Што агульнага ў каронавіруса і Лукашэнкі?

Апошнім часам мы добраахвотна заганяем сябе яшчэ і ў нейкую ментальную ізаляцыю, чытаючы і распаўсюджваючы навіны, дзе адзінай тэмай, альтэрнатыўнай каронавірусу, сталі… выбары, якіх у Беларусі няма, але якім чамусьці надаецца столькі ўвагі.

Пандэмія вырвала многіх нас з жыцця. Мы аказаліся ў сітуацыі, калі шмат якія звычайныя, але такія не заўважныя раней радасці аказаліся недаступнымі.

Перажываючы за тое, каб не прынесці вірус у свой дом і не падвергнуць небяспецы блізкіх, мы перасталі хадзіць у грамадскія месцы, нават паход у краму цяпер — выключная неабходнасць, а для некаторых — ледзь не адзіная магчымасць «выйсці ў свет». Як кажуць, дакаціліся.

Пагадзіцеся, без яскравых культурных падзей, сустрэч з сябрамі і блізкімі дый нават без традыцыйных выхадаў у любімую кавярню жыццё губляе свой смак.

А пачыналася самаізаляцыя (вядома, для тых, хто можа сабе яе дазволіць і не хадзіць штодня на працу) вельмі нават пазітыўна: з усіх бакоў даносіліся выказванні, маўляў, нарэшце будзе час заняцца спортам ці вывучыць замежную мову анлайн. Цікава, дзе цяпер тыя, хто планаваў шчыльна заняцца самаразвіццём? Пэўна, яны ёсць. Але значная частка тых, хто меў намер «пракачаць скілы» на каранціне, у лепшым выпадку, ледзь не штовечар публікуе ў сацсетках фотаздымкі з віном і піцай (спадарства, так і да алкагалізму з атлусценнем нядоўга!), у горшым — адчувае псіхалагічныя пакуты на тле перамены ладу жыцця.

Апошнім часам мы добраахвотна заганяем сябе яшчэ і ў нейкую ментальную ізаляцыю, чытаючы і распаўсюджваючы навіны, дзе адзінай тэмай, альтэрнатыўнай каронавірусу, сталі… выбары, якіх у Беларусі няма, але якім чамусьці надаецца столькі ўвагі, нібыта яны ёсць. Толькі ўдумайцеся: наш мозг атрымлівае інфармацыю альбо пра хваробу, альбо пра тое, чаго няма! Дзе ж тут захаваць здаровы глузд?

Так і хочацца сказаць: людзі, вяртайцеся ў рэальнасць! Вы ўжо паспелі паслухаць салаўёў гэтай вясной? А палюбавацца бурапеннай квеценню вішань? А злавіць цёплы момант сярод гэтага халоднага траўня і паваляцца на сакавітым лужку сярод маргарытак, адчуць пах свежай травы? Сустрэць усход сонца?.. Памятаеце, як у вядомым савецкім мульціку казаў Паравозік з Рамашкава: «Калі мы не сустрэнем світанак, мы можам спазніцца на ўсё жыццё».

Як бы смешна і наіўна гэта ні гучала, але, калі пачынаеш разумець, як шмат у жыцці вартага нашай увагі, усё астатняе адыходзіць на другі план. Безумоўна, каронавірус, бясконцыя парады кандыдатаў і чалавек, што ўжо 26 гадоў незаконна ўтрымлівае ўладу ў краіне, — гэта таксама частка нашага жыцця. Як і смерць. Але калі б чалавецтва ўвесь свой век думала толькі пра смерць, ці застаўся б яму час на жыццё? Урэшце, розум нам дадзены для таго, каб мы самі маглі вызначаць сваю рэальнасць.

Так, у жыцці шмат праблем. І пра іх, безумоўна, трэба казаць. Але ці варта ставіць іх у цэнтр жыцця? Адказ станоўчы — у тым выпадку, калі мы можам нейкім чынам іх вырашыць.

Часцей за ўсё, вымушана ці добраахвотна седзячы дома, мы проста забіваем час у інтэрнэце — і вось ужо не мы кіруем інфармацыяй, а інфармацыя — намі. Мы пішам і гаворым пра распаўсюджванне інфекцыі, хаванне рэальных лічбаў хворых і памерлых, адсутнасць сродкаў індывідуальнай абароны ў медыкаў, бяздзейнасць уладаў, рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў і журналістаў, таемныя намеры «кандыдатаў у кандыдаты»… Давайце шчыра сабе прызнаемся, што мы зрабілі для таго, каб нешта змяніць? Ці пайшлі ў валанцёры кампаніі ByCovid19? Ці ахвяруем грошы на дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу? Ці падтрымліваем уразлівыя групы? Ці пішам скаргі і звароты — самі альбо разам з праваабаронцамі?..

Калі так — гэта выдатна, і варта працягваць гэта рабіць. Калі не — то дзеля чаго засмечваць эфір? Каб выплеснуць эмоцыі? Звярнуць на сябе ўвагу? Дык замест гэтага лепш адкласці ўбок свой тэлефон ці адысці ад камп’ютара і пайсці ў бліжэйшы парк падыхаць паветрам і паслухаць спевы салаўёў. І для фізічнага здароўя карысна, і для псіхікі.

А там, можа, падчас шпацыру ў ясную галаву прыйдзе геніяльная і простая ідэя дапамогі гэтаму свету ці асобна ўзятаму бліжняму.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: