феноменаў стала тое, што бел-чырвона-белы сцяг, нацыянальная сімволіка, стаў сцягам пратэсту, сімвалам барацьбы супраць рэжыму Лукашэнкі.

Гэта адбылося нечакана: я сам думаў, што даволі доўга гэтая сімволіка будзе заставацца элітарнай, а яна стала народнай. Шматгадовая латэнтная праца, адукацыйная, агітацыйная, з грамадствам, тлумачэнне важнасці каштоўнасцяў дэмакратыі, свабоды, правоў чалавека, нацыянальнай самаідэнтыфікацыі — усё гэта ўрэшце пачало працаваць.

І ўвогуле, змянілася беларускае грамадства. Сёння калізія палягае ў тым, што мы маем грамадства ХХІ стагоддзя. Гэта сучасныя людзі, нацыя айцішнікаў, нацыя, якая да пандэміі актыўна вандравала па свеце, найперш, па Еўропе, якая трымала першае месца па колькасці выдадзеных шэнгенскіх візаў, нацыя з высокім узроўнем адукацыі. І таму гэтым людзям дзіка слухаць развагі правадыра, што ў 1990-я хадзілі ў лапцях, без штаноў, на тры дні было мукі, я палепшыў вам жыццё, і вы ледзьве не ногі мне павінны цалаваць цяпер. Гэта дзіўна для маладога пакалення, дый увогуле для прасунутай часткі грамадства, а цяпер, як мы бачым, і для бальшыні грамадства, якое хоча іншых стандартаў матэрыяльнага і духоўнага жыцця, хоча еўрапейскіх стандартаў і правоў чалавека.

Нацыя сёння на дзве галавы вышэйшая за яе правадыра, які ментальна застаўся ў папярэднім дзесяцігоддзі, у тых часах, калі на тле постсавецкага развалу, — і ў тым ліку развалу ў мазгах, — ён прыйшоў са сваімі заклінаннямі пра тое, што ён верне светлую мінуўшчыну.

Ён і цяпер сядзіць у гэтай мінуўшчыне — усе яго думкі звернутыя не наперад, а назад: «зрабіць, як было», то-бок вярнуць краіну ў сітуацыю да 8 траўня, калі ў краіне былі абвешчаныя выбары. Але гэта нагадвае спробы загнаць джына ў пляшку ці пасту ў цюбік. Гэта немагчыма — менавіта праз зрухі ў масавай свядомасці. Беларусь ужо ранейшай ніколі не стане. Ніякай стабільнасці пры Лукашэнку ўжо не будзе.


За гэтыя месяцы ў Беларусі ўзнікла прорва — не проста водападзел, а прорва, — паміж рэжымам і грамадствам, большай часткай беларусаў. Гэта цяпер выразна бачна. Раней Лукашэнка цвердзіў, што ён усенародна абраны прэзідэнт і адчуваў сябе харызматычным правадыром, якому ніякія пасярэднікі непатрэбныя. Ён нават не даваў стварыць партыю ўлады, і хацеў усю народную любоў усмоктваць адзін. А цяпер наверсе, я думаю, ёсць цвярозае разуменне, што яны трымаюцца толькі на дручках, і што паміж грамадствам і рэжымам — прорва.

З аднаго боку, працягваецца эксплуатавацца міфалогія, што выходзіць на вуліцы толькі купка адмарозкаў і крымінальнікаў-наркаманаў. З іншага — Лукашэнка пачынае сам сабе супярэчыць, кажучы, што выходзяць жыхары багатых кварталаў, з добрымі заробкамі. Чаго, маўляў, ім не стае?

Гэтыя развагі паказальныя: яны гучаць і ў словах Наталлі Качанавай, калі яна сустракалася са студэнтамі, і ў словах Уладізміра Караніка, прызначанага кіраваць Гарадзенскай вобласцю, калі ён дыскутуе ў нейкіх аўдыторыях. Гэтыя людзі ва ўладзе глядзяць на народ, як на нейкую масу, якую трэба загнаць у стойла і падкідаць корм, а калі пачынаецца нейкі бунт, для іх незразумела, «чаго ім яшчэ не стае».

То-бок слова «свабода» ў лексіконе кіроўнай вярхушкі ўвогуле няма. І таму цяжка спадзявацца на нейкі дыялог паміж прыхільнікамі перамен і тымі, хто там наверсе. Таму што ў іх увогуле розныя паняццёвыя апараты, страшэнная нестыкоўка ў светапоглядзе. Гэтая, з дазволу сказаць, сённяшняя «кіроўная эліта» ўжо апрыёры не можа нічога добрага даць беларускаму грамадству, бо яна засталася ў мінулым тысячагоддзі, яна мысліць феадальнымі катэгорыямі. Для іх тое, што адбываецца — «бунт прыгонных», трэба браць бізун і заганяць іх назад. І таму сапраўды, кіроўная вярхушка і грамадства — гэта людзі, якія жывуць у розных вымярэннях, у розных цывілізацыях, у розных галактыках у плане светапогляду, плане ментальнасці. Гэта антаганістычныя супярэчнасці, тут цяжка, на жаль, спадзявацца на нейкі кампраміс і «мяккі» выхад з крызісу.

— Да 9 жніўня мы разважалі пра магчымасці «Майдана» ў Беларусі і казалі, што гэта будзе «беларускі майдан». То-бок, ён будзе не падобны ні на ўкраінскі сцэнар, ні на армянскі, ні на грузінскі, ні на які-небудзь яшчэ…

— Феномен беларускага пратэсту ў тым, што ён — выключна мірны. Хаця ўлады імкнуцца паказаць тых, хто выходзіць на вуліцы, «радыкаламі і экстрэмістамі», — гэта пастаянна цвердзяць усялякія начальнікі ў пагонах. Адчуваецца, што ім патрэбныя нейкія інцыдэнты, правакацыі, каб потым у іх былі развязаныя рукі. Аднак гэтая прапагандысцкая карцінка не вымалёўваецца. Так, ёсць асобныя інцыдэнты, таму што розныя людзі выходзяць на пратэсты, але гэтыя інцыдэнты збольшага звязаныя з выпадкамі самаабароны. А пратэст — фенаменальна мірны. Ужо сталі хрэстаматыйнымі прыклады, калі людзі выходзілі на акцыі і развешвалі мяхі для смецця, ці здымалі абутак, калі станавіліся на лавы, і гэтак далей.


У гэтым, некаторыя мяркуюць, слабасць і хіба беларускага пратэсту. Асабліва ўкраінскія каментатары ў сацсетках закідалі беларусам нерашучасць. Маўляў, дзе паленне пакрышак, дзе «кактэйлі Молатава»…. Потым, калі ў чарговы раз адбыліся падзеі ў Кіргізіі, таксама хто-кольвек стаў ківаць на гэты прыклад: маўляў, кіргізы ў трэці раз кіраўніка зрынулі, а вы ўсё кветкі сілавікам дорыце...

Я мяркую, што гэтыя папрокі ўсё ж не маюць пад сабою рацыі, яны некарэктныя. Усё ж у гэтым сіла беларускага пратэсту — маральная сіла. Калі ўявіць сабе нейкія іншыя варыянты дзеянняў — сілавікі адразу б раздушылі гэты пратэст, і мелі бы апраўданне. Усё адно з голымі рукамі супраць магутнай машыны сілавога блоку, якую за 26 гадоў стварыў Лукашэнка, і аснашчаў яе па апошняму слову тэхнікі, не папрэш.

Гэта ў бальніцах у нас можа быць дабітае і старое, яшчэ з савецкіх часоў, абсталяванне. На прадпрыемствах таксама яно можа быць. А паглядзіце, як з іголачкі апранутыя сілавікі, якія там шыкоўныя стрэльбы, якая новая тэхніка — вадамёты, і іншае. Таму наіўна спадзявацца, што, калі б пратэстоўцы дзейнічалі больш радыкальна, яны б перамаглі.

Кожны раз перад маршамі пратэсту з Уручча да Палаца Незалежнасці ідзе калона БТРаў з буйнакалібернымі кулямётамі — ведаючы пра гэта толькі дурань ці вар’ят можа заклікаць ісці на штурм таго ж Палаца Незалежнасці. Будуць штабелі трупаў, і проста страшэнная трагедыя.


Мірны пратэст, усё ж, я думаю, — сіла. Шлях барацьбы за перамены будзе доўгі і цяжкі, але ў выніку ёсць шанец, што беларусы змогуць збудаваць сучасную еўрапейскую краіну, краіну прававую, краіну, дзе правы чалавека, жыццё чалавека будуць найвышэй за ўсё. А калі адбываюцца гвалтоўныя рэвалюцыі, то часцяком новая ўлада працягвае гвалт, і гэта расцягваецца на гады і дзесяцігоддзі. Мы добра ведаем гэта на прыкладзе бальшавіцкага перавароту — гвалт пад прыгожымі лозунгамі «Уся ўлада народу».

Я бачу надзею ў мірным характары беларускіх пратэстаў, надзею на тое, што будзе збудавана грамадства больш справядлівае, больш цывілізаванае, больш дэмакратычнае. А не проста замест аднаго Лукашэнкі прыйдзе «Лукашэнка №2», і новая кіроўная вярхушка будзе здушваць іншадумцаў.

Іншая рэч, што сёння пратэст упёрся ў даволі моцную сцяну кансалідаванага аўтарытарнага рэжыму, які цяпер ужо без усялякіх перавышэнняў ператварыўся ў дыктатуру. Аказалася, што гэты рэжым мацнейшы, чым многім падавалася. Нагадаю, у некаторых апазіцыянераў была думка, што калі на вуліцы Мінска выйдзе 100 тысяч чалавек, — рэжым абваліцца. Мы бачылі і 200, і нават болей тысяч, а рэжым не абваліўся.

Гэта адна з праблемаў: праціўнікі Лукашэнкі ў барацьбе супраць рэжыму ніколі не заходзілі так далёка. Яны луналі ў эмпірэях, будавалі свае пражэкты, і не думалі пра рэальныя метады, шляхі і тактыку барацьбы. Сёння пытанне пра тактыку барацьбы з кансалідаваным аўтарытарным рэжымам стала рубам, таму што працяг пратэстаў, калі яны з шэрагу аб’ектыўных прычынаў пачынаюць згасаць — гэта проста, з гледзішча некаторых, кідаць людзей у мясарубку рэпрэсій. Можа, сапраўды варта падумаць пра нейкія іншыя тактычныя крокі? Але пакуль што, хаця штаб Ціханоўскай і яе каманда і кажуць пра змену тактыкі, моцнай канкрэтыкі яшчэ не бачна.

Хоць і неяк не заведзена крытыкаваць апанентаў Лукашэнкі, але я бачу, што каманда Ціханоўскай стала грашыць дэкларацыйнай улётачнай мовай старой апазіцыі. Там паўстаюць нейкія новыя сырыя структуры кшталту Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання, калі цяжка зразумець, у чым іх сутнасць і чым яны будуць займацца… Для праціўнікаў Лукашэнкі цяпер таксама абмаляваліся няпростыя канцэптуальныя выклікі. І ад таго, што яны адкажуць, таксама будзе залежыць перспектыва беларускай рэвалюцыі.

— Вы казалі пра закіды ўкраінскіх таварышаў наконт мірнасці пратэстаў. Але нам закідаюць яшчэ і тое, што, нібыта, гэта пратэст «не каштоўнасны». Маўляў, беларусы хочуць толькі скінуць Лукашэнку і не адказваюць на пытанне, куды пойдзе краіна — на Захад ці на Усход, якім будзе цывілізацыйны выбар…

— Давайце раскладзем па палічках. Гаворка ў такіх інтэнцыях вядзецца найперш пра ўступленне ў Еўрасаюз, еўраатлантычныя структуры. Украіна выбрала ў свой час такія арыенціры, і гэта стала трыгерам калізіі, якая вылілася ў Майдан 2013-2014 гадоў. Сапраўды, мы не бачым аналагу ў беларускім выпадку. Але гэта не азначае, што беларусам не цікавыя ці не блізкія еўрапейскія каштоўнасці.

