Штаб Бабарыкі: Закрыты суд адхіліў скаргі Святланы Купрэевай і яе адваката на затрыманне

Увечары 16 чэрвеня, на некалькі дзён пазней за належны па законе тэрмін, суд Маскоўскага раёна Мінска разгледзеў скаргі Святланы Купрэевай і яе адваката на затрыманне. Пасяджэнне суда праходзіла ў закрытым рэжыме, аднак вядома, што абедзве скаргі былі адхіленыя, паведаміў TUT.BY штаб Віктара Бабарыкі.
Віктар Бабарыка, фота tut.by

Віктар Бабарыка, фота tut.by

Абарона настойвае на адсутнасці падстаў для затрымання, таму пастанова суда Маскоўскага раёна будзе таксама абскарджана ў вышэйстаячы суд. Звестак аб прад'яўленні Купрэевай абвінавачвання не маецца. З гэтага вынікае, што Купрэева ​​застаецца пад вартай у якасці падазраванай.

— Пастанова аб ужыванні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту атрымана абаронай толькі ўвечары 15 чэрвеня. Ужо 16 чэрвеня адвакатам пададзеная скарга ў суд на меру стрымання. Гэтая скарга яшчэ не разгледжаная. Дачыненне Купрэевай да якіх-небудзь супрацьзаконных дзеянняў выклікае вялікія сумневы, паколькі яна не працавала ні ў Белгазпрамбанку, ні ў адной з фірмаў, дзе праходзілі ператрусы. Яна толькі з'яўляецца сяброўкай Віктара Бабарыкі. Грамадскасць звязвае пераслед Купрэевай з тым, што яна была ў ініцыятыўнай групе Бабарыкі, — заяўляюць у штабе прэтэндэнта ў прэзідэнты.

Для наведвання Купрэевай ў СІЗА КДБ адваката не дапусцілі ні 16 чэрвеня, ні да гэтага са спасылкай на каронавірус. Пры гэтым у іншых следчых ізалятарах спатканні адвакатаў з падабароннымі праводзяцца. Па факце немагчымасці наведвання Купрэевай у СІЗА КДБ для аказання ёй юрыдычнай дапамогі пададзеная скарга ў Генеральную пракуратуру.

 Штаб Віктара Бабарыкі патрабуе спыніць беспадстаўныя пераследы сваіх прыхільнікаў, — заяўляе каманда Бабарыкі.

Нагадаем, 11 чэрвеня раніцай працаўнікі ДФР забралі з дому і павезлі ў СІЗА КДБ сяброўку сям'і Віктара Бабарыкі і сябра ягонай ініцыятыўнай групы, каардынатара па адным з раёнаў Мінска Святлану Купрэеву. Яе сябры распавялі TUT.BY, што яна была звычайным бухгалтарам, ніколі ніякага дачынення да Белгазпрамбанку і іншых кампаніяў, дзе нядаўна прайшлі ператрусы, яна не мае. А Віктар Бабарыка ўдакладніў, што іх са Святланай звязваюць выключна сяброўскія, а не дзелавыя адносіны.

Алена Танкачова, tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: