Што ад нас спрабуюць схаваць?

Безумоўна, галоўнай падзеяй тыдня сталі ператрусы ў найбуйнейшых беларускіх інфармацыйных цэнтрах — партале TUT.BY і кампаніі БелаПАН. Зразумела, большасць каментатараў у афіцыйную версію — чытанне навінаў БелТА пад чужым паролем — не вераць.
Фота www.comments.ua

Фота www.comments.ua

Канешне, адразу ўзнікае шмат версій такіх паводзінаў уладаў. Гэта і эканамічная (выдаленне канкурэнтаў), і палітычная («зачыстка» перад нейкімі значнымі грамадскімі кампаніямі). Але ў любым выпадку «наезд» на прэсу азначае, што ад грамадства імкнуцца нешта схаваць.

Як мяркуе Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, схаваць ад нас спрабуюць кепскую эканамічную і палітычную сітуацыю. «Я мяркую, нас чакаюць эканамічныя ўзрушэнні. Гэта адчуваецца, ёсць пэўныя штуршкі. І да таго ж, ускладненне адносін з Расіяй, якая ўсё часцей кажа: мы не будзем вас карміць, а калі і будзем, то вы павінны жыць на нашых умовах. Гэта час ад часу і прарываецца ў Лукашэнкі, калі ён кажа, што мы можам увайсці ў склад іншай дзяржавы», — адз­начыла Алексіевіч у інтэрв’ю «Радыё Свабода».

Тое, што эканамічная сітуацыя ў краіне пагоршае, зразумела і з дзеянняў улады. Напрыклад, Лукашэнку ўжо падалося недастатковым тое, што ён ператварыў краіну ў Лас-Вегас, і сюды прыязджаюць расіяне, каб згуляць у казіно. Сваім указам №305, які ён падпісаў 7 жніўня, у Сінявокай легалізаваныя і арганізацыя і правядзенне азартных гульняў у інтэрнэце з дапамогай віртуальнай гульнявой установы (анлайн-казіно). Адначасова быў падпісаны і ўказ №309, які павялічвае памер прызавога фонду для электронных латарэй да 95% ад агульнага аб’ёму прынятых латарэйных ставак. Тут ужо кажацца не саромеючыся: «Гэтая мера накіравана на… павелічэнне аб’ёмаў рэалізацыі латарэйнай прадукцыі і, як следства, грашовых паступленняў у бюджэт для фінансавання мерапрыемстваў сацыяльнага характару».

То бок, грошай не хапае катастрафічна. А таму беларусаў падсаджваюць на азартныя гульні — каб больш грошыкаў трапляла ў бюджэт.

Такімі тэмпамі неўзабаве спраўдзіцца мара Яраслава Раманчука, які ў адным са сваіх допісаў прапанаваў легалізаваць у Беларусі марыхуану. Бо калі ўжо ісці — дык ісці да канца: дактары кажуць, што гульнявая залежнасць мала чым адрозніваецца ад наркатычнай альбо алкагольнай.

Можа быць, ад нас спрабуюць схаваць і, так бы мовіць, сацыяльныя скандалы. З аднаго боку, той самы Следчы камітэт не знайшоў крыміналу ў гучнай «справе Коржыча»: салдата, якога знайшлі павешаным у падвале вайсковай часткі ў Печах са звязанымі нагамі і майкай на галаве — маўляў, гэта было самазабойства. Хаця і вожыку зразумела, што для самазабойства не трэба ані ногі звязваць, ані майку на галаву нацягваць. З другога боку, скандалы шырацца. На тыдні высветлілася, што прапаршчык адной вайсковай часткі з мінулай восені вынес са складу сорак адзінак зброі — аўтаматы, пісталеты Макарава, гранаты, патроны. Падазраваны нібыта проста клаў аўтамат у заплечнік і праходзіў праз КПП.

Верагодна, улады не вельмі хочуць, каб мы ведалі і пра іх асабістае жыццё. Напрыклад, пра тое, што Марыяна Шчоткіна дабудавала катэдж у Драздах плошчай больш за 400 квадратных метраў. Шчоткіна атрымала ў элітным пасёлку ўчастак 11 сотак з правам пажыццёвага спадчыннага валодання яшчэ ў верасні 2012 года. Тады яна з’яўлялася міністрам працы і сацыяльнай абароны. Нядаўна спартсменка Аляксандра Герасіменя, якая атрымала зямлю ў Драздах–2 адной з апошніх, распавяла аб механізме: за такія ўчасткі плаціць не трэба ўвогуле нічога, гэта свайго роду падарунак ад дзяржавы. На рынку такі ўчастак без будынкаў каштуе $400–500 тысяч.

То бок, разам з катэджам маёмасць Шчоткінай, якая казала, што мужчына павінен «круціцца» на двух-трох працах, і была аўтаркай падатку для беспрацоўных, цягне на такі кошт, што шараговы беларус за жыццё не заробіць.

Значна больш каментатараў звязваюць падзеі вакол БелаПАНу і TUT.BY з нядаўнім злівам расійскага «інсайдэрскага» тэлеграм-каналу «Незыгарь» пра мажлівы інсульт у Аляксандра Лукашэнкі. Варта зазначыць, што менавіта інтэрнэт-газета кампаніі БелаПАН Naviny.by дагрукалася да «Незыгаря», аўтары якога казалі: «Нам цікавыя краіны, якія знахо­дзяцца ў стадыі транзіту ўлады. У Беларусі працэс самабытны і востры. Ёсць запыт на змену ўлады, на абнаўленне. І ёсць махровы архаічны трэнд утрымаць уладу ў сям’і, перадаць свайму вывадку».

Такім чынам, падставай для таго, каб закрыць рот журналістам, можа быць якраз інфармацыя (альбо сцэнары) па «транзіце ўлады». Тыя самыя ўлады ўжо доўга маўчаць наконт раней агучаных і дыскутуемых ідэяў: перанос даты прэзідэнцкіх або парламенцкіх выбараў, магчымы рэферэндуме па змене Канстытуцыі. Чуткі пра інсульт у кіраўніка дзяржавы аўтаматычна цягнуць за сабою пытанні, ці можа ён браць удзел у наступнай прэзідэнцкай кампаніі і хто будзе замест яго. І гэтак далей…

Але пра што розныя аналітыкі папярэджвалі сілавікоў, і на што сілавікі (можа быць, і цалкам свядома) не звяртаюць увагі? Папярэджанні тычыліся якраз разбурэння айчыннай медыяпрасторы. Таго, што «святое месца пустым не бывае», і, калі вынішчыць айчынныя сродкі масавай інфармацыі (хай яны хоць сто разоў «апазіцыйныя»), на іх месца прыйдуць рэсурсы расійскія. Балазе, у нас адзіная моўная прастора, і камунікацыйнага бар’еру не ўзнікае. І вось пуцінскім СМІ, якія наскрозь прасякнутыя імперскасцю, кісларод не перакрыеш. І розныя «Незыгары» атрымаюць поўную свабоду дзеянняў — у тым ліку ў падрыхтоўцы інфармацыйнай вайны, прапагандзе «рускага міру», «ціхай анексіі» Расіяй Беларусі і гэтак далей.

TUT.BY і БелаПАН, як бы яны не мулялі вока ўладзе, усё ж знаходзяцца на прабеларускіх пазіцыях у стаўленні да яе дзяржаўнасці. Можна колькі заўгодна казаць пра іх «апазіцый­насць», але нельга адмовіць, што яны — патрыятычныя ў лепшым сэнсе гэтага слова. І больш за тое — з’яўляюцца важным складнікам інфармацыйнай бяспекі такой дзяржавы, як Рэспубліка Беларусь.

Можа быць, менавіта гэта камусьці не падабаецца?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Андрэй зь Віцебска
  • 2018-08-13 09:39:00
Аўтару:
Калі дапусьціць, што зачыстка ў асяродку незалежных СМІ ў Беларусі была загадзя распрацавана, падрыхтавана і ініцыявана з Масквы, ці складваецца "puzzle"? Ці застаюцца пытаньні да мясцовага прамаскоўскага акупацыйнага рэжыму наконт вынішчэньня патрыятычных СМІ?
Мяркую, што не, бо ўсё становіцца раптам зразумелым і лягічным! Праўда?
  • Anatol Starkou
  • 2018-08-13 12:02:18
Нават не дачытаў гэтага б-ч-б праўдаруба. Толькі да марыхуаны мяне хапіла. Хутчэй бы ўжо прыйшлі да ўлады бел-чырвона-белыя змагары ды ўсё ў нас стала бел-чырвона-белым. Тая ж ЗВЯЗДА і тая ж Советская Белоруссия, ды тое ж БТ стала бел-чырвона-белым. Толькі беларускі Тут бай застаўся б пад Зоркай Давіда, то бок адзіны Тут бай пры бел-чырвона-белай дэмакратыі быў бы не бел-чырвона-белым. Ну і амерыканскую СВАБОДУ амерыканцам прыйшлося б зачыніць. Нахалеры яна патрэбна будзе пры бел-чырвона-белай дэмакратыі?! Ну а эканоміка пры бел-чырвона-белых змагарах будзе квітнець і пахнуць. Бо ад Расеі адвернецца наша б-ч-б эканоміка. Бо інвестыцыі і заходнія супер-пупер тэхналёгіі папруць у б-ч-б дэмакратыю. А б-ч-б змагары папруць у Польшчу да Паноў і за клёцкі будуць тамака працаваць бел-чырвона-белымі дэмакратычнымі халопамі. Ну а Новы час б-ч-б дэмакраты пераназавуць у Стары час і перафарбуюць яго ў колеры сённяшняй СаўБепіі. Бо хоць тут у Старым часе павінна ж быць іншая не б-ч-б думка.

Каментаваць