І ў папярэднія гады сацыялогія паказвала: стаўленне беларусаў да перспектывы ўступлення ў Еўрасаюз становіцца ўсё болей стрыманым і прахалодным — як і да інтэграцыі з Расіяй, дарэчы, а тым больш, да ўступлення ў яе шасцю абласцямі. Умоўна кажучы, беларусы за апошнія гады сталі мысліць, можа, і не зусім у ізаляцыянісцкім ключы, але рабіць стаўку на нейтралітэт, на недалучэнне да нейкіх блокаў і альянсаў. Сацыялогія паказвала, што большасць беларусаў схіляецца да таго, што нам не трэба быць ні ў шчыльным саюзе з Расіяй, ні ўступаць у Еўрасаюз, — а будаваць сваю дзяржаву.

Аднак, як мы бачым па падзеях апошніх месяцаў, беларусы хочуць будаваць дзяржаву з сумленнымі выбарамі, дзяржаву, дзе працуе закон, дзяржаву без здушэння іншадумства, — а гэта і ёсць набор еўрапейскіх каштоўнасцяў. Дэ-факта, беларусы выступаюць за сучасную дзяржаву еўрапейскага кшталту. Таму я хачу падкрэсліць: не трэба блытаць лозунг уступлення ў Еўрасаюз і пытанне, ці падзяляюць беларусы еўрапейскія каштоўнасці. Гэта розныя рэчы.


Акрамя іншага, дзейнічае і глыбінны розум беларусаў, якія разумеюць, што не трэба дражніць рускага мядзведзя. Я ведаю, былі выпадкі, калі на пратэсты нехта выходзіў з еўрапейскім сцягам, яму раілі гэты сцяг схаваць. Не таму, што Еўропа брыдкая. А таму , што не варта дражніць Расію нейкімі лозунгамі, якія абуджаюць у суседкі экзістэнцыяльныя фобіі, што Беларусь зараз некуды сыйдзе, што натаўскія ракеты будуць стаяць недзе ў раёне Оршы, на падлёце да Масквы, і гэтак далей. І мне падаецца, што гэтыя лозунгі не педалююцца на ўзроўні апазіцыйных лідараў цалкам асэнсавана, а на ўзроўні шараговых пратэстоўцаў — падсвядома: не абуджаць падазрэнні ў антырасійскасці.

Хаця трэба адзначыць, што і сама Еўропа ў апошні час загрузла ў сваіх праблемах, і беларусы бачаць, як разумныя людзі, што Еўрасаюз — не такі зямны рай, як малявалі апазіцыянеры гадоў 15 таму, калі лозунг «Беларусь — у Еўропу!» быў у трэндзе. Гэта ўсё гаворыць на карысць разважлівасці.

— У нашых умовах прагнозы амаль не маюць сэнсу, але ўсё ж: якія сцэнары выйсця з гэтага ўжо даволі працяглага крызісу? Чым можа завершыцца гэтая сітуацыя?

— Ізноў жа, трэба разумець, пра што мы гаворым — пра вулічны пратэст ці пра барацьбу за перамены. Гэта таксама розныя рэчы. Вулічныя пратэсты, можа быць, будуць і згасаць з шэрагу прычын: тут і псіхалагічная стомленасць, і халодны сезон з кароткім светлавым днём, і рэпрэсіі, і плюс пандэмія. Усе гэтыя чыннікі працуюць супраць масавасці пратэстаў, таму паўстае пытанне пра змену тактыкі. Напэўна, найбліжэйшым часам штаб Ціханоўскай прапануе альтэрнатыўныя, іншыя формы пратэсту. Але, мякка кажучы, незадаволенасць беларусаў, — а фактычна, гронкі гневу, якія спеюць, — гэта нікуды не падзенецца, і нейкія новыя трыгеры непазбежна спародзяць новыя, мажліва, больш моцныя, хвалі пратэставай актыўнасці, у тым ліку і вулічнай.

Лукашэнка рыхтуе Усебеларускі народны сход. Потым, як можна зразумець, ён хоча зладзіць рэферэндум па новай Канстытуцыі. І калі ўсё гэта ён хоча рабіць па старых лекалах, калі захоча зладзіць рэферэндум па тым самым стылі, у якім правёў мінулую выбарчую кампанію, то гэта ўсё пагражае выбухам пратэстаў, які ўрэшце можа прывесці да зрынання рэжыму. Менавіта брутальны характар мінулай выбарчай кампаніі і тыя фальсіфікацыі, якія зашкалілі, і вывелі беларусаў на вуліцы.

А іначай правесці рэферэндум Лукашэнка не можа, таму што ступень падтрымкі яго палітыкі цяпер — ніжэй за плінтус. Застаецца зноў праводзіць чарговую электаральную кампанію «по-беспределу». І гэта можа вельмі моцна абурыць беларусаў.

Плюс, сам Лукашэнка прызнаў, што насоўваецца і эканамічны крызіс. Ён не ведае, што рабіць з эканомікай, але сказаў, што будзе прадухіляць гэтую меркаваную «гарачую вясну», і даў зразумець, якімі метадамі ён будзе гэта рабіць. Дый іншых метадаў, апроч задушэння, ён не ведае. Таму гэты комплекс чыннікаў, я думаю, будзе абвастраць супрацьстаянне, глыбіню беларускага палітычнага крызісу. Як бы шчыльна гэтую накрыўку катла не прыціскаў рэжым, праз нейкі час яе, безумоўна, зноў сарве.


Барацьба будзе працягвацца. А рэсурсы рэжыму змяншаюцца і растаюць. Ідзе эрозія сістэмы, нейкія людзі ад яе адколваюцца. Ідзе браджэнне ў элітах, у тым ліку і ў сілавых структурах, проста не ўсё выходзіць на паверхню. Але нават і па кадравых перастаноўках мы бачым, што Лукашэнка непакоіцца, турбуецца, і відаць, не зусім упэўнены у надзейнасці сілавікоў.

Я думаю, што з вертыкаллю і сілавікамі латэнтна спрабуе працаваць і Масква — дзеля свайго інтарэсу, таму тут могуць быць усялякія варыянты, не выключаны і «палацавы пераварот» на пэўным этапе крызісу рэжыму.

Становішча Лукашэнкі і яго атачэння з цягам часу будзе станавіцца ўсё болей хісткім. Наколькі гэта працягнецца — тут, канешне, прагназаваць няўдзячна. Я думаю, што і ва ўдзельнікаў пратэсту, і ў каментатараў знікла эйфарыя сярэдзіны жніўня, калі падавалася, што тыдзень-два — і Лукашэнка будзе звалены. Цяпер зразумела, што агонія рэжыму можа расцягнуцца і на гады, — калі будзе ўсталяваная жорсткая, менавіта вайскова-паліцэйская дыктатура, калі краіна будзе ператвораная фактычна ў вялікі канцлагер. Змрочная ноч у Беларусі можа зацягнуцца — да гэтага таксама трэба быць маральна гатовым і тым, хто змагаецца за новую Беларусь. Але «трэба быць спакойным і ўпартым», як спявалася ў старой песні.

— То-бок, як казала Ціханоўская, «нашае змаганне — марафон, але мы не сыйдзем з дыстанцыі»?

— Гэта можа быць марафон, і звышмарафон, і будуць ставіць падножкі, збіваць з ног тых, хто выправіўся ў гэты марафон. Але трэба бачыць мэту, трэба яго працягваць, іншага выйсця няма. І я думаю, што самі беларусы ўжо не згодныя жыць пры гэтым рэжыме. Пытанне толькі пра метады барацьбы і пра тэрміны беларускай рэвалюцыі.

Мірны характар беларускіх пратэстаў, гуманістычныя ідэалы, якія ўздымаюцца на шчыт, дае надзею, што змены ў Беларусі, — а яны непазбежныя, — будуць усё ж у кірунку пабудовы сучаснай дэмакратычнай прававой дзяржавы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